Top.Mail.Ru

Якім чакаецца новы аздараўленчы сезон у беларускіх здраўніцах?

Сёлета ў Беларусі адкрыюцца два новыя дзіцячыя лагеры, а пяць санаторыяў прырастуць новымі карпусамі, павялічыўшы свой ложкавы фонд. Улічваючы павышаны попыт на санаторна-курортныя паслугі як на ўнутраным рынку, так і з боку замежных грамадзян, новыя месцы пуставаць не будуць. Мінулы год стаў рэкордным для айчынных здраўніц па ўсіх паказчыках, улічваючы запаўняльнасць. У нашых санаторыях летась адпачылі 1 мільён 565 тысяч чалавек. Адзін са складальнікаў такога высокага попыту — суадносіны даступнай цаны і высокай якасці медыцынскіх і аздараўленчых паслуг у беларускіх здраўніцах. І сёлетні год, калі браць да ўвагі цяперашнія тэндэнцыі, абяцае быць, прынамсі, не горшым.


Ажыятажны попыт

На люты ў беларускіх санаторыях забраніравана 71 % месцаў, на сакавік — 68 %, на красавік — 62 %, на май — 52 %. Ужо адкрыта браніраванне на летні перыяд. Акрамя таго, мяркуецца, што ў перыяд летняй дзіцячай аздараўленчай кампаніі лагеры розных тыпаў наведаюць больш як 400 тысяч дзяцей. У мінулым годзе ў летніх лагерах адпачылі 399 тысяч дзяцей.

— Улічваючы тую ж дынаміку росту попыту, мы думаем, што сёлета гэта лічба перавысіць 400 тысяч, — адзначыў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь Балбатоўскі. — Фінансаванне ёсць. Упэўнены, што ўсе дзеці, якія маюць патрэбу і ахвоту, пройдуць аздараўленне ў перыяд летняй кампаніі 2025 года. На вясновых канікулах мы плануем аздаравіць у лагерах каля 70 тысяч дзяцей.

Генадзь Балбатоўскі паведаміў, што ёсць лагеры, у якія пуцёўкі разлятаюцца літаральна за дзень. Напрыклад, у дзень старту продажаў пуцёвак у «Зубраня» яны былі распрададзены, у прыватнасці на другую і трэцюю змены, якія карыстаюцца найбольшай папулярнасцю. У два лагеры прадпрыемства «Гарызонт» у першы дзень анлайн-продажаў 19 тысяч карыстальнікаў захацелі набыць пуцёўкі, і сайт не справіўся з нагрузкай. Аднак пуцёўкі ў гэтыя лагеры можна ўзяць на першую, чацвёртую і пятую змены.

Акрамя таго, у новым аздараўленчым сезоне да 146 дзейных лагераў дададуцца два новыя. Таксама павялічыцца ложкавы фонд некаторых санаторыяў. Увогуле ж люты аб’яўлены месяцам лячэбна-аздараўленчага турызму. Будзе праведзена шмат мерапрыемстваў, накіраваных на папулярызацыю лячэбна-аздараўленчых устаноў. Зрэшты, беларускія санаторыі асаблівай патрэбнасці ў рэкламе не маюць. Аздараўлівацца прыязджаюць госці з усіх пяці кантынентаў: летась у нас пабывалі жыхары 63 краін свету, уключаючы Аўстралію, Паўднёвую Амерыку і Афрыку.

Колькі будзе каштаваць пуцёўка?

Што датычыцца цэн, то для пуцёвак Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні кошт аднаго ложка-дня складзе 61,5 рубля. Для пуцёвак у свабоднай рэалізацыі прагназуецца рост у межах макраэканамічных паказчыкаў. У першым квартале, напрыклад, яна складае каля 110 рублёў, гэта ніжэй за паказчык снежня 2024 года.

Сярэдні кошт аднаго ложка-дня летась па пуцёўцы, набытай за сродкі бюджэту, складаў 54 рублі. У свабоднай рэалізацыі кошт у сярэднім быў напалову большы — 110 рублёў.

Рэкордныя паказчыкі

Пачынаючы з 2006 года, калі была праведзена рэформа сістэмы санаторна-курортнага лячэння, мінулы год для беларускіх здраўніц стаў рэкордным па ўсіх паказчыках. Напрыклад, выручка ад санаторна-курортных паслуг у 2024 годзе павялічылася больш як на 24 % і перасягнула 1 мільярд 8 мільёнаў рублёў. На 70,5 тысячы (больш чым на 10 %) павялічылася колькасць пуцёвак, набытых у свабоднай рэалізацыі.

Аналагічная тэндэнцыя прасочваецца і па экспарце лячэбна-аздараўленчых паслуг. Атрымана самая высокая выручка з 2006 года. Рост экспарту склаў 29 %, і сума выручкі ад гэтых паслуг перасягнула 402 мільёны рублёў. Колькасць замежных грамадзян, якія прайшлі санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне ў нашых санаторыях, таксама дасягнула рэкорднай лічбы — 246,5 тысячы чалавек, якая ў параўнанні з мінулым годам вырасла на 29 тысяч.

Уласнікі ўстаноў аздараўлення і дзяржаўныя ўстановы ідуць у нагу з часам, і шмат сродкаў укладзена ва ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы. На гэта было выдзелена больш як 219 мільёнаў рублёў, што амаль у паўтара раза больш, чым у мінулым годзе.

Максімальных значэнняў дасягнула сярэднегадавая запаўняльнасць — яна склала 84,3 %. Усяго ж санаторна-курортнае лячэнне ў нашых установах прайшлі 1 мільён 565 тысяч чалавек. Навагоднія святы здраўніцы таксама адпрацавалі з максімальнай загрузкай: у гэты час санаторыі наведала звыш 26 тысяч чалавек, з іх — каля 11 тысяч замежных грамадзян.

— Улічваючы, што пастаўлена задача менавіта па нарошчванні эканамічнага складальніка, хачу адзначыць, што былі выкананы ўсе сацыяльныя праекты і дзяржаўныя праграмы. За кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту і фонду дзяржаўнага сацыяльнага страхавання былі аздароўлены і прайшлі лячэнне больш як 807 тысяч жыхароў Беларусі. Прыярытэтным кірункам, як заўсёды, у нас застаецца аздараўленне і лячэнне дзіцячага насельніцтва. Сёння ўсе дзеці, якія маюць патрэбу, паказанні і адсутнасць супрацьпаказанняў на лячэнне або аздараўленне, на працягу года яго атрымалі. Гэта датычыцца і дзяцей, якія жывуць на забруджаных тэрыторыях, — падкрэсліў Генадзь Балбатоўскі.

Ільготы для пенсіянераў

Адметна, што летась амаль на пяць тысяч чалавек у параўнанні з 2023 годам павялічылася колькасць пенсіянераў, накіраваных у санаторыі за кошт рэспубліканскага бюджэту.

— Гэта дынаміка таксама адна з самых істотных за апошнія гады. Мы будзем і далей нарошчваць колькасць пуцёвак для такіх катэгорый грамадзян. Што датычыцца льгот і зніжак, у адпаведнасці з указам інваліды І і ІІ групы маюць права на бясплатнае санаторна-курортнае лячэнне адзін раз на два гады. Пенсіянеры з сярэдняй статыстычнай пенсіяй, як правіла, аплачваюць каля 15–20 % ад кошту пуцёўкі ў залежнасці ад сезона, — нагадаў Генадзь Балбатоўскі.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю