Top.Mail.Ru

Якія месцы і аб'екты краіны здольныя аб’яднаць беларусаў яшчэ больш?

На сустрэчы з кіраўнікамі рэлігійных арганізацый нашай краіны Аляксандр Лукашэнка прапанаваў дапамогу з боку дзяржавы ў стварэнні духоўных цэнтраў розных канфесій. Размова ішла пра святыні, значныя для вернікаў не толькі Беларусі і не толькі для вернікаў. Гэта нацыянальныя сакральныя мясціны, дзе сэрцы людзей паварочваюцца да Бога, дзе пераадольваецца адасобленасць, дзе пануе Любоў — да чалавека, да Сусвету, да Радзімы. Пра гэтыя месцы, здольныя аб’яднаць нас яшчэ больш, «Звязда» і раскажа.


Духоўны камертон

Для праваслаўных такім цэнтрам стануць Жыровічы — духоўная жамчужына Беларусі. Дзверы Свята-Успенскага мужчынскага манастыра не зачыняліся нават у часы ганенняў і войнаў. Сёлета, у Год добраўпарадкавання, святыня адзначыць 505-годдзе з часу заснавання і 555-годдзе з’яўлення цудатворнай Жыровіцкай іконы Божай Маці.

Архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі ГУРЫЙ у праекце СТБ «Дакрананне да святла» ўдакладніў, што рэканструкцыя з дапамогай дзяржавы была пачата тут яшчэ ў 1996 годзе — таксама пасля візіту Прэзідэнта Беларусі. Пачыналі з семінарскіх будынкаў, якія адносяцца да манастырскага ансамбля, з 2012 года рэканструкцыя вядзецца ў самім манастыры. Вялікі імпульс будаўнічым і аднаўленчым работам даў прыезд Аляксандра Лукашэнкі ў 2021 годзе. «Цяпер манастыр змяніўся непазнавальна, — кажа ўладыка Гурый. — Тыя, хто прыязджае, уражаны яго прыгажосцю».

Жыровіцкі манастыр — унікальнае месца, дзе з’явіўся не толькі цудатворны абраз, але і сама Божая Маці — у 1520 годзе. На месцы, дзе яе тады ўбачылі дзеці, была пабудавана Яўленская царква, рэканструкцыя з элементамі рэстаўрацыі якой цяпер завяршаецца. «Як пацвярджаюць людзі, якія наведваюць святыню, нават не зусім вернікі, тут асаблівая благадаць, — дадае ўладыка Гурый. — Мы лічым, што сапраўды Божая Маці не толькі тады з’явілася, але і ўзяла пад сваю апеку гэтае святое месца і дагэтуль пра нас клапоціцца... Калі людзі сюды прыязджаюць, дыхаюць, па словах уладыкі Філарэта, „кіслародам вечнасці“, многія пераасэнсоўваюць сваё жыццё і становяцца вернікамі».

«Жыровіцкі манастыр нясе рознае служэнне, — звярнуў увагу ў размове з журналістам „Звязды“ намеснік старшыні сінадальнага інфармацыйнага аддзела Беларускай праваслаўнай царквы Алег ЛЕПЕШАНКОЎ. — Сюды прыязджаюць людзі адусюль па духоўную параду. Гэта і асветніцкі, і місіянерскі, і культурна-гістарычны цэнтр. Менавіта пры Жыровіцкім манастыры быў створаны ў свой час першы праваслаўна-арыентаваны рэабілітацыйны цэнтр для дапамогі алкаголе- і нарказалежным „Анастасіс“. Гэта месца, дзе людзі атрымліваюць духоўную дапамогу і змяняюцца да лепшага».

Нацыянальны санктуарый

2025 год для каталікоў — юбілейны год хрысціянства, адзначыў на сустрэчы з кіраўніком дзяржавы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рымска-каталіцкай царквы ў Рэспубліцы Беларусь, старшыня Канферэнцыі каталіцкіх епіскапаў Беларусі Іосіф Станеўскі. «Пачалі мы яго паўночным урачыстым богаслужэннем з малітвай за Айчыну і скончым малітвай за Беларусь і мір ва ўсім свеце ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай у Будславе», — сказаў ён.

Ад імя ўсіх вернікаў ён падзякаваў Прэзідэнту за дапамогу ў аднаўленні святыні пасля пажару 2021 года. Агонь тады знішчыў дах храма, які з’яўляецца помнікам архітэктуры позняга барока, моцна пашкодзіў скляпенні і іншыя будаўнічыя канструкцыі. У самім касцёле пацярпелі арганы, алтар і жывапіс. Ужо ў верасні 2022 года святыня была адноўлена.

«Будслаўскі касцёл ведаюць ва ўсім свеце. Гэта святыня з’яўляецца духоўнай жамчужынай для кожнага каталіка Беларусі. А з сённяшняга дня — і цэнтрам каталіцызму ў Беларусі», — сказаў Мітрапаліт Іосіф Станеўскі ў Палацы Незалежнасці 10 лютага.

У касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў аграгарадку Будслаў Мядзельскага раёна Мінскай вобласці знаходзіцца Будслаўскі абраз Маці Божай — адзін з найбольш шанавальных каталіцкіх абразоў. Святыня славіцца шматлікімі цудамі, а Будслаў вядомы як месца з’яўлення вернікам Найсвяцейшай Дзевы Марыі, якое, паводле легенды, адбылося 2 ліпеня 1588 года. З пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя штогод (акрамя 2020-га і 2021-га — з-за пандэміі каранавіруса) ладзяцца масавыя паломніцтвы да цудатворнай іконы Маці Божай Будслаўскай. У 1996 годзе Папа Рымскі Ян Павел ІІ абвясціў гэту ікону патронкай Беларусі. У 2016 годзе Будслаўскі фэст быў унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь, а ў 2018-м — у Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Будслаўскі фэст называюць галоўнай падзеяй рэлігійнага жыцця ў Касцёле на Беларусі на працягу года.

Больш, чым ешыва

Галоўны рабін рэлігійнага аб’яднання абшчын прагрэсіўнага іўдаізму ў Рэспубліцы Беларусь Рыгор Абрамовіч расказаў, што хутчэй за ўсё цэнтрам іўдаізму на Беларусі стане Валожынская ешыва. «Яна ўжо пабудавана, ёсць плошча перад ёю. Пытанне больш у тым, што патрабуецца пэўная праграма, і адукацыйная, і турыстычная. І нам трэба будзе падумаць, як працаваць для ўсіх, каму іўдаізм цікавы», — сказаў ён. Рыгор Абрамовіч прызнаўся, што з задавальненнем запрасіў бы Прэзідэнта на Пасхальную трапезу. «Пасха ёсць і ў праваслаўных, і ў каталікоў. І мне здаецца, што наша Пасхальная трапеза была б кіраўніку дзяржавы вельмі цікавай», — прызнаўся рабін.

Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак адзначыў, што запрашэнне на сустрэчу ў Палац Незалежнасці прадстаўнікоў усіх рэлігійных канфесій з’яўляецца яркім пацвярджэннем таго, што ў Беларусі склалася ўнікальная сітуацыя міжканфесіянальнага міру і згоды. «Нашае заканадаўства і перш за ўсё Асноўны Закон краіны гарантуюць кожнаму чалавеку права на выбар веравызнання. І адначасова заканадаўства замацоўвае роўнае стаўленне да ўсіх канфесій. У Прэзідэнта адбылася вельмі важная размова аб тым, чым жывуць нашы людзі. Усе канфесіі, рэлігійныя напрамкі адзіныя ў тым, што неабходна захаваць мір і згоду ў краіне. Яны падзяляюць імкненне дзяржавы захоўваць традыцыйныя каштоўнасці грамадства, вырашаць сацыяльныя праблемы», — сказаў ён. Аляксандр Румак зрабіў акцэнт на тым, што сёння ні адна канфесія не застаецца ўбаку ад таго, чым жыве грамадства.

Каштоўнасці для ўсіх

Муфтый Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Беларусі Абу-Бекір Шабановіч адзначыў, што ў мусульман Беларусі ўжо ёсць асветніцкі, культурны і адукацыйны цэнтр — гэта саборная мячэць у Мінску. Яе дзверы адкрытыя не толькі для вернікаў, але і для ўсіх, каму цікавы іслам.

«Мы хвалюемся аб тым, што мусульманская моладзь з сельскай мясцовасці з’язджае ў гарады і там губляецца. Наша задача — знайсці маладых людзей, прыцягнуць іх, неабавязкова да малітвы, але да веры, да традыцыйных каштоўнасцяў», — сказаў муфтый. Ён звярнуў увагу, што храмы гістарычна былі цэнтрам прыцягнення, дыялогавай пляцоўкай.
«Кіраўнік дзяржавы — вялікі стратэг. І ён бачыць, што такія культурныя, рэлігійныя цэнтры сёння неабходныя. Найперш для выхавання моладзі. Гэта ўмацоўвае нашу нацыянальную свядомасць і наша адзінства», — падкрэсліў Абу-Бекір Шабановіч.

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю