Top.Mail.Ru

Якія новыя грамадзянскія ініцыятывы рэалізуюцца на Добрушчыне

Для творчасці і захавання традыцый

Усё часцей жыхары гарадоў і вёсак не чакаюць, пакуль хтосьці прапануе гатовае рашэнне, а самі аб’ядноўваюцца і сумеснымі намаганнямі ўвасабляюць у жыццё карысныя для сваіх землякоў праекты. У Добрушскім раёне такі падыход ужо стаў добрай практыкай. 

Тут з дапамогай грамадзянскіх ініцыятыў добраўпарадкоўваюць месцы адпачынку, развіваюць турыстычныя аб’екты, захоўваюць 

гісторыка-культурную спадчыну. Але не менш важна і тое, што дзякуючы падтрымцы дэпутацкага корпуса і ўдзелу неабыякавых людзей у раёне з’яўляюцца праекты, накіраваныя на развіццё чалавечага патэнцыялу.

Тэатр, дзе галоўная роля — у кожнага

Менавіта такія дзве грамадзянскія ініцыятывы нядаўна рэалізавалі ў раёне. Адна з іх аб’яднала людзей сталага ўзросту і грамадзян з інваліднасцю вакол тэатральнага мастацтва.

Святочная атмасфера панавала ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Добрушскага раёна яшчэ задоўга да пачатку ўрачыстасці. Галоўнай тэмай сустрэчы стала адкрыццё тэатральнай студыі «Іграць могуць усе».


Як адзначыла дырэктар Гомельскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў Лілія ШАХЛЯНКОВА, праект добрушцаў адразу прыцягнуў увагу падчас адкрытага абласнога конкурсу грамадзянскіх ініцыятыў:

— Мы адкрываем прастору роўных магчымасцяў. Праект быў прызнаны адным з найлепшых у вобласці. І гэта невыпадкова. За кожнай такой ініцыятывай стаяць людзі, якія не баяцца прапаноўваць новыя ідэі і працаваць дзеля іх ажыццяўлення.

Па словах намесніка старшыні Добрушскага райвыканкама Алены РАЗДУЕВАЙ, за апошнія гады пры непасрэдным удзеле жыхароў і пры падтрымцы дэпутацкага корпуса рэалізавана нямала сацыяльна значных праектаў. Гэта зоны адпачынку, добраўпарадкаваныя грамадскія прасторы, турыстычныя аб’екты, мастацкія праекты. Кожны з іх мае сваю каштоўнасць. Асаблівасць грамадзянскай ініцыятывы — тэатральнай студыі «Іграць могуць усе» — у тым, што яна накіравана перш за ўсё на чалавека, на яго творчае развіццё, магчымасць адчуваць сябе патрэбным, адкрываць у сабе новыя здольнасці.

Ідэя стварэння студыі нарадзілася з практычнай патрэбы. У цэнтры ўжо дзейнічаў тэатральны гурток. Яго ўдзельнікі рыхтавалі невялікія пастаноўкі, выступалі перад наведвальнікамі ўстановы, удзельнічалі ў мерапрыемствах. Але магчымасцяў для далейшага развіцця не хапала.

Дзякуючы перамозе ў конкурсе для студыі набылі неабходнае абсталяванне, мікрафоны, тэхнічныя сродкі, прынтар для вырабу афіш і запрашэнняў.

Як падкрэсліла падчас святочнага мерапрыемства старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Надзея ЦУПА, такія праекты вельмі патрэбныя. Яны паказваюць, што падтрымка можа выяўляцца па-рознаму. Недзе трэба дапамагчы добраўпарадкаваць тэрыторыю, а недзе стварыць умовы для творчасці і самарэалізацыі. Калі людзі аб’ядноўваюцца дзеля добрай справы, заўсёды атрымліваецца нешта карыснае.

Дырэктар раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Алена АЛЕЙНІКАВА адзначыла, што для калектыву гэта толькі пачатак вялікай работы.

— Цяпер у нас з’явілася яшчэ больш адказнасці. Людзі паверылі ў праект, падтрымалі яго. Наперадзе заняткі па акцёрскім майстэрстве, рэпетыцыі, новыя пастаноўкі. Мы ўжо абмяркоўваем некалькі творчых задум. Хочацца, каб наша студыя стала месцам, дзе кожны чалавек можа раскрыць свае здольнасці і адчуць сябе часткай вялікай каманды, — падзялілася кіраўнік установы.

Традыцыі, якія аб’ядноўваюць

Яшчэ адна грамадзянская ініцыятыва, якая атрымала развіццё на Добрушчыне, звязана з народнай культурай і рамёствамі.

У дзень прэзентацыі праекта «Падарожжа па наРодных традыцыях» тэрыторыя каля раённага Палаца культуры нагадвала вялікую творчую майстэрню. Свае работы прадставілі супрацоўнікі клубных устаноў і майстры народнай творчасці з розных куткоў раёна.

Гасцямі свята народных традыцый сталі прадстаўнікі кіраўніцтва раёна, дэпутацкага корпуса і Гомельскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў. Як адзначыла дырэктар Гомельскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў Лілія Шахлянкова, гэта грамадзянская ініцыятыва стала добрым прыкладам таго, як можна аб’яднаць творчы патэнцыял раёна.


— Добрушская зямля заўсёды славілася таленавітымі людзьмі. Тут жывуць майстры, якія захоўваюць традыцыі сваіх продкаў, перадаюць веды моладзі. Сёння вельмі важна не толькі падтрымліваць такую працу, але і ствараць новыя магчымасці для яе папулярызацыі. Рэалізацыя гэтай ініцыятывы дапамагае зрабіць народную творчасць больш адкрытай і даступнай для людзей, — выказала ўпэўненасць кіраўнік асацыяцыі.

— Вельмі важна, што кожная падобная грамадзянская ініцыятыва нашых жыхароў пачынаецца з жадання зрабіць нешта карыснае для свайго горада, сваёй вёскі, свайго раёна. Гэта адказ на жывое пачуццё адказнасці за месца, дзе ты жывеш, — падкрэсліў старшыня Добрушскага раённага Савета дэпутатаў Уладзімір МАЛІНОЎСКІ.

Асаблівую ролю ў рэалізацыі праекта адыграла кіраўнік калектыву раённага Палаца культуры Раіса Мядзведзева. Менавіта яна падрыхтавала заяўку для ўдзелу ў конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў. Калі рыхтавалі праект, шмат размаўлялі з майстрамі, работнікамі клубных устаноў. Усе адзначалі, што для правядзення выязных выставак патрэбна сучаснае абсталяванне. Каб экспазіцыі былі мабільнымі, каб іх можна было арганізаваць у любой вёсцы, на любым свяце. Так паступова і нарадзілася ідэя. Пасля перамогі ў конкурсе набылі палаткі, стэнды, роставыя сталы і іншае абсталяванне.

Новае абсталяванне дазволіць арганізоўваць экспазіцыі не толькі ў райцэнтры, але і ў аграгарадках, падчас раённых свят, фестываляў і культурных акцый, а галоўнае — будзе садзейнічаць папулярызацыі творчасці майстроў народных рамёстваў сярод моладзі. Менавіта ў захаванні і перадачы гэтых ведаў наступным пакаленням работнікі культуры бачаць культурны код Добрушскай зямлі.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота «Добрушскі край»


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю