Міністр працы і сацыяльнай абароны Наталля Паўлючэнка расказала на пашыраным пасяджэнні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах, якім будзе бюджэт Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва на 2026 год, паведаміла БелТА.
У бюджэт Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва на 2026 год запланаваны даходы на ўзроўні Br39 млрд, што на Br3,8 млрд больш, чым у бягучым годзе, — амаль 111 % росту. Асноўнай крыніцай даходаў традыцыйна з’яўляюцца страхавыя ўзносы, якія складаюць каля 93 % бюджэту фонду, расказала Наталля Паўлючэнка.
«Сярод плацельшчыкаў узносаў вылучаюцца індывідуальныя прадпрымальнікі і яшчэ адна катэгорыя, якая паступова займае ўсё большую долю ў даходнай частцы бюджэту фонду, — гэта плацельшчыкі, якія выплачваюць у бюджэт фонду частку падатку на прафесійны даход. Таксама плануюцца паступленні па ўзносах на прафесійнае пенсіённае страхаванне, што звязана з тым, што ўсё больш грамадзян, якія працуюць у асаблівых умовах працы, выбіраюць даплату да зарплаты замест назапашвання пенсіі. Па выніках 9 месяцаў 2025 года такіх работнікаў ужо 169 тыс., што складае амаль 51 % ад агульнай колькасці занятых у асаблівых умовах, у той час як у 2023-2024 годзе іх было крыху больш за 140 тыс. (каля 40 %)», — адзначыла міністр.
Класічным складнікам бюджэту фонду з’яўляецца субвенцыя з рэспубліканскага бюджэту ў памеры амаль Br2 млрд, што складае каля 5 % даходаў. Гэтыя сродкі кампенсуюць нестрахавыя расходы фонду, пры гэтым страхавыя ўзносы ідуць на павелічэнне страхавых артыкулаў расходу. З 2023 года фонд працуе з прафіцытам і з’яўляецца самадастатковым, падкрэсліла яна.
Расходная частка бюджэту фонду складае Br38,5 млрд — плюс Br5,7 млрд, што на 17,3 % больш у параўнанні з мінулым перыядам. Каля 81 % выдаткаў прыпадае на пенсіі, што складае прыкладна Br31 млрд — на Br4, 9 млрд больш, чым у 2025 годзе, гэта значыць рост парадку 18,5 %.
У краіне налічваецца 2,4 млн пенсіянераў, з якіх 2 млн атрымліваюць працоўныя пенсіі. У складзе пенсій таксама ёсць сацыяльныя выплаты на суму каля Br0,5 млрд, што складае 1,6 % усіх расходаў, — іх атрымліваюць прыкладна 86 тыс. пенсіянераў. Сярэдні памер пенсіі ў наступным годзе павялічыцца на 14,5 % і складзе Br1107, тады як у гэтым ён плануецца на ўзроўні Br942.
Замежныя пенсіі на 2026 год складаюць Br288 млн. У краіне пражываюць 35 тыс. замежных пенсіянераў, якім выплачваюцца пенсіі па міжнародных пагадненнях. «Каля 14 тыс. беларускіх пенсіянераў пражываюць за мяжой. Па абедзвюх гэтых групах назіраецца невялікі прырост. Характэрна, што ў ліку замежных пенсіянераў, якія пражываюць у Беларусі, маецца павелічэнне колькасці з Літвы і Латвіі — больш чым па 200 чалавек з кожнай краіны», — звярнула ўвагу Наталля Паўлючэнка.
Расходы на дапамогі складаюць 18 % расходаў бюджэту фонду — амаль Br7 млрд, тэмп росту — амаль 113 %. З агульнай сумы дапамог 53 % прыпадаюць на выплаты па нараджэнні і выхаванні дзяцей — Br3,7 млрд. У гэту суму ўваходзяць аднаразовыя дапамогі пры нараджэнні дзіцяці — Br644 млн з ростам 7 %. Штомесячныя дапамогі па доглядзе дзіцяці да трох гадоў складаюць Br2,3 млрд з ростам 11 %. Атрымальнікамі такіх дапамог з’яўляюцца 172 тыс. чалавек, а сярэдні памер дапамогі па краіне дастаткова камфортны. На першае дзіця плануецца сярэдні памер дапамогі ў памеры Br1045.