Намеснік начальніка ўпраўлення па справах інвалідаў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Ева Зубкоўская расказала БелТА, якія прафесіі найбольш папулярныя ў людзей з інваліднасцю.
Для ўсіх беспрацоўных, уключаючы людзей з інваліднасцю, прапануецца больш за 100 прафесій для асваення і атрымання новых навыкаў, распавяла Ева Зубкоўская. «Калі чалавек страціў кваліфікацыю або з-за праблем са здароўем не можа працягваць працу па ранейшай спецыяльнасці, яму даступныя розныя варыянты перанавучання. Сярод найбольш запатрабаваных прафесій для людзей з інваліднасцю — ліфцёр, кіроўца пагрузчыка, прадавец, кантралёр-касір, швачка, кухар, аператар кацельні», — адзначыла яна.
Практычна любую рабочую прафесію могуць асвоіць людзі з інваліднасцю пры ўмове, што абраная праца адпавядае стану іх здароўя і патрабаванням па ўмовах працы, дадала яна. Навучанне арганізавана па ўсёй краіне ў адукацыйных установах і з’яўляецца бясплатным для тых, хто атрымлівае прафесію па кірунку службы занятасці.
Калі навучанне адбываецца ў іншым горадзе, чалавеку кампенсуюць праезд туды-назад і пражыванне за кошт сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва.