У рамках Дзяржпраграмы «Культура Беларусі» прадугледжана далейшае развіццё і ўдасканаленне архіўнай дзейнасці. Як заўважыў міністр юстыцыі Яўген Каваленка, гэта работа будзе працягвацца з улікам зробленага за папярэдні перыяд.
«За мінулы год у Нацыянальны архіўны фонд прынята на захоўванне і належным чынам аформлена больш за сто пяцьдзясят пяць тысяч матэрыялаў. Гэта важная работа, таму што архівы з’яўляюцца, па-сутнасці, дакументальнай скарбніцай для наступных пакаленняў. І гэта інфармацыя будзе запатрабавана на працягу многіх гадоў, — адзначыў Яўген Каваленка. — Яшчэ адзін важны момант — лічбавізацыя. У першую чаргу — асабліва каштоўных матэрыялаў, якія захоўваюцца ў Нацыянальным архіўным фондзе. За мінулы год у лічбавы фармат пераведзены больш за два мільёны шэсцьсот тысяч старонак. Работа працягваецца і будзе павялічвацца ў аб’ёмах».
Як паведаміў Яўген Каваленка, паляпшаецца матэрыяльна-тэхнічная база: закупляюцца сканеры, якія дазваляюць хутчэй алічбоўваць матэрыялы і забяспечваць іх лічбавае захоўванне.

Ён дадаў, што яшчэ адным кірункам работы з’яўляецца выкарыстанне ўсяго таго інфармацыйнага і гістарычнага багацця, якое ёсць у архівах, у рамках культурнай, інфармацыйнай, прапагандысцкай і асветніцкай работы з рознай аўдыторыяй — школьнікі, дзеці, падлеткі, працоўныя калектывы і работнікі розных дзяржаўных устаноў.
Архіўнае захоўванне дакументаў — гэта заўсёды высокатэхналагічны працэс, сучаснае абсталяванне, звязанае не толькі з падтрыманнем тэмпературнага рэжыму, гэта і абсталяванне, звязанае з пажарнай бяспекай. Міністр юстыцыі адзначыў, што дзяржава развівае матэрыяльна-тэхнічную базу архіўных устаноў. За 2024–2025 гады ўведзены ў эксплуатацыю чатыры абсалютна новыя архівасховішчы — у Гомелі, Гродне, Магілёве і Віцебску. Працягваецца работа па рэканструкцыі будынка Беларускага дзяржаўнага архіва, а таксама архіва кінафотафонадакументаў у Дзяржынску.
«Плануем завяршыць сёлета да Дня Незалежнасці. Таксама вядзецца работа па будаўніцтве новага комплексу ў Мінску», — адзначыў міністр юстыцыі. Яўген Каваленка расказаў, што новы комплекс у сталіцы стане своеасаблівым хабам, на базе якога будуць захоўвацца не толькі дакументы, але і весціся работа па ўсіх кірунках архіўнай галіны, ажыццяўляцца лічбавае развіццё гэтай сферы, правядзенне навуковых даследаванняў і, вядома, папулярызацыя архіўных матэрыялаў.
Што датычыцца тэрмінаў, Яўген Каваленка адзначыў, што, згодна з дакументацыяй, работа павінна быць завершана ў 2027 годзе. Аднак прыкладаюцца ўсе намаганні, каб аб’ект адкрыўся як мага раней.
Надзея ЗУЕВА
Фота БелТА