Top.Mail.Ru
298

Якія мерапрыемствы падрыхтаваны да Міжнароднага дня роднай мовы, расказалі ў НАН

Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі праводзіць мерапрыемствы, прысвечаныя Міжнароднаму дню роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага. Пра гэта паведамілі БелТА ў прэс-службе НАН.



З 16 па 20 лютага праходзіць цэлы шэраг мерапрыемстваў — лекцыі, семінары, круглыя сталы, інтэрактыўныя заняткі, творчыя сустрэчы і адукацыйна-забаўляльныя мерапрыемствы. Усе яны прысвечаны праблеме захавання, развіцця і папулярызацыі беларускай мовы.

17 лютага ў 11.00 супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа і выкладчыкі мовазнаўчых кафедраў ВНУ Беларусі сустрэнуцца ў рамках мерапрыемства «Повязь мовазнаўчай навукі і адукацыі» (Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, 3-ці паверх, аўд. 302). У ходзе сустрэчы будуць абмеркаваны кірункі супрацоўніцтва Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа і мовазнаўчых кафедраў ВНУ краіны, перададзеныя для выкарыстання ў адукацыйным працэсе асобнікі фундаментальнай лінгвагеаграфічнай працы «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак». 

18 лютага ў 10.00 адбудзецца гульня-віктарына «Беларускі каляндар», падчас якой дзеці ў гульнявой форме даведаюцца аб паходжанні назваў месяцаў у беларускай мове, аб святах і асаблівасцях баўлення часу ў кожную пару года (ДУА «Дзіцячы сад № 366 г. Мінска», вул. Сурганава, д. 55). 

19 лютага ў 14.00 пройдзе сустрэча са студэнтамі факультэта журналістыкі БДУ і лінгвістычны КВІЗ «Мовазнаўцы» (Інстытут гісторыі НАН Беларусі, вул. Акадэмічная, д. 1, 2-гі паверх, зала пасяджэнняў). 

20 лютага з 13.00 па 14.15 у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН (вул. Сурганава, д. 15, інфармацыйна-выставачны цэнтр, аўд. 110) будзе праходзіць рэспубліканская дыктоўка па беларускай мове, прымеркаваная да Міжнароднага дня роднай мовы і Года беларускай жанчыны. Дыктоўка таксама будзе транслявацца па канале «Культура» Беларускага радыё. 

Галоўная мэта штогадовага Міжнароднага дня роднай мовы — захаванне моўнай і культурнай разнастайнасці ў свеце, падтрымка нацыянальных моў і культур, а таксама забеспячэнне права кожнага грамадзяніна карыстацца роднай мовай. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі (Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа) традыцыйна праводзіць мерапрыемствы, прымеркаваныя да свята, сярод якіх вялікая колькасць мерапрыемстваў, прысвечаных праблеме захавання, развіцця і папулярызацыі беларускай мовы.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю