Для абітурыентаў з базавай адукацыяй на навучанне за кошт сродкаў бюджэту вызначаны тэрмін падачы дакументаў з 18 ліпеня да 1 жніўня, на платнай аснове — да 12 жніўня. Выпускнікі з атэстатам аб сярэдняй адукацыі будуць падаваць дакументы з 18 ліпеня да 6 жніўня на бюджэт, а на платнае навучанне — з 18 ліпеня да 14 жніўня.
Бюджэтнікі, платнікі і мэтавікі
Як сказала намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення — начальнік упраўлення прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Аляксандра Пятрова, у гэтым годзе для атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі (ССА) плануецца прыняць 38,6 тысячы чалавек. Пры гэтым для атрымання адукацыі за кошт сродкаў бюджэту на дзённую форму плануецца залічыць 28,3 тысячы чалавек.
Аляксандра Пятрова таксама адзначыла, што сёлета павялічылася колькасць месцаў на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі: 6,9 тысячы месцаў супраць 5,9 тысячы ў 2024-м.
— Мэтавы конкурс праводзіцца ў агульныя даты. Таму ва ўстаноўленыя тэрміны абітурыенты звяртаюцца ў арганізацыю і заключаюць з ёй дагавор. Затым яго разам з пакетам іншых неабходных дакументаў прыносяць у каледж і ўдзельнічаюць у асобным конкурсе для мэтавікоў, — патлумачыла яна.
За новымі спецыяльнасцямі. Куды?
— Добрая навіна — у напрамку ССА сёлета ажыццяўляецца прыём на новыя спецыяльнасці, — паведаміла Аляксандра Пятрова. — Цікавая і запатрабаваная спецыяльнасць «Кузаўны рамонт транспартных сродкаў» адкрылася ў Мінскім дзяржаўным аўтамеханічным каледжы імя акадэміка М. С. Высоцкага, у Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі абітурыентам прапануюць спецыяльнасць «Тэхнічная эксплуатацыя мультымедыйных сістэм», навучэнцы Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа будуць асвойваць спецыяльнасць «Выхаваўчая праца» з кваліфікацыяй «Педагог-арганізатар». Спецыяльнасці «Дызайн гукавога асяроддзя» з кваліфікацыяй «Тэхнік-гукааператар. Настаўнік» будуць вучыць у Гуманітарным каледжы ўстановы адукацыі «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы».
«Праграмна-тэхнічнае забеспячэнне лічбавых прылад» з кваліфікацыяй «Схематэхнік-праграміст» — гэтую сучасную і запатрабаваную спецыяльнасць змогуць атрымаць навучэнцы філіяла «Мінскі радыётэхнічны каледж» Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі.
ПТА: плюс пяць
— У цяперашнюю ўступную кампанію абітурыентаў чакаюць 160 устаноў адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі, — зазначыла начальнік упраўлення Мінадукацыі. — Для атрымання ПТА плануецца прыняць 28 тысяч чалавек, у тым ліку за кошт сродкаў бюджэту — 27,8 тысячы, пры гэтым для атрымання адукацыі ў дзённай форме плануецца залічыць 26,9 тысячы чалавек.

Акрамя таго, прадугледжаны прыём 245 чалавек на завочнае і 806 — на вячэрняе навучанне, 15 чалавек будуць вучыцца дыстанцыйна.
— Пяць новых кваліфікацый, асабліва падкрэсліваю — упершыню ў Беларусі, чакаюць маладых людзей, якія паступаюць на ўзровень ПТА, — кажа Аляксандра Пятрова. — У Нараўлянскім дзяржаўным і Бабруйскім дзяржаўным гандлёва-эканамічным каледжах будуць рыхтаваць вытворцаў мармеладна-пасцілачных вырабаў. Кваліфікацыі аператара аўтаматычнай лініі па вытворчасці керамічных вырабаў, а таксама ліцейшчыка санітарна-будаўнічых вырабаў змогуць атрымаць выпускнікі Мінскага дзяржаўнага каледжа дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва імя М. А. Кедышкі. Мінскі дзяржаўны каледж тэхнікі і тэхналогій будаўніцтва будзе рыхтаваць слесараў-электрыкаў па абслугоўванні і рамонце эскалатараў, а Віцебскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж — слесараў па абслугоўванні і рамонце вонкавых газаправодаў.
Алена ВІНАГРАДАВА
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА
Важна!!!
У Міністэрстве адукацыі асабліва падкрэсліваюць — пры падачы дакументаў праверце і абавязкова правільна запaоўніце медыцынскую даведку аб стане здароўя — указвайце ўсе прыдатныя спецыяльнасці, каб захаваць шанцы на паступленне нават па альтэрнатыўных напрамках.
Паклапаціцеся аб дакументах
Перш, чым адправіцца ў прыёмную камісіі, старанна праверце, ці ўзялі вы з сабой:

- пашпарт, або іншы дакумент, які сведчыць асобу;
- арыгінал дакумента аб адукацыі і дадатку да яго;
- медыцынскую даведку аб стане здароўя па форме, устаноўленай Міністэрствам аховы здароўя;
- дакументы, якія пацвярджаюць права на льготы (калі яны ёсць);
- 6 фотаздымкаў памерам Зх4 см.