Адразу некалькі астранамічных з’яў змогуць назіраць жыхары Зямлі ў студзені. Пра гэта паведаміў ТАСС інжынер вучэбнай астранамічнай абсерваторыі Уральскага федэральнага ўніверсітэта Уладзілен Санакоеў. Паведаміла БелТА.
У ноч на 2 студзеня Месяц наблізіцца да Зямлі прыкладна на 360 тыс. км. «Месяц з 1 па 3 студзеня будзе большым за звычайны, а 3 студзеня дасягне поўні. У гэты ж дзень Зямля наблізіцца да Сонца на мінімальную адлегласць па сваёй арбіце — на 147,1 млн км», — прывёў даныя навуковец.
А ў ноч з 3 на 4 студзеня чакаецца пік метэорнага патоку Квадрантыды — ад 60 да 100 метэораў за гадзіну. Аднак, паводле інфармацыі спецыялістаў, умовы назіранняў пагоршыць поўня. Свяціла не дазволіць убачыць слабыя метэоры. Назіраць паток рэкамендуецца бліжэй да раніцы ва ўсходняй частцы неба.
6 студзеня падчас усходу Месяца адбудзецца пакрыццё зоркі Рэгул у сузор’і Льва, якая ўваходзіць у спіс 25 самых яркіх зорак неба. Для назіранняў спатрэбіцца бінокль або тэлескоп.
У ноч з 9 на 10 студзеня Зямля апынецца на самай малой адлегласці ад самай буйной планеты Сонечнай сістэмы — Юпітэра, адлегласць складзе 633 млн км. Акрамя таго, можна будзе ўбачыць чатыры самыя яркія спадарожнікі гэтай планеты: Іо, Еўропу, Ганімед і Каліста — у гэтай паслядоўнасці спадарожнікі выбудуюцца 15 студзеня, а 17 студзеня яны ўтвораць сіметрычную карціну вакол Юпітэра.
Па вечарах у паўднёва-заходняй частцы неба ў студзені жыхары Зямлі змогуць назіраць Сатурн. 1, 9 і 17 студзеня побач з планетай можна будзе заўважыць яе найбуйнейшы спадарожнік Тытан, які будзе праходзіць за дыскам Сатурна або па ім. Акрамя таго, увечары 30 студзеня жыхары змогуць убачыць збліжэнне трох самых яркіх начных свяцілаў — Месяца, Юпітэра і зоркі Сірыус, якія апынуцца на мінімальнай адлегласці адно ад аднаго на небасхіле. Месяц і Юпітэр размесцяцца бліжэй да паўночы на вышыні больш за 50 градусаў над лініяй гарызонту, а амаль каля самага гарызонту, на вышыні каля 15 градусаў, будзе самая яркая зорка неба — Сірыус.