Top.Mail.Ru

Якім быў рынак нерухомасці летась і чаго чакаць сёлета?

Рынак нерухомасці Беларусі ў мінулым годзе характарызаваўся ростам цэн на кватэры (на больш чым 20 % за год у сталіцы) на фоне зніжэння актыўнасці пакупнікоў і памяншэння колькасці прапаноў. Чаму самым актыўным па куплі-продажы кватэр стаў кастрычнік? Якія дамы карыстаюцца папулярнасцю ў пакупнікоў? Чаго чакаць ад рынку нерухомасці ў 2026 годзе? Пра асноўныя тэндэнцыі расказала начальнік упраўлення ацэнкі Нацыянальнага кадастравага агенцтва Вераніка САЛАЎЁВА.


Прададзена менш, чым у 2024-м

Нацыянальнае кадастравае агенцтва штоквартальна маніторыць рынак нерухомасці і рыхтуе аб’ектыўны аналіз на падставе даных дзяржаўных рэсурсаў.

У 2025-м ёмістасць рынку кватэр у Мінску склала 1 мільярд 380 мільёнаў долараў (без уліку долевага будаўніцтва). За год было прададзена 786 тысяч квадратных метраў жылля. Гэта менш, чым у 2024-м, калі прадалі 990 тысяч квадратных метраў. У абласных цэнтрах сумарна ёмістасць рынку склала каля 450 мільёнаў долараў.

Актыўнасць рынку ў 2025 годзе знізілася ў параўнанні з 2024-м. Было праведзена 15,1 тысячы здзелак. Для параўнання: у 2024-м было праведзена больш за 19 тысяч здзелак.

— Актыўнасць рынку за мінулы год зніжалася, аднак цэнавыя паказчыкі працягвалі плаўна рухацца ўверх, — канстатуе Вераніка Салаўёва.

Самы актыўны месяц — кастрычнік

Пасля таго як некаторыя банкі абвясцілі больш прывабныя ўмовы крэдытавання, на рынку адбыўся ўсплёск здзелак. У кастрычніку іх было здзейснена 1470, ён стаў самым актыўным месяцам 2025-га.

— На працягу ўсяго года рост даходаў насельніцтва, стабільнасць беларускага рубля ў адносінах да долара і еўра, а таксама банкі па ўмовах крэдытавання падтрымлівалі плацежаздольны попыт, і гэта прывяло да паступовага павышэння цэн, — адзначае суразмоўніца.

За год сярэднія цэны ў доларавым эквіваленце выраслі на 23 %. Калі ж весці размову пра дамы, пабудаваныя пасля 2010-га, якія карыстаюцца павышаным попытам, то цэны на іх выраслі яшчэ больш — на 26 %. Цікавасць да новых дамоў па-ранейшаму застаецца стабільнай.

Дынаміка ў беларускіх рублях крыху іншая. Рост цэн на рынку нерухомасці склаў 8 %. Пры гэтым у другім квартале кошт квадратнага метра ў рублях нават знізіўся, хоць і нязначна, але потым цэны і ў рублях пачалі павышацца.

Попыт на новыя дамы

На канец года цэны ў сталіцы на другасным рынку на аднапакаёвыя кватэры зафіксаваліся на ўзроўні 2100 долараў за квадратны метр, на двухпакаёвыя — 1870, на трохпакаёвыя — 1720. Аднак гэтыя лічбы характэрныя для новых дамоў, у прыватнасці тых, што былі ўведзены на працягу аднаго года перад ажыццяўленнем здзелкі.

Што датычыцца структуры здзелак па куплі-продажы, то ў чацвёртым квартале мінулага года на долю кватэр коштам звыш 100 тысяч долараў прыпала каля 35 % здзелак. Таксама варта адзначыць, што амаль чвэрць здзелак прыйшлася на дамы, пабудаваныя пасля 2010-га.

Чаго чакаць ад рынку нерухомасці сёлета?

Агульную тэндэнцыю, у якой пакуль знаходзяцца і пакупнікі, і прадаўцы, можна абазначыць як нявызначанасць.

— Улічваючы цыклічнасць развіцця эканомікі, мы цяпер бачым трэнд на зніжэнне колькасці здзелак і рост цэн, які працягваецца. Аднак гэта павелічэнне цэн забяспечана і ростам даходаў насельніцтва. Таму сёлета такі ўзровень цэн альбо захаваецца — і гэта стане нашай новай рэальнасцю, — альбо зменіцца, — адзначае Вераніка Салаўёва.

На тое, як актыўна змогуць пакупнікі набываць сабе кватэры ў 2026 годзе, будуць уплываць і такія істотныя фактары, як аб’ём новага будаўніцтва і стаўкі па крэдытах.

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю