Top.Mail.Ru

Якім будзе новы мост паміж Лунінецкім і Столінскім раёнамі?

Першыя аўтамабілі паедуць ужо ў 2027 годзе

Новы аўтамабільны мост пабудуюць у Брэсцкай вобласці. Пуцеправод звяжа Лунінецкі і Столінскі раёны. Планаваная прапускная здольнасць аб’екта — 1600 аўтамабіляў за суткі, пра гэта расказалі ў Брэсцкім аблвыканкаме.

Будаўніцтва аўтамабільнага моста цераз Прыпяць у Брэсцкай вобласці рэалізуюць у паскораныя тэрміны. Гэта даручэнне кіраўніка дзяржавы. Праект мае вялікае значэнне для жыхароў і гасцей Палесся. У цяперашні час самы кароткі шлях для аўтамабіляў паміж раённымі цэнтрамі Лунінец і Столін складае 46 км і прадугледжвае перасячэнне Прыпяці праз паромную пераправу, якая мае абмежаванні па габарытах і вазе транспартных сродкаў, яе работа залежыць ад умоў надвор’я. Іншыя маршруты для аўтамабільнага транспарту пралягаюць у аб’езд праз Пінск (125 км) або Жыткавічы (180 км).

Як расказаў намеснік Брэсцкага аблвыканкама па будаўніцтве Вадзім Альшэўскі, ужо вызначаны генеральная праектная і генеральная падрадная арганізацыі, максімальна спрошчаны пытанні праектавання. «Даўжыня моста 500 м, плюс падыходы да яго па 10 км з кожнага раёна. Трэба завезці каля мільёна тон сыпкіх матэрыялаў і арганізаваць іх кладку ў земляное палатно. Асноўная нагрузка ляжа на падрадчыка — «Мостабуд», — падкрэсліў Вадзім Альшэўскі.

Першыя аўтамабілі паедуць па новым мосце ўжо ў 2027 годзе. У адпаведнасці з распараджэннем Прэзідэнта рэгіёны атрымаюць новую надзейную транспартную артэрыю, якая забяспечвае максімальную даступнасць населеных пунктаў, бяспечны і камфортны дарожны рух для ўсіх яго ўдзельнікаў.

Фота носіць ілюстрацыйны характар

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю