Подзвіг унутры чалавека.
Фільм аб подзвігу ваенных лётчыкаў Мікіты Куканенкі і Андрэя Нічыпорчыка здымае Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм». Нагадаем, 19 мая 2021 года ў Баранавічах падчас вучэбна-трэніровачнага палёту пацярпеў крушэнне ваенны самалёт Як-130. У крытычнай сітуацыі лётчыкі цаною свайго жыцця адвялі практычна некіруемы самалёт ад жылых будынкаў. Пасмяротна ім прысвоена званне Герояў Беларусі.
Першы здымачны дзень фільма пад працоўнай назвай «Адно на дваіх» пра подзвіг ваенных лётчыкаў Мікіты Куканенкі і Андрэя Нічыпорчыка прайшоў 12 чэрвеня на тэрыторыі лётнага корпуса Ваеннай Акадэміі Рэспублікі Беларусь.
Па словах рэжысёра Івана ПАЎЛАВА, гэты фільм будзе не толькі пра ваенны лёс нашых герояў, але і пра іх звычайнае жыццё.

— Подзвіг нараджаецца і ў побыце, і ў каханні, і ў нейкіх учынках, якія мы здзяйсняем кожны дзень. Лакацыі будуць самыя розныя — у Магілёве, Бабруйску, Лідзе і, канешне ж, у Баранавічах, дзе быў здзейснены подзвіг. З пункту гледжання гістарычнай праўды, 70% — гэта рэальныя гісторыі, якія з імі адбываліся, але я падкрэсліваю, што гэта мастацкі твор, — падзяліўся ён.Таксама рэжысёр зазначыў, што вельмі важная ў гэтай карціне і лірычная частка. Акрамя таго, Іван Паўлаў прызнаўся, што з усіх сваіх работ лічыць гэту самай складанай.
— У мастацкім творы павінны быць завязка, кульмінацыя, развязка, канфлікт. А калі не было ў рабят канфлікту ў жыцці? Прыдумаць яго — крыху няправільна, зрабіць нейкую сітуацыю, як у іншых фільмах, напрыклад, небяспекі для нашай краіны — таксама няправільна. Не пра гэта кіно, а пра нараджэнне подзвігу ўнутры чалавека. Таму, магчыма, некаторыя гледачы скажуць, што фільм нецікавы. Але гэта не дэтэктыў і не меладрама, гэта біяграфія, — падзяліўся ён.Далей рэжысёр падкрэсліў, што на яго плячах ляжала вялізная адказнасць, у тым ліку і перад сваякамі герояў, з якімі ўзгаднялі практычна кожную сцэну. Завярджалі ў сваякоў і выканаўцаў галоўных роляў.
Так, ролю Мікіты ў фільме выканае Ягор ЧУБАКОЎ. Па прафесіі малады чалавек інжынер. Трапіў у праект дзякуючы кастынгу. Хлопец прызнаўся, што ў іх з Мікітам ёсць пэўнае падабенства ў характары.

— Мы абодва дабрадушныя і месцамі наіўныя летуценнікі. Пры гэтым ёсць і цвёрдасць, якая дапамагае не адступіць назад у цяжкай сітуацыі, — сказаў ён.Адметна і тое, што на пэўных этапах Міністэрства абароны брала ўдзел у карэкціроўцы праекта, падказвала правільны кірунак развіцця сцэнарыя, бо ёсць прафесійныя нюансы, на якія трэба звяртаць увагу. Пра гэта расказаў намеснік камандуючага ВПС і войскамі СПА па ідэалагічнай рабоце, палкоўнік Эдуард ЖМАКІН.

— Гэта работа праводзілася на працягу трох гадоў. Мы з рэжысёрам неаднаразова абгаворвалі асобныя сцэны. Спадзяюся, вынік нашай работы будзе бачны ўжо на фінішы, калі здымецца поўнаметражная кінастужка, — падзяліўся ён.Выхад кінастужкі ў пракат плануецца 19 мая 2026 года ў дзень пяцігадовай гадавіны з дня подзвігу Герояў Беларусі.
Лізавета ГОЛАД, фота аўтара.