Top.Mail.Ru
110

Якія новаўвядзенні ў сферы дзяржзакупак?

Таргі ў электронным фармаце

Днямі намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Святлана Караткевіч прыняла ўдзел у канферэнцыі «Інвестыцыі і якасць прадукцыі прыватных кампаній — рэзерв росту эканомікі Рэспублікі Беларусь», арганізаванай Рэспубліканскім саюзам прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў, паведамілі ў прэс-службе МАРГ.

Намеснік міністра распавяла аб ключавых зменах у сферы дзяржзакупак — як тых, што ўжо рэалізоўваюцца, так і тых, якія плануюцца да ўкаранення. Сярод значных навел — пераход закупак з адной крыніцы ў электронны фармат.

— Мы можам казаць аб стратэгічнай значнасці дзяржзакупак для інвеставання ўсімі, хто жадае знайсці сваю нішу на ўнутраным і знешнім рынках. Імкненне айчынных вытворцаў, у тым ліку арганізацый прыватнай формы ўласнасці, удзельнічаць у працэдурах закупкі пацвярджаецца статыстыкай. Доля тавараў айчыннай вытворчасці, якія сёння прапаноўваюцца для дзяржаўных закупак, складае больш за 80 %, — адзначыла Святлана Караткевіч.

У МАРГ растлумачылі, што з 10 жніўня 2025 года працэдуры на суму ад 50 да 500 базавых велічынь, а таксама закупкі пасля конкурсаў праводзяцца выключна на электронных гандлёвых пляцоўках, уключаючы Беларускую ўніверсальную таварную біржу. У найбліжэйшых планах — пашырэнне пераліку выпадкаў абавязковага прымянення электронных працэдур.

Гаворачы аб планаваных зменах, асаблівую ўвагу намеснік міністра надала закупкам тавараў (работ, паслуг) за кошт уласных сродкаў, сярод якіх магчымасць набыцця тавараў наўпрост у айчыннага вытворцы шляхам правядзення працэдуры закупкі з адной крыніцы пры наяўнасці дакументаў, што пацвярджаюць краіну паходжання; прыярытэт закупак у вытворцаў і іх збытавых арганізацый перад пасрэднікамі (пры больш высокай цане пасрэднік адхіляецца); абавязковае выкананне мінімальнай долі закупак беларускіх тавараў і абмежаванне допуску замежных пастаўшчыкоў пры закупках звыш дзвюх тысяч базавых велічынь, згодна з устаноўленым пералікам; правядзенне канкурэнтных працэдур закупак на электроннай гандлёвай пляцоўцы і вядзенне адзіных правілаў працэдур закупак для арганізацый рэспубліканскай і камунальнай форм уласнасці.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю