Top.Mail.Ru

Якія акцэнты захоўвае кінафорум «Еўразія. DOC»

На вастрыі жыцця і праўды


Міжнародны фестываль дакументальнага кіно «Еўразія. DOC» зноў сабраў прафесіяналаў і аматараў дакументалістыкі, каб нагадваць і гаварыць пра актуальнае, важнае і жыццесцвярджальнае. Кінафорум стартаваў 28 верасня ў Смаленску.

Расці, не губляючы асновы

— Да дзясятага кінафоруму мы ішлі доўга і няпроста. 

Былі свае спакусы і перашкоды, знешнія абставіны, але ўсе іх мы пераадолелі. І цяпер разумеем, што праект склаўся, набыў свае контуры і фарматы, стаў вядомым і заўважным на ўсёй еўразійскай прасторы, — адзначыў дырэктар Міжнароднага фестывалю дакументальнага кіно краін СНД «Еўразія. DOC», журналіст, прадзюсар, рэжысёр Валерый ШЭХАЎЦОЎ.

Акрамя прадстаўнікоў Расіі, Беларусі, Казахстана, Узбекістана і Кыргызстана, сёлета ў фестывалі ўдзельнічаюць кінадакументалісты з Кітая, Ірана і Малдовы. У адборы ўдзельнічалі сотні аўтараў — арганізатары атрымалі 413 заявак з 17 краін свету. З іх у фінальную конкурсную праграму адабралі 34 кінастужкі. А ў шорт-ліст маладзёжнага конкурсу «Еўразія. DOC: 4 хвіліны» ўвайшлі 14 работ ад аўтараў з Беларусі, Расіі, Кітая і Балгарыі.

— Хачу падкрэсліць, што дадатковага сімвалізму сёлетняму кінафоруму надае і тое, што Смаленск з’яўляецца ў гэтым годзе маладзёжнай сталіцай у Расіі, а Мінск — маладзёжнай сталіцай у Беларусі, — дадаў выканаўчы дырэктар фестывалю «Еўразія. DOC», старшыня праўлення ГА «Беларускі саюз журналістаў» Андрэй КРЫВАШЭЕЎ. — І хораша, што наш фестываль падтрымлівае таксама маладзёжны дакументалісцкі, журналісцкі рух, тым самым упісваецца ў маштабную гадавую праграму дзвюх сталіц нашага кінафоруму.

Гісторыя і свет жанчыны

Як ужо вопытных кінадакументалістаў, так і маладых аўтараў хвалююць самыя розныя тэмы, але ў цэнтры, вядома, знаходзіцца чалавек, яго ўчынкі, выбар і каштоўнасці, праз якія счытваецца асоба, рэакцыі на выклікі рэчаіснасці і пераасэнсаванне мінулага.

Ключавымі тэмамі кінафоруму сёлета сталі 85-годдзе пачатку Вялікай Айчыннай вайны і генацыд савецкага народа. У цэнтры ўвагі таксама ўнікальны свет жанчыны, чалавек у зменлівым свеце, аўтарскія разважанні пра малую радзіму, прыроду, пераадоленне жыццёвых абставін у розных кантэкстах.

— Фільмы, прысвечаныя ў шырокім сэнсе свету жанчыны, прыйшлі на наш фестываль ад аўтараў з розных краін. І іх гераіні — гэта жанчыны, якія пераадольваюць і вайну, і нейкія іншыя жыццёвыя выпрабаванні, умеюць сумяшчаць кар’еру з клопатам пра сямейныя каштоўнасці, — расказаў Андрэй Крывашэеў. — Калі кінадакументалісты ўглядаюцца ў гэты свет жанчыны, то знаходзяць там вялікую прастору для захаплення і творчасці.

Адкрыць для сябе гэтыя кінааповеды шырокая аўдыторыя мае магчымасць падчас кінапаказаў у сталічным кінатэатры «Перамога». А вось на лакацыях, дзе запланаваны дыскусійныя пляцоўкі, можна пачуць меркаванні экспертаў па шэрагу актуальных тэм. Напрыклад, сёння ў Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адбудзецца круглы стол «Гадавіна пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Генацыд савецкага народа», а ў Інстытуце гісторыі НАН запланавана сугучная навукова-адукацыйная канферэнцыя «Генацыд савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны». У сценах Акадэміі мастацтваў пройдзе другая частка паказаў і абмеркаванняў маладзёжнага конкурсу «Еўразія. DOC: 4 хвіліны».

Пасля заканчэння фестывалю яго «адгалоскі» ў выглядзе кінапаказаў і абмеркаванняў яшчэ пачуюць і ў іншых гарадах розных краін, таму што добрае дакументальнае кіно заўсёды дае нагоду для шчырых размоў і глыбокіх роздумаў.

Алена ДРАПКО

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю