Прызнанне праблемы — першы крок да яе вырашэння. На нядаўнім пасяджэнні выканкама Беларускай федэрацыі гандбола абмяркоўвалі самыя балючыя пытанні. Бравіраваць дасягненнямі і дакладваць аб поспехах спецыялісты БФГ не прывыклі, таму і размова была адкрытая і прынцыповая. Гэта ўжо традыцыя гандбольных выканкамаў. Захавалі і яшчэ традыцыю — праводзіць пасяджэнні ў знакавых месцах. Гэтым разам выканкам федэрацыі гандбола прымаў Мінскі аўтамабільны завод.
«У свой час дзякуючы клубу СКА ў нас гандбол ператварыўся ў нацыянальны від спорту. І мы імкнёмся падтрымліваць гэты статус. Мы, на жаль, не дасягнулі тых вышынь 1980-х гадоў. Думаю, хутка разарвём гэту спартыўную блакаду дзякуючы нашаму Прэзідэнту і яго ўпартай працы і зноў выйдзем на еўрапейскую і сусветную арэну, — адзначыў старшыня Беларускай федэрацыі гандбола Уладзімір Канаплёў. — Самае галоўнае — мы глядзім у будучыню, а яна залежыць ад работы нашых дзіцячых трэнераў».
Менавіта развіццё дзіцяча-юнацкага спорту і падрыхтоўка рэзерву сталі ключавой тэмай пасяджэння выканкама. І калі ў мужчынскім гандболе сітуацыя больш-менш стабільная, то ў жаночым — працы непачаты край. Таму ўдзельнікі пасяджэння сканцэнтравалі ўвагу менавіта на ім, у прыватнасці на падрыхтоўцы рэзерву.
Як захаваць маладых спартсменаў...
Старшыня камісіі дзіцяча-юнацкага гандбола БФГ Наталля Карпіловіч сярод праблем на першае месца паставіла перадачу спартсменаў у вышэйшае звяно. Сітуацыя наступная: многія школьнікі займаюцца гандболам, але чым старэйшымі яны становяцца, тым больш людзей адсейваецца. Гэта натуральны працэс: падлеткі знаходзяць іншыя захапленні, засяроджваюцца на вучобе, некаторыя, на жаль, траўміруюцца, прычын мноства. «Але разам з гэтымі аб’ектыўнымі адборамі ўзнікае праблема адтоку спартсменаў пасля дзявятага класа. У нас няма паўнавартаснага злучальнага звяна паміж спартыўнымі школамі і спартыўнымі клубамі. Ёсць рэспубліканскае вучылішча алімпійскага рэзерву ў Мінску, куды трапляюць самыя перспектыўныя дзеці з усёй краіны, але колькасць месцаў там абмежавана. Цяпер у вучылішчы навучаецца ўсяго 27 гандбалістак 2006–2009 гадоў нараджэння. А ўсяго па краіне 157 спартсменак гэтага ўзросту: 27 навучаюцца ў вучылішчы, усе астатнія — непрыкаяныя дзеці», — адзначыла Наталля Карпіловіч. Частка дзяцей гуляе ў фармкамандах пры клубах, і гэта для іх нядрэнная матывацыя — развівацца ў гандболе. Аднак такая магчымасць ёсць далёка не ва ўсіх.
Аптымальным вырашэннем гэтай праблемы бачыцца адкрыццё аддзяленняў гандбола ў абласных вучылішчах алімпійскага рэзерву. «Але там павінны вучыцца не 2-3 гандбалісткі, а мінімум 12–14 чалавек. Толькі так мы зможам захаваць максімальную колькасць канкурэнтаздольных дзяўчат для перадачы іх у вышэйшае звяно. І, само сабой, узнікае дадатковая гульнявая практыка для такіх дзяцей у выглядзе рэспубліканскай спартакіяды вучылішчаў. Трэнеры, кіраўнікі школ у рэгіёнах не супраць аддаваць самых перспектыўных дзяўчынак у рэспубліканскае вучылішча алімпійскага рэзерву. Але застаюцца другія нумары, застаюцца дзеці, якія развіваюцца крыху пазней. Вось для такіх нам і патрэбна адкрыццё аддзяленняў гандбола ў абласных вучылішчах», — растлумачыла Наталля Карпіловіч.
...і прыцягнуць маладых трэнераў
Не менш актуальнае пытанне — трэнерскія кадры. Сумна, але факт: маладыя спецыялісты не рвуцца працаваць у дзіцяча-юнацкім спорце. І прычын таму — процьма: ад зарплаты да ўмоў працы. А ў некаторых раёнах ім проста няма дзе працаваць, бо многія школы ў рэгіёнах не маюць сваіх баз.
Наталля Карпіловіч падкрэсліла, што найбольш прыдатны варыянт вырашэння гэтай праблемы — мэтавае накіраванне. «Калі кіраўнік спартыўнай школы зацікаўлены ў развіцці гандбола, ён павінен знайсці здольнага маладога чалавека і арганізаваць яму мэтавае накіраванне. Многія пасля заканчэння школы не могуць будаваць прафесійную кар’еру, але са спорту не хочуць сыходзіць.
Чаму б такога гульца не накіраваць вучыцца, каб праз час ён вярнуўся ў родную школу ўжо як адукаваны падрыхтаваны трэнер?» — заўважыла Наталля Карпіловіч. Калі верыць статыстыцы, то сёння па краіне 61 трэнер працуе менавіта з дзяўчынкамі. Здавалася б, лічба важкая, але шмат у якіх школах жаночы трэнер працуе і з дзяўчынкамі, і з хлопчыкамі розных узростаў. Такая праблема назіраецца ў Віцебску, Оршы, Маларыце і іншых школах. «Самі разумееце: аб якой якасці работы можна гаварыць, калі трэнер вымушаны разрывацца на некалькі груп», — падкрэсліла Наталля Карпіловіч.
«Пасля нашага выканкама мы павінны зафіксаваць усе праблемы і перадаць іх у мясцовыя органы ўлады. Трэба дакладна разумець, якія пытанні павінны вырашаць мясцовыя ўлады, якія — Міністэрства спорту, якія — федэрацыя гандбола. Маладыя спецыялісты — гэта адно з самых хворых пытанняў. І вырашаць яго трэба сумесна», — адзначыў Уладзімір Канаплёў.
«Трэнер, які працуе ў спартыўнай школе, асабліва з дзецьмі ў групах пачатковай падрыхтоўкі, — ад яго залежыць, ці будзе гэта дзіця гуляць у гандбол. Усе, хто працуе з дзецьмі, ведаюць, што спачатку дзіця трэба зацікавіць сабой. Калі дзіцяці спадабаецца трэнер, ён замест планшэта і тэлефона будзе бегчы на трэніроўку», — заўважыла Наталля Карпіловіч.
Рэгіёны павінны быць у цэнтры
Усяго ў пасяджэнні выканкама Беларускай федэрацыі гандбола ўдзельнічалі больш за 100 спецыялістаў з усёй краіны. І ў кожнага была магчымасць адкрыта падзяліцца тым, што набалела. Марына Церашкова, трэнер па гандболе СДЮШАР № 2 з Наваполацка, паскардзілася на тое, што ў горадзе няма базы для заняткаў гандболам. «Трэніроўкі ў дзяўчынак пачынаюцца ў 7.15 раніцы ў спарткомплексе „Хімік“, які належыць хакейнаму клубу. У якім стане дзеці могуць прыйсці, прачнуўшыся а шостай раніцы? Што з імі можна рабіць?» — паскардзілася трэнер. Аднак наваполацкая каманда дзяўчынак 2009–2010 гадоў нараджэння — чэмпіёнкі краіны ў сваім узросце. У Віцебскай вобласці праводзіцца вельмі мала спаборніцтваў, таму каманда з Наваполацка вымушана ездзіць па ўсёй краіне, на што часта не хапае грошай.
«Мы на сваім узроўні неаднаразова звярталіся да мясцовай улады і працягваем гэта рабіць. Не ўсё на ўзроўні рэспублікі так змрочна і дрэнна, як у вас у Наваполацку. Але справа ў тым, што ў Наваполацку і ў Полацку няма адпаведных спартыўных устаноў, дзе можна было б працаваць, як у Мінску, Брэсце, Магілёве. Гэта тое пытанне, якое павінна вырашаць мясцовая ўлада на сваім узроўні. І сорамна павінна быць нам, кіраўнікам федэрацыі, што мы мала бываем у тых мясцінах і займаемся гэтымі пытаннямі менавіта па Віцебскай вобласці. Хоць Віцебская вобласць і раней, і цяпер дала нямала цудоўных гульцоў, якія папаўнялі і папаўняюць нашу зборную», — заўважыў Уладзімір Канаплёў. Самы яркі выхаванец віцебскай гандбольнай школы — Мікіта Вайлупаў — гулец венгерскага клуба «Веспрэм» — прадстаўляе Беларусь на міжнароднай арэне.
Галоўная праблема гродзенскага гандбола — адсутнасць сваёй базы для трэніровак у абласным цэнтры. Новы комплекс пакуль толькі будуецца. Аднак Уладзімір Канаплёў паставіў заходні рэгіён у прыклад: «Самая маленькая вобласць па колькасці насельніцтва, а самая гандбольная, дзяцей займаецца больш, чым у сталіцы. Бярыце прыклад і працуйце гэтак жа. Федэрацыя ў чым зможа, у тым дапаможа».
У Гомельскай вобласці ўсё не так дрэнна, у рэгіёне выбудавана дакладная вертыкаль: пры клубе ёсць дзіцяча-юнацкая школа, ёсць фармкаманда, аддзяленне гандбола, дарэчы, адкрыта і ў абласным вучылішчы алімпійскага рэзерву. У Гомельскім універсітэце рыхтуюць і трэнераў па гандболе, у тым ліку і па мэтавым накіраванні. Магілёўскай вобласці катастрафічна не хапае дзіцячых трэнераў. Аддзяленняў гандбола адкрыта нямала, але працаваць там няма каму, адпаведна, развіццё не ідзе.
Выслухаўшы спецыялістаў з рэгіёнаў, Уладзімір Канаплёў заўважыў, што крытыка і адкрытая размова, просьбы і пажаданні — гэта добра, але не варта забываць і аб недапрацоўках спецыялістаў на месцах. «Я неаднаразова казаў і паўтару яшчэ раз, што мы працуем не за грошы, а па прызванні. Не саромейцеся звяртацца да мяне па дапамогу, але не забывайце і самі прыстойна ставіцца да сваёй працы. І старайцеся максімальна ўзаемадзейнічаць з мясцовымі органамі ўлады», — падкрэсліў кіраўнік Беларускай федэрацыі гандбола.
Уладзімір Канаплёў адзначыў, што ўсе агучаныя пытанні актуальныя і трэба абавязкова ўзяць іх у распрацоўку. Прычым працаваць над вырашэннем праблем павінны ўсе зацікаўленыя. У рэшце рэшт, усе хочуць бачыць моцны гандбол. А ён пачынаецца з дзіцяча-юнацкага спорту.
Фота БФГ