Top.Mail.Ru

Якія пытанні абмеркавалі дэпутаты сталіцы?

Каб людзям жылося лепш.


Днямі адбылася 11-я чарговая сесія Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў, падчас якой быў разгледжаны шэраг важных пытанняў. У тым ліку ўнясенне змяненняў у сталічны бюджэт, ход выканання мерапрыемстваў па праблемных пытаннях і наказах грамадзян, змяненне памеру штомесячнай даплаты да пенсій некаторых катэгорый грамадзян і не толькі. Карэспандэнт «Звязды» даведалася падрабязнасці.

  • Адно з пытанняў, якое абмяркоўвалася на сесіі, было прысвечана ходу работ па вырашэнні праблемных пытанняў і выкананню наказаў выбаршчыкаў, дадзеных падчас правядзення перадвыбарнай кампаніі па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў. Па выніках выбарчай кампаніі на разгляд і прыняцце мер рэагавання тады паступіла 143 праблемныя пытанні, якія датычацца будаўніцтва і рэканструкцыі ўстаноў адукацыі, добраўпарадкавання тэрыторый, будаўніцтва дарожнай інфраструктуры, аб’ектаў вулічнага гандлю, водазабеспячэння горада, будаўніцтва і рэканструкцыі спартыўных аб’ектаў, рамонту жылых дамоў і інтэрнатаў. 
Пра гэта паведаміў старшыня Пастаяннай камісіі Савета па самакіраванні і правапарадку Вячаслаў КУЗНЯЦОЎ. «На сёння вырашана ўжо 56 праблем, — адзначыў ён. — Да заканчэння бягучага года будуць выкананы яшчэ 34 мерапрыемствы, у 2026-м — 25. На кантролі ў Мінскім гарадскім Савеце дэпутатаў сёння застаецца 87 пытанняў рознай тэматыкі».

Старшыня Савета Рэспублікі, упаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы ў горадзе Мінску Наталля КАЧАНАВА падкрэсліла, што калі людзі давяраюць свае праблемы, значыць, гэты давер неабходна апраўдаць: «Наша агульная задача — рабіць так, каб людзям жылося лепш». 

Акрамя таго, на сесіі дэпутаты зацвердзілі карэкціроўкі сталічнага бюджэту і Інвестыцыйнай праграмы на 2025 год. Пра гэта падрабязней расказаў начальнік галоўнага фінансавага ўпраўлення Мінскага гарвыканкама Уладзімір ЖУКОВІЧ: 
«Агульны аб’ём даходаў бюджэту горада Мінска на 2025 год прапаноўваецца павялічыць, што разам з існуючай эканоміяй па асобных кірунках расходаў дазваляе павялічыць асігнаванні па шэрагу галін».
У прыватнасці, дадатковыя сродкі будуць накіраваны на бягучы рамонт жыллёвага фонду і прыдамавых тэрыторый, выкананне работ па рамонце ліфтаў і ўтрыманне аб’ектаў асвятлення, а таксама набыццё спецыяльнай камунальнай тэхнікі з мэтай належнага ўтрымання зялёных зон. Акрамя таго, грошы будуць выдзелены на капітальны рамонт устаноў аховы здароўя, павелічэнне зарплаты асобным катэгорыям работнікаў устаноў адукацыі ў сувязі са змяненнем з 1 мая ўмоў аплаты іх працы, капітальны і бягучы рамонт устаноў адукацыі і іх аснашчэнне, правядзенне культурна-масавых мерапрыемстваў, правядзенне бягучага рамонту будынка Белдзяржцырка, стварэнне і ўстаноўку памятнага знака ўдзельнікам Мінскага падполля. Акрамя гэтага, дадатковыя сродкі накіруюць на забеспячэнне функцыянавання органаў і падраздзяленняў МНС, мерапрыемствы па ахове навакольнага асяроддзя, стварэнне безбар’ернага асяроддзя для інвалідаў і фізічна аслабленых асоб, аснашчэнне АСВОД, а таксама на забеспячэнне і бягучы рамонт грамадскіх пунктаў аховы правапарадку. Акрамя гэтага, будзе павялічаны аб’ём Інвестыцыйнай праграмы.

Яшчэ ў ходзе сесіі было прынята рашэнне аб павелічэнні памеру штомесячнай даплаты да пенсій некаторых катэгорый грамадзян. Як растлумачыў старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінскага гарвыканкама Пётр ШУЦЬКО, гэта ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, у тым ліку інваліды Вялікай Айчыннай вайны, непрацоўныя інваліды баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў, члены сем’яў ваеннаслужачых, партызан і падпольшчыкаў, загінулых (памерлых) у гады Вялікай Айчыннай вайны, якія адносяцца да катэгорый ветэранаў, інвалідаў, пажылых людзей, а таксама непрацоўныя маці і сужэнцы ваеннаслужачых, якія не ўступілі ў новы шлюб, загінулых (памерлых) пры выкананні воінскага абавязку або службовага абавязку ў Афганістане або ў іншых дзяржавах, дзе вяліся баявыя дзеянні.
  • Колькасць атрымальнікаў дадзенай меры сацыяльнай падтрымкі на 1 мая 2025 года складала 406 чалавек.
Акрамя таго, рашэннем замацавана дадатковая мера сацыяльнай падтрымкі адзінокіх ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якія пражываюць у Мінску, у выглядзе вызвалення ад аплаты за сацыяльныя паслугі ў форме сацабслугоўвання дома, якія аказваюцца ТЦСАН. Па стане на 1 мая на ўліку ў ТЦСАН знаходзяцца 278 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны (145 удзельнікаў і інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны, 62 узнагароджаныя ордэнамі або медалямі СССР за самаадданую працу ў тыле ў гады Вялікай Айчыннай вайны, 71 жыхар блакаднага Ленінграда), з іх 209 чалавек з’яўляюцца адзінокімі.

ДАРЭЧЫ 

Перад пачаткам сесіі дэпутат Георгій КОЗЕЛ прэзентаваў Старшыні Савета Рэспублікі, упаўнаважанаму прадстаўніку кіраўніка дзяржавы ў горадзе Мінску Наталлі Качанавай творчыя работы навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця каледжа лічбавых тэхналогій у рамках рэалізацыі сацыяльна-дабрачыннага праекта «Моцныя духам». Карціны пісалі вядомыя людзі, мастакі разам з вучнямі: «Мы хочам гэтай выстаўкай прыцягнуць увагу да пытанняў і праблем, якія існуюць у людзей з абмежаванымі магчымасцямі, — адзначыў Георгій Козел. — У Беларусі вызначаны дзевяць устаноў сацыяльнай абароны, чые выхаванцы таксама паўдзельнічаюць у праекце. У снежні падчас акцыі «Нашы дзеці» будзе арганізавана выстаўка гэтых карцін, і мы плануем правесці аўкцыён».

Яна ВАЛАСАЧ.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю