Да 1 верасня засталося ледзь больш за тыдзень. У заплечнікі выкладзеныя канцтавары, на плечках красуецца новенькая школьная форма, а дзеці пакуль атрымліваюць асалоду ад адпачынку і доўгачаканага летняга, цёплага і сухога, надвор’я. Але думкі ў бацькоў, настаўнікаў і ўсіх, хто мае дачыненне да выхавання нашага падрастаючага пакалення, ужо ў новым навучальным годзе. На працягу некалькіх апошніх месяцаў «Звязда», улічваючы пажаданні чытачоў, рэгулярна публікавала на сваіх старонках каментарыі спецыялістаў па тых ці іншых пытаннях, якія датычыцца змяненняў у Кодэксе па адукацыі. Яны ўступаюць у сілу вельмі хутка, таму напярэдадні новага навучальнага года мы акумулявалі ўсе гэтыя пытанні і папрасілі адказаць на іх намесніка міністра адукацыі Беларусі Аляксандра КАДЛУБАЯ.
На парозе школьнага жыцця
— Аляксандр Уладзіміравіч, давайце пачнём з першага кроку ў школьная жыццё — залічэння дзіцяці ва ўстанову адукацыі. У 2025 годзе Мінадукацыі ўкараняе новыя меры, накіраваныя на павышэнне празрыстасці і адкрытасці працэсу залічэння дзяцей у першыя класы школ і гімназій. Што гэта за меры?
— Хачу яшчэ раз падкрэсліць — агульныя падыходы захаваліся. Міністэрства прыняло дадатковыя меры, каб працэс залічэння быў для бацькоў празрыстым і адкрытым. Для гэтага на сайце кожнай установы агульнай сярэдняй адукацыі створаны раздзел «Арганізацыя прыёму ў 1-я класы», дзе сабрана ўся патрэбная інфармацыя як для бацькоў дзяцей, якія пражываюць у замацаваным за школай мікрараёне, так і для тых, хто жыве ў іншым месцы, але хоча аддаць дзіця ў пэўную школу. Сёлета ўсе ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі на сваіх афіцыйных сайтах размясцілі маніторынгавую табліцу, якую, пачынаючы з 12 чэрвеня, запаўняюць штодня. Такім чынам бацькі маюць аператыўную інфармацыю аб ходзе прыёму дакументаў у 1-я класы і колькасці свабодных месцаў у іх на канкрэтную дату. Гэта карысна бацькам, якія прэтэндуюць на залічэнне дзяцей ў пэўную школу або гімназію.

Замест гаджэта — жывыя зносіны
— З 1 верасня ў беларускіх школах будзе абмежавана выкарыстанне вучнямі мабільных тэлефонаў. Чым гэта выклікана і якім чынам будзе ажыццяўляцца на практыцы?
— Адпаведны нарматыўна-прававы акт распрацаваны і будзе прыняты дзеля адной мэты — карысці для дзяцей. Калі на занятках мабільныя тэлефоны перашкаджаюць дзецям засяродзіцца, настаўнікам — паўнавартасна весці ўрок, то на перапынках тыя ж гаджэты перашкаджаюць жывым зносінам паміж дзецьмі, і гэтым мы выпускаем з-пад увагі вельмі важны момант у адукацыйным і выхаваўчым працэсе. У школах і гімназіях правялі вялікую падрыхтоўчую работу па абмежаванні выкарыстання мабільных тэлефонаў. Растлумачылі матывы і расказалі пра карысць такога кроку школьнікам і бацькам, вызначылі адказных за захоўванне мабільных тэлефонаў і месцы іх захоўвання, а таксама механізм іх здачы ў пачатку навучальнага дня і выдачы пасля вучэбных заняткаў. Калі ў дзіцяці з’явіцца неабходнасць звязацца з бацькамі, напрыклад, па нейкіх медыцынскіх прычынах, пытанне без праблем вырашаецца з настаўнікам.
Ад гісторыі да квадракоптара
— Якія новаўвядзенні чакаюць школьнікаў у прадметах, праграмах навучання?
— Час мяняецца вельмі імкліва, мяняюцца запыты, таму і навучальныя праграмы факультатыўных заняткаў мы пастаянна абнаўляем. Што такое БЛА, якія яны бываюць, як зроблены квадракоптары і як кіраваць імі — на ўсе гэтыя пытанні атрымаюць адказы школьнікі, што прыйдуць на заняткі на факультатыў «Асновы кіравання квадракоптарам». Ён разлічаны на вучняў 8 і 9 класаў. Асноўная частка заняткаў будзе прысвечана рабоце на віртуальным сімулятары, выкананню практыкаванняў па кіраванні квадракоптарамі. А выніковае пройдзе ў форме спаборніцтваў, дзе і ацэняцца ўменні дзяцей па кіраванні квадракоптарам, прычым адбывацца гэта будзе як на віртуальным сімулятары, так і ў спецыяльна арганізаваных умовах.
«Юны інжынер-фізік» — гэта факультатыў для вучняў 7 класа, які дапаможа выклікаць у дзяцей цікавасць да вывучэння матэматыкі, развіваць не толькі інтэлектуальныя і творчыя здольнасці, але і навучыць, як арганізаваць самастойную вучэбную дзейнасць. Ад простага да складанага — такі прынцып у гэтых заняткаў, і ён, як правіла, дае свае станоўчыя вынікі.
Для самых маленькіх, вучняў 1-2 класаў, у нас зацверджаная вучэбная праграма па прадмеце «Музыка» — прынцыпова новая па сваім змесце. Яна ўключае чатыры раздзелы: «Спяваем разам», «Чароўны свет музыкі», «Музычная культура Беларусі», «Музыка — мова, якая не патрабуе перакладу». Змест вучэбнай праграмы прадугледжвае выкананне і слуханне Дзяржаўнага гімна, музычных твораў, якія адлюстроўваюць нацыянальныя культурныя традыцыі Беларусі, лепшых узораў народнай і кампазітарскай музыкі і іншае.
І, нарэшце, новы прадмет «Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі», пра які мы шмат гаварылі і які ў 2024 годзе ўпершыню вывучалі дзесяцікласнікі. У гэтым навучальным годзе яго вывучэнне працягнуць вучні ўжо 11-х класаў.
Фізкультура і праца разам ідуць
— Урокі фізкультуры — тры разы на тыдзень, новае ў працоўным навучанні. Можна пра гэта падрабязней?
— Пачну з працоўнага навучання. Хачу, каб усе зразумелі, гэта — не пра ўрокі працы ў школах. Гэта аб працоўным выхаванні, метадычныя рэкамендацыі па якім былі зацверджаны ў красавіку гэтага года. Акцэнт тут зроблены на арганізацыю вучэбна-вытворчай практыкі, грамадска-карыснай працы, вытворчых экскурсій на прамысловыя прадпрыемствы і прадпрыемствы АПК, удзел у пасадцы і доглядзе за пладовымі і ягаднымі насаджэннямі на тэрыторыі ўстаноў адукацыі і іншае. Навучэнцы 10-11 класаў асвойваюць адукацыйную праграму прафесійнай падрыхтоўкі рабочых (служачых) з праходжаннем вытворчай практыкі і здачай кваліфікацыйнага экзамену.
У 2025 годзе пасведчанне аб прысваенні кваліфікацыйнага разраду, класа або катэгорыі па прафесіі атрымалі 92,5 % навучэнцаў 11-х класаў. Яшчэ адна навіна надыходзячага навучальнага года — замест двух будзе тры заняткі фізкультуры на тыдзень. Сёння мы шмат гаворым пра здаровы лад жыцця навучэнцаў. А гэта — рухальная актыўнасць, якой стане больш і якая для школьнікаў будзе цікавай: у вучэбную праграму фізічнай культуры і здароўя ўнесены змяненні, праведзены ўсе падрыхтоўчыя мерапрыемствы з настаўнікамі.
— Якія змены закрануць работу груп падоўжанага дня?
— Мы распрацавалі абноўленае Палажэнне аб групах падоўжанага дня (ГПД). Адразу падкрэслю: дакумент не прадугледжвае кардынальныя змены ў іх рабоце. Ён удакладняе некаторыя моманты, такія, як парадак фарміравання груп прадоўжанкі: з навучэнцаў аднаго класа, паралелі, 1-4 класаў, 5-9 класаў, 1-9 класаў адначасова. Варыянтаў шмат. Напрыклад, калі ад бацькоў школьнікаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, якія навучаюцца па спецыяльных адукацыйных праграмах, паступіла недастаткова заявак, то групы фармуюцца з навучэнцаў з АПФР розных класаў. У Палажэнні таксама агаворваюцца асобныя моманты арганізацыі груп падоўжанага дня. Напрыклад, навучэнцы, як і раней, падчас знаходжання ў ГПД змогуць наведваць факультатыўныя і іншыя дадатковыя заняткі, але з гэтага часу — выключна ва ўстанове адукацыі, дзе працуе прадоўжанка. Яны могуць таксама ўдзельнічаць у адукацыйных, спартыўна-масавых і іншых мерапрыемствах, якія праводзяцца ў дадзенай установе адукацыі.

Другі шанец і вызваленне ад ЦЭ
— Аляксандр Уладзіміравіч, вы расказалі пра новаўвядзенні, якія чакаюць вучняў школ і гімназій на працягу будучага навучальнага года. Лагічна скончыць размову вынікам гэтага года для старшакласнікаў — цэнтралізаваным іспытам.
— У 2026 годзе навучэнцы 11 класаў могуць быць вызваленыя ад выніковых выпрабаванняў па медыцынскіх паказаннях. Нагадаю, што сёння па гэтых прычынах ад экзаменаў вызваляюцца толькі навучэнцы 9 класаў. Пералік медыцынскіх паказанняў, які дае права на вызваленне ад выніковых іспытаў, зацвярджаецца Міністэрствам аховы здароўя. Добрая навіна для выпускнікоў, якія атрымалі нездавальняючую ацэнку на цэнтралізаваным экзамене. У 2026-м яны змогуць паўтарыць спробу ў жніўні. Нагадаю, што сёлета тыя, хто атрымаў «0» балаў на ЦЭ атрымліваюць даведку аб навучанні, а атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі ім можа быць выдадзены толькі ў наступным годзе пры паўторнай здачы ЦЭ.
Алена ВІНАГРАДАВА
Фота Лізаветы ГОЛАД