Свой шлях у будучыню
Здзіўлялі гасцей шматлікія праекты, што сталі вынікам сумеснай працы беларускіх і расійскіх інжынераў. Пра некаторыя з іх — першы беларуска-расійскі 3D-прынтар, універсальныя станкі «СтанкаГомеля» і БЕЛАЗ на вадародным паліве — даведаліся нашы карэспандэнты.


Хутчэй, танней, без адходаў
Год таму ў беларускай сталіцы пачаў працу цэнтр адытыўных тэхналогій, створаны «Расатамам» і холдынгам «Гарызонт», а ўжо сёння яго прадукцыя пастаўляецца на вядучыя прадпрыемствы прамысловасці і энергетыкі краіны. І першынцам гэтай беларуска-расійскай вытворчасці стаў 3D-прынтар RusMelt 150М — прэзентацыя навінкі адбылася падчас «ІНАПРАМ. Беларусь». Кампактныя прылады для трохмернага друку знаходзяць прымяненне ў прамысловасці, медыцыне, навуковых і адукацыйных установах.
Сярод плюсоў — невялікія габарыты, эканомнае энергаспажыванне, памяншэнне выдаткаў газу і парашку. Усё гэта робіць эксплуатацыю прынтара больш даступнай і выгаднай. Такія магчымасці — хуткасць, таннасць і мінімум адходаў — у вырабе ўнікальных дэталяў складанай формы даюць менавіта адытыўныя тэхналогіі. Да таго ж, для Расіі супрацоўніцтва ў гэтай сферы дае выхад на новыя рынкі збыту, для Беларусі — доступ да перадавых, новых для яе тэхналогій.

Першы ўзор гатовы, ён быў паказаны на выстаўцы, беларускія інжынеры ўжо забяспечылі яго асноўнымі камплектуючымі, расказаў генеральны дырэктар бізнес-напрамку «Адытыўныя тэхналогіі» паліўнага дывізіёна «Расатама» Ілья КАВЕЛАШВІЛІ. На наступны год стаіць задача цалкам лакалізаваць выпуск прынтараў з полем пастраення 100 і 150 мм у нашай краіне. Такім чынам Беларусь стане ключавой пляцоўкай па вытворчасці такога абсталявання. Але, акрамя саміх 3D-прынтараў, тут плануюць наладзіць і выпуск дапаможнага абсталявання, а яшчэ займацца навуковымі распрацоўкамі ў гэтай сферы.
Лакалізацыя на ўсе 100 %
Максімальная лакалізацыя, выпуск абсталявання пад робататэхнічныя комплексы і пашырэнне лінейкі апрацоўчых цэнтраў — такімі планамі падзяліўся на сесіі «Адзіны контур: сінергія робататэхнічных комплексаў у прамысловасці ЕАЭС» дырэктар ААТ «СтанкаГомель» Андрэй ЖАЛЕЗНЯКОЎ.
Паводле яго слоў, пачынаючы з 2022 года прадпрыемства робіць стаўку на станкі, сабраныя з беларускіх і расійскіх камплектуючых, у тым ліку кансольна-фрэзерны станок FSS450MR. «У 2024 годзе мы прадставілі мадэрнізаваны станок на выстаўцы металаапрацоўкі ў Маскве. Ён атрымаў станоўчыя водгукі і паспяхова выкарыстоўваецца на такіх прадпрыемствах, як МТЗ і МАЗ. Мы таксама супрацоўнічаем з „Гомсельмашам“ і іншымі прадпрыемствамі», — расказаў Андрэй Жалезнякоў.

Асобны кірунак — адаптацыя пад рабатызацыю. З гэтай мэтай гомельскае прадпрыемства збіраецца сканцэнтравацца на выпуску вертыкальных апрацоўчых цэнтраў для работы ў робататэхнічных комплексах. Як растлумачыў дырэктар ААТ «СтанкаГомель», вертыкальныя мадэлі дазваляюць апрацоўваць дробныя дэталі, якія па чарзе змяшчаюцца на рабочых сталах: «Плануецца абсталяваць станкі ўстройствамі аўтаматычнай змены сталоў-спадарожнікаў і робатам, які будзе счытваць па штрыхкодзе палету і загружаць даныя ў вытворчую праграму».
Акрамя таго, «СтанкаГомель» выпускае апрацоўчыя цэнтры з вертыкальнай і гарызантальнай кампаноўкай, як і трох-, і пяцівосевыя мадэлі. Па словах Андрэя Жалезнякова, пасля таго як з рынку сышлі некаторыя замежныя вытворцы, вызвалілася ніша для айчыннай прадукцыі. Аднак доля мясцовых камплектуючых у такіх станках пакуль толькі 60–70 % — яшчэ ёсць, куды расці і ў чым развівацца. За два апошнія гады на прадпрыемстве, дарэчы, ужо істотна павялічылі долю ўласных дэталяў. Ва ўніверсальным кансольна-фрэзерным станку працэнт беларускіх і расійскіх кампанентаў дасягнуў ужо амаль 97–100 %.
У планах — тры тыпавыя мадэлі вертыкальных апрацоўчых цэнтраў з памерамі стала 900×500, 1300×600 і 1800×780 мм, каб пакрыць да 90 % запытаў машынабудаўнічых прадпрыемстваў.

БЕЛАЗ на вадародзе
Шырокі спектр тэхнікі чакаў наведвальнікаў на стэндзе БЕЛАЗа: самазвалы на газе, вадародзе, электрычнасці і гібрыдныя мадэлі грузападымальнасцю ад 90 да 220 тон, распрацоўкі для падземных горных работ... Здзівіў сумесны з «Н2 Інжынірынг» праект «Вадародны БЕЛАЗ», распрацоўка якога вядзецца з 2025 года. Шырокай публіцы макет гібрыднай вадароднай энергасістэмы для 220-тоннага кар’ернага самазвала прадставілі ўпершыню менавіта тут, на «ІНАПРАМ. Беларусь».
У выніку атрымалася комплекснае рашэнне, якое дазволіць перавесці цяжкую кар’ерную тэхніку на вадароднае паліва. Для такіх машын патрэбна адпаведная ўсім задачам інфраструктура генерацыі, захоўвання, транспарціроўкі і запраўкі вадародам.
Паводле задумы інжынераў, дзякуючы ёй самазвал грузападымальнасцю больш за 220 тон зможа запраўляцца прыкладна за чвэрць гадзіны. Для горназдабыўных прадпрыемстваў гэта прынцыпова важна: тэхніка там павінна працаваць амаль без прастою.
Пры гэтым вадародныя тэхналогіі дазволяць скараціць спажыванне дызелю і знізіць выкіды шкодных рэчываў у паветра. Заводскія выпрабаванні машыны плануюць пачаць у першай палове 2027 года.

Аміна НАЗАРАВА
Фота Лізаветы ГОЛАД