Аказанне медыцынскай дапамогі накіравана на два прынцыповыя пастулаты — даступнасць і якасць. Рэалізацыі гэтых прынцыпаў садзейнічае развіццё шматфункцыянальных медыцынскіх цэнтраў. Адзін з іх, адкрыты ў жніўні мінулага года ў сталіцы, аб’ядноўвае эндакрыналагічную і стаматалагічную дапамогу, а таксама аказвае дзяржаўныя паслугі ў галіне касметалогіі і пластычнай хірургіі. Паглядзелі, як наладжана работа цэнтра і якія новыя абследаванні і медыцынскія паслугі сталі даступныя для беларусаў.
Для захавання і ўмацавання здароўя
Паводле слоў старшыні Камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Юрыя ГОРБІЧА, цэнтр выконвае дзве задачы: вярнуць здароўе дапамагаюць урачы эндакрыналагічнага дыспансера, а вось робяць людзей прыгожымі хірургі і касметолагі Клінічнага цэнтра пластычнай хірургіі і медыцынскай касметалогіі. Урачы ж стаматалагічнай паліклінікі сумяшчаюць дзве гэтыя функцыі.
Гаворачы пра асноўныя задачы сталічнай сістэмы аховы здароўя, Юрый Горбіч адзначыў, што адна з іх — захаванне на нізкім узроўні дзіцячай смяротнасці, другая — умацаванне здароўя працаздольнага насельніцтва і пажылых людзей з акцэнтам на актыўнае даўгалецце. Садзейнічае гэтаму і адкрыццё новых медыцынскіх устаноў. Сёлета ў Мінску адкрыецца адна новая паліклініка — 42-я — у пасёлку Усходні ва Уруччы. Будзе таксама ўведзены ў строй новы будынак гарадской клінічнай інфекцыйнай бальніцы па Даўгінаўскім тракце.
Для ранняга выяўлення захворванняў у краіне працуе праграма дыспансерызацыі, накіраваная на дыягностыку захворванняў, якія найбольш часта сустракаюцца.
— Калі нешта выяўляецца ў рамках дыспансерызацыі, у Мінску ёсць усе магчымасці для далейшага абследавання і лячэння, прычым з мінімальнымі тэрмінамі чаканняў, якія не перавышаюць трох месяцаў, што для планавага прыёму зручна і абсалютна дапушчальна, — адзначыў Юрый Горбіч.
Акрамя таго, у Мінску працуюць над пашырэннем дыягнастычных магчымасцяў складанага абсталявання, той жа магнітна-рэзананснай тамаграфіі (МРТ). На амбулаторна-паліклінічным этапе такія абследаванні можна прайсці ў эндакрыналагічным дыспансеры і ў 2-й Цэнтральнай раённай паліклініцы. З улікам запатрабаванасці гэтай працэдуры, пачынаючы з красавіка, падаўжаецца час работы кабінетаў МРТ у гэтых установах, каб максімальна скараціць час чакання.
Якасны скачок
Мінскі гарадскі клінічны эндакрыналагічны цэнтр, які са жніўня мінулага года размяшчаецца ў новым будынку, разлічаны на 114 тысяч наведванняў у год. Прапускная магутнасць цэнтра — 485 наведванняў у дзень. Столькі пацыентаў могуць прыняць урачы-спецыялісты, акрамя таго, наведвальнікі здаюць біяхімічныя аналізы, праходзяць ультрагукавое даследаванне і іншыя, напрыклад, тут можна зрабіць электранейраміяграфію. Таксама з пераездам у новы будынак у эндакрыналагічнага цэнтра з’явіўся апарат МРТ на аснове штучнага інтэлекту.
— Эндакрыналагічная служба Мінска здзейсніла якасны скачок, перасяліўшыся ў выдатны будынак, які ў пяць разоў большы ў параўнанні з тым, дзе працавалі раней. У нас з’явілася новае медыцынскае абсталяванне. Калі раней змены былі скарочаныя за кошт таго, што ў адным кабінеце павінны былі прымаць два ўрачы, то цяпер кожны ўрач-эндакрынолаг мае свой кабінет. Для пацыентаў умовы таксама сталі максімальна камфортныя, — расказвае галоўны ўрач Мінскага гарадскога клінічнага эндакрыналагічнага цэнтра Алена ЮРЭНЯ.
Новае абсталяванне з’явілася і ў афтальмалагічным аддзяленні, што дазваляе выконваць складаныя дыягнастычныя ўмяшанні. Напрыклад, тут маецца аптычны кагерэнтны тамограф, які дазваляе на ранніх стадыях выяўляць дыябетычны макулярны ацёк. Адкрыты і кабінет лазернай мікрахірургіі, дзе праводзіцца лазерная каагуляцыя сятчаткі. Урачы прайшлі спецыяльнае навучанне і выконваюць гэта складанае хірургічнае ўмяшанне.
Лазерам абсталявана і аддзяленне дыябетычнай ступні. Ён выкарыстоўваецца для лячэння і спрыяе хуткаму загойванню язваў, якія ўзнікаюць на ступні і складана паддаюцца лячэнню.
Аперацыйная тэрапія, што з’явілася ў цэнтры, дазваляе праводзіць малыя хірургічныя ўмяшанні, у тым ліку працэдуру ўвядзення анты-VEGF тэрапіі. Гэта метад лячэння сятчаткі вока, у тым ліку пры дыябетычным макулярным ацёку.
Алена Юрэня падкрэсліла, што цэнтр цалкам укамплектаваны ўрачамі і сярэднім медыцынскім персаналам, і сёння ён можа прымаць пацыентаў у 2-3 змены. Тут працуе вялікае аддзяленне дзённага знаходжання, а таксама анлайн-школа цукровага дыябету — па серадах і чацвяргах з 19 да 20 гадзін, дзе кожны ахвотны можа задаць свае пытанні ўрачу-эндакрынолагу і атрымаць адказ.
Моц прыгажосці
Клінічны цэнтр пластычнай хірургіі і медыцынскай касметалогіі — найстарэйшая ў краіне дзяржаўная арганізацыя аховы здароўя, якая аказвае такую вузкую спецыялізаваную дапамогу. Цэнтр функцыянуе з 1980-га, і з года ў год усё больш запатрабаваны сярод пацыентаў не толькі Мінска і краіны, але і замежных грамадзян. Сюды прыязджаюць пацыенты з Літвы, Латвіі, Эстоніі, Германіі, ЗША і іншых краін.
У цэнтры працуе два касметалагічныя аддзяленні, два аддзяленні пластычнай і эстэтычнай хірургіі і дапаможныя структуры. Пасля пераезду ў новы будынак тут укаранілі новыя кірункі і паслугі, у прыватнасці, эстэтычную гінекалогію, отарыналарынгалогію. Пашырылі магчымасці дэрматаанкалогіі, у тым ліку цяпер можна абследавацца з дапамогай лічбавай сістэмы дэрматаскапіі з магчымасцю карціравання радзімак на ўсім целе. Ёсць і такі запатрабаваны кірунак, як трыхалогія і перасадка валасоў.
Як расказала галоўны ўрач Клінічнага цэнтра пластычнай хірургіі і медыцынскай касметалогіі Наталля ПАСТАЯЛКА, пасля пераезду цэнтр наведалі ўжо 40 тысяч пацыентаў, за год жа лічба даходзіць да 100 тысяч чалавек. Каля 95 % наведвальнікаў — жанчыны.
Алена КРАВЕЦ
Фота Ксеніі ЛІННІК