Старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля Якубіцкая адзначыла вялікую цікавасць да конкурсу з боку жыхароў Мінскай вобласці: «І гэта не можа не радаваць, — дадала яна. — Таму што такім чынам людзі праяўляюць сваё жаданне ўдзельнічаць у развіцці пасёлкаў, сельскіх населеных пунктаў і гарадоў».
Па словах старшыні Мінскага абласнога Савета дэпутатаў, на рэалізацыю грамадзянскіх ініцыятыў сёлета плануецца выдзеліць каля 550 тысяч рублёў. «Мы разумеем, што ажыятаж вялікі, — сказала Наталля Якубіцкая. — Каб было больш магчымасцяў у людзей рэалізаваць тую ці іншую ініцыятыву, мы запрасілі (для дапамогі ў рэалізацыі. — „Зв.“) кіраўнікоў ЖКГ, галоўнага ўпраўлення спорту і турызму Мінскай вобласці, каб рэалізаваць (некаторыя з невялікіх праектаў, якія не стануць сёлета пераможцамі. — „Зв.“) за кошт іншых крыніц».
Як падкрэсліла Наталля Якубіцкая, у мінулым годзе мясцовыя органы ўлады і жыхары Міншчыны плённа папрацавалі: «Мы змаглі рэалізаваць сем праектаў рознай накіраванасці. Паркі, скверы, патрыятычныя праекты, таму што мы ж разумеем, 2025-ы — год Вялікай Перамогі над фашызмам, гэтаму мы таксама надалі вялікую ўвагу».
Яна таксама анансавала, што рэалізацыя грамадзянскіх ініцыятыў будзе працягнутая і ў наступным годзе. «2027-ы будзе прысвечаны добраўпарадкаванню крыніц, — дадала Наталля Якубіцкая. — Падштурхнула і натхніла на гэта старэйшае пакаленне. Размаўляючы з людзьмі, мы чуем часам, што развіваюцца гарады, будуецца жыллё, і такія месцы веры, традыцый, як крыніцы, мы павінны захаваць. Таму што ў людзей яны выклікаюць асаблівыя асацыяцыі — успаміны дзяцінства, юнацтва... Наогул вельмі важна рэалізоўваць грамадзянскія ініцыятывы, таму што гэта аб’ядноўвае. Мы ствараем камфортныя ўмовы для пражывання нашых грамадзян, і, вядома, робім нашу краіну, нашу Мінскую вобласць прывабнай для гасцей».
Кірункі, па якіх жыхары цэнтральнага рэгіёна прадставілі свае праекты на конкурс, разнастайныя: захаванне гістарычнай памяці, культурнай спадчыны, добраўпарадкаванне, азеляненне, стварэнне лакацый для адпачынку...
Напрыклад, прадстаўнікі Дзяржынскага раёна выступілі з трыма ініцыятывамі. Па-першае, прапануецца рэканструяваць мемарыяльны комплекс імя Марата Казея ў вёсцы Станькава — знакавае месца не толькі для Мінскай вобласці, але і ў цэлым для краіны. Яшчэ адна ідэя — стварэнне патрыятычнай экасцежкі на месцы былой савецка-польскай граніцы ў вёсцы Паланевічы Бароўскага сельскага Савета. Экасцежку можна было б уключыць у Рэспубліканскі турыстычны маршрут, што забяспечыла б прыцягненне турыстаў, а таксама развіццё мясцовай інфраструктуры. Акрамя таго, у Дабрынёўскім сельскім Савеце прапануецца стварэнне «Парку сяброў» каля Дома культуры — месца адпачынку для мясцовых жыхароў.
Старшыня Дзяржынскага раённага Савета дэпутатаў Яўген Скарабагаты расказаў, што мясцовыя жыхары з задавальненнем гатовыя падключыцца да сумеснага фінансавання, якое з’яўляецца абавязковай умовай. Ён таксама параўнаў удзел у конкурсе са старадаўнім славянскім звычаем калектыўнай узаемадапамогі — талакой. «Дзяржынскаму раёну сёлета выпаў вялікі гонар прымаць абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі „Дажынкі-2026“, — дадаў старшыня Дзяржынскага раённага Савета дэпутатаў. — Раён на працягу года будзе сталіцай Мінскай вобласці, і ў рамках падрыхтоўкі да мерапрыемстваў вельмі важны этап — удзел у конкурсе на рэалізацыю грамадзянскіх ініцыятыў. Мы вельмі спадзяёмся на перамогу».
А ў Старадарожскім раёне на перамогу ў конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў прэтэндуе праект па стварэнні веладома. «Веларух набірае ўсё большую папулярнасць: гараджане ўсё часцей выкарыстоўваюць веласіпед як транспартны сродак і сродак для фізічнай актыўнасці, — расказаў старшыня Старадарожскага раённага Савета дэпутатаў Дзмітрый Давыдаў. — А таму нашы ініцыятыўныя грамадзяне пры падтрымцы свайго дэпутата вырашылі выступіць з праектам па стварэнні аб’екта, які не толькі ўдала ўпішацца ў гарадское асяроддзе, але і зробіць жыццё веласіпедыстаў больш камфортным. Веладом уяўляе сабой зручную закрытую паркоўку для 50 веласіпедаў».
Яна ВАЛАСАЧ
Фота Ксеніі ЛІННІК