Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой падчас рабочай паездкі ў Расійскую Федэрацыю пабываў у Стаўрапольскім краі. З губернатарам гэтага рэгіёна былі дасягнуты дамоўленасці аб узаемавыгадным супрацоўніцтве ў розных сферах.
Беларусь і Стаўрапольскі край разлічваюць павялічыць тавараабарот да 0,5 млрд долараў. Аб гэтым заявіў журналістам кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой па выніках сустрэчы з губернатарам Стаўрапольскага краю Уладзімірам Уладзіміравым.
У час сустрэчы абмяркоўваліся пытанні паставак беларускай тэхнікі ў Стаўрапольскі край, у тым ліку пасажырскай і трактарнай.
У Стаўрапольскага краю вялікая праграма па мадэрнізацыі жывёлагадоўлі, будаўніцтве малочнатаварных комплексаў. Ужо ёсць асобныя пілотныя праекты па пастаўцы беларускага даільнага абсталявання.
«Новая тэма па суперінтэнсіўных садах, якую вы прэзентавалі на апошняй сустрэчы з нашым Прэзідэнтам, пайшла ў народ. Для кіраўніка дзяржавы гэта таксама адзін з галоўных праектаў са Стаўрапольскім краем. Ён асабіста вялікую ўвагу ўдзяляе навінкам, у тым ліку селекцыйным, у галіне садаводства. У Беларусі пастаўлена задача адрадзіць сады ў паскораным парадку. Каля 1 тыс. га мы будзем закладваць на працягу наступных трох гадоў. Жадаем, каб вашы спецыялісты прадоўжылі супрацоўнічаць з нашымі па гэтай тэме. У іх вельмі добрая камунікацыя і на ўзроўні Інстытута пладаводства НАН, і на ўзроўні канкрэтных кампаній. У нас ёсць фермеры, якія літаральна „хварэюць“ гэтай тэмай і атрымалі максімальную падтрымку на ўрадавым узроўні», — пазначыў яшчэ адзін перспектыўны кірунак Дзмітрый Крутой падчас сустрэчы з губернатарам краю.
На Стаўраполлі вельмі моцны нафтахімічны комплекс, шмат вытворцаў угнаенняў. «У Беларусі гэта таксама моцная кампетэнцыя. Але пакуль нашы кампаніі камунікуюць слаба, на мой погляд. Таму вызначым адказных асоб, якія знойдуць пункты кааперацыі», — дадаў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. Яшчэ адзін перспектыўны кірунак — электронная, мікраэлектронная прамысловасць, оптыка.
Важным сацыяльным пытаннем для Стаўрапольскага краю з’яўляецца чыстая вада. «У Беларусі ёсць буйны прыватны падрадчык, які ўжо рэалізаваў некалькі праектаў у Расіі, але ў Стаўрапольскім краі пакуль не прадстаўлены. Вызначаны пакуль тры пілотныя праекты, але губернатар зарыентаваў па яшчэ некалькіх аб’ектах, дзе будуць рэалізаваны нашы кампетэнцыі пад ключ — ад праектавання да здачы гатовых аб’ектаў», — абазначыў яшчэ адзін кірунак супрацоўніцтва Дзмітрый Крутой.
Паводле БелТА