Што новага з’явілася ў правілах знаходжання ў зоне павышанай небяспекі чыгуначных пуцей, паведаміла БелТА.
Генпракуратура, зыходзячы з неабходнасці забеспячэння бяспекі перавозак пасажыраў і грузаў, запатрабавала нарматыўнага ўрэгулявання «Мінтрансам» парадку выпасу паблізу чыгуначных пуцей сельскагаспадарчых жывёл і іх прагону праз такія пуці, а для папярэджання траўміравання грамадзян на аб’ектах чыгуначнай інфраструктуры — дадатковыя змены ў правілы праезду і пераходу праз пуці і знаходжання ў зонах павышанай небяспекі на аб’ектах чыгуначнай інфраструктуры.
Відавочна, што бескантрольнае знаходжанне жывёл у зонах павышанай небяспекі чыгункі прыводзіла да іх гібелі і зрыву графіка руху цягнікоў, прычынення шкоды. Да прыкладу, прадпрыемствам «Ульскі» на адлегласці каля 1 км ад чыгуначных пуцей на перагоне Обаль — Глушаніна Віцебскай вобласці ў маі 2025 года ажыццяўляўся выпас статка з 178 кароў. Адсутнасць кантролю за жывёламі прывяла да іх выхаду на чыгуначныя пуці, прымянення экстраннага тармажэння двума цягнікамі міжрэгіянальных ліній і гібелі 16 сельскагаспадарчых жывёл.
Вынікам разгляду гэтай і іншых прапаноў Генпракуратуры стала выданне транспартным ведамствам пастановы, якой актуалізаваны правілы знаходжання грамадзян і размяшчэння аб’ектаў у зонах павышанай небяспекі, выканання ў гэтых зонах работ, праезду і пераходу праз чыгуначныя пуці. Цяпер на заканадаўчым узроўні дадзены азначэнні тэрміну «сельскагаспадарчыя жывёлы». Устаноўлена забарона на іх выпас у паласе адводу чыгункі. На адлегласці бліжэй за 300 м ад чыгуначных пуцей выпас павінен ажыццяўляцца на прывязі або ў загонах, а на адлегласці ад 300 м да 2 км — пад пастаянным наглядам асоб, якія пасвяць сельгасжывёл. Выключэнне — месцы загоннай пасьбы з дапамогай электрычнай агароджы. Выкладзены дзеянні і пры прагоне гэтай катэгорыі жывёл праз чыгуначныя пуці.
Акрамя таго, для папярэджання траўміравання грамадзян на аб’ектах чыгуначнай інфраструктуры вызначаны ўмовы размяшчэння знакаў інфармацыйнай бяспекі, узмоцнены патрабаванні да праезду і пераходу праз чыгуначныя пуці. У прыватнасці, пры пераходзе праз пуці па чыгуначных пешаходных пераходах варта трымаць дзяцей, якія не дасягнулі 14-гадовага ўзросту, за руку ці на руках пры перавозцы іх без выкарыстання дзіцячай каляскі.
Грамадзянам пры перасячэнні чыгуначных пуцей забаронена перасякаць іх пры светлавым сігнале чырвонага колеру прылады аўтаматычнай сігналізацыі аб набліжэнні цягніка (пры наяўнасці такой прылады), а таксама калі да чыгуначнага пешаходнага пераходу ў межах бачнасці набліжаецца транспартны сродак чыгуначнага транспарту, перасоўвацца на мотаблоках, матацыклах, мапедах, веласіпедах, самакатах, ролікавых каньках, лыжах, іншым спартыўным інвентары, а таксама з выкарыстаннем сродкаў персанальнай мабільнасці (за выключэннем інвалідных калясак), а таксама карыстацца мабільнымі тэлефонамі, навушнікамі (акрамя слыхавых апаратаў), планшэтнымі камп'ютарамі і іншымі электроннымі прыладамі.
Пры знаходжанні ў зонах павышанай небяспекі нельга ўстанаўліваць на пуцях чыгуначныя тармазныя башмакі і прылады прымусовага сыходу чыгуначнага рухомага саставу, пранікаць у вытворчыя памяшканні і на агароджаную тэрыторыю аб’ектаў інфраструктуры, якія не прызначаны для абслугоўвання спажыўцоў, наносіць надпісы і налепкі, забруджваць транспартныя сродкі чыгуначнага транспарту.
Акрамя таго, забаронена ажыццяўляць самавольны праезд у грузавым цягніку, праезд на падножцы, аўтасчэпнай прыладзе, пераходнай пляцоўцы, даху, іншым канструкцыйным элеменце чыгуначнага транспарту, у тым ліку ў кабіне кіравання такім транспартам, карыстацца навушнікамі (акрамя слыхавых апаратаў) на пасажырскай платформе, пакідаць без нагляду і кантролю дзяцей, якія не дасягнулі 14-гадовага ўзросту, скакаць з пасажырскай платформы і знаходзіцца пад ёй. Таксама нельга выкарыстоўваць піратэхнічныя вырабы, карыстацца лазернымі ўказкамі, ажыццяўляць рух па паласе адводу з выкарыстаннем сродкаў перамяшчэння і транспартных сродкаў, якія не прымяняюцца для абслугоўвання аб’ектаў інфраструктуры.
Вышэйпералічаныя і іншыя змяненні, накіраваныя на безаварыйную работу чыгункі і папярэджанне траўматычных выпадкаў з грамадзянамі, уступілі ў сілу ў верасні 2025 года.