Top.Mail.Ru

Якія галіны сталі драйверамі росту ВУП у I квартале

ВУП у Беларусі ў першым квартале бягучага года вырас на 3,1% пры прагнозе 2,7%. Якія галіны спрацавалі лепш, чым чакалася, расказаў першы намеснік міністра эканомікі Андрэй Картун.


Ключавымі драйверамі росту сталі будаўніцтва (рост на 15,6%), прамысловасць (2%), сфера інфармацыі і сувязі (6,1%) і гандаль (3,3%). «Старт нядрэнны — на 0,4% пункта апярэджанне прагнознага графіка», — адзначыў Андрэй Картун.

Галоўным драйверам, які паўплываў на тое, каб ВУП быў вышэйшы за прагнозныя значэнні, стала будаўніцтва. «Тэмп росту 115,6% пры ўкладзе амаль 8% — гэта істотна», — падкрэсліў першы намеснік міністра.

Перавыкананы план па жыллёвым будаўніцтве — фактычна ўведзена звыш 900 тыс. кв. м, тэмп росту — 118%. Арганізацыі са студзеня ўключыліся ў работу, аператыўна былі прыняты ўсе неабходныя рашэнні. Актыўна вялося будаўніцтва дарог — тэмп 122%.

Прамысловасць таксама дэманструе ўстойлівы рост. У параўнанні з мінулым годам дынаміка крыху ніжэйшая на фоне высокай базы 2024-га, але ўжо ў сакавіку тэмпы пачалі паскарацца.

З другой паловы 2024-га аднаўляецца ІТ-сфера. Андрэй Картун нагадаў, што ў пікавыя часы ўклад IT-сферы ў ВУП перавышаў 7%, а цяпер — каля 3%. «Крыху вышэйшы стаў, але ёсць куды расці», — сказаў першы намеснік міністра. Паводле яго слоў, зрухі ў сферы ідуць не толькі таму, што спрацавалі рэгулятарныя меры, — унутры сферы намеціліся станоўчыя тэндэнцыі. IT-сектар пачаў прыбаўляць па колькасці занятых: за мінулы год прырост спецыялістаў склаў 1,5 тыс. чалавек.

«З улікам мер па раскручванні ўнутранага попыту на IT-прадукты, у тым ліку з боку дзяржавы, у IT-галіны ёсць усе шанцы стаць, як і некалькі гадоў таму, асноўным драйверам росту эканомікі», — сказаў першы намеснік міністра.

Паводле яго слоў, упэўнена можна канстатаваць, што рэзідэнты ПВТ «адаптаваліся да тых умоў, якія адбываліся пасля 2022 года». Калі да 2022 года асноўнымі экспартнымі рынкамі былі краіны ЕС і ЗША, то зараз — краіны СНД. Адзначаецца выбухны рост удзельнай вагі краін СНД і Азіі — фактычна ў 3 разы — і істотнае падзенне ўдзельнай вагі ЕС і ЗША. «Мы гатовы працаваць і выконваць заказы любой краіны, але санкцыйныя абмежаванні вымушаюць нашы ІТ-кампаніі, у тым ліку рэзідэнтаў ПВТ, шукаць альтэрнатыўныя шляхі. І яны іх знаходзяць», — заявіў Андрэй Картун.

Ён звярнуў увагу, што раней прадстаўнікі ІТ-сферы адзначалі, што ў Беларусі няма вялікага ўнутранага попыту на ІТ-прадукты і паслугі. «Унутраны попыт сфарміраваўся і дастаткова хутка расце», — сказаў Андрэй Картун. Беларусь мае намер актыўна развіваць лічбавую эканоміку і ставіць задачу выйсці за некалькі гадоў на ўклад ІТ-галіны ў ВУП больш як 7,5%, дадаў ён.

Гаворачы аб далейшых прагнозах, Андрэй Картун не выключыў, што ў другім-трэцім кварталах тэмпы могуць недзе запаволіцца, але ў цэлым эканоміка павінна выйсці на мэтавы арыенцір, калі нічога не перашкодзіць. «Не плануем змяншаць абароты. Будзем вырашаць пытанні на знешніх рынках. Спадзяюся, што, прынамсі, будзем выконваць мэтавы арыенцір на гэты год», — сказаў першы намеснік міністра.

Ён таксама адзначыў, што рост ВУП адбіваецца на даходах насельніцтва. Захоўваецца нізкі тэмп інфляцыі (да 6%).

Фота: БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю