На чале народных выбраннікаў Шчучыншчыны вось ужо сёмы год знаходзіцца вопытны кіраўнік з больш як 30-гадовым стажам дзяржслужбы, дэпутат раённага Савета пяці скліканняў. Для старшыні Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў Ганны ХВЯДЗЮК служэнне Радзіме, людзям, якія аказалі ёй высокі давер, — яе жыццёвая місія. Старшыня райсавета перакананая, што без каманды патрыётаў і прафесіяналаў дасягнуць значнага выніку нельга, а таму толькі сумеснымі намаганнямі выканаўчай і прадстаўнічай улады можна рухацца наперад.
— Ганна Станіславаўна, на пасяджэнні 13-й сесіі Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў, у якім узяла ўдзел спікер Савета Рэспублікі Наталля Качанава, разглядаліся пытанні рэалізацыі рэгіянальнага комплексу мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы «Сацыяльная абарона». Наколькі актуальна гэта для Шчучыншчыны?
— Вельмі актуальна, бо больш за 12 тысяч чалавек, якія пражываюць на нашай тэрыторыі, — гэта людзі пенсіённага ўзросту. Імкнёмся дайсці да кожнага. У аддаленых населеных пунктах, дзе складана знайсці сацыяльнага работніка, выкарыстоўваюцца розныя формы сацабслугоўвання.
Гэта і выязное абслугоўванне, і замяшчальныя сем’і, у трох бальніцах створаны аддзяленні сястрынскага догляду. У г. п. Астрына функцыянуе аддзяленне кругласутачнага прыбывання тэрытарыяльнага цэнтра, у якім адначасова жывуць 25 чалавек. Дапамогу людзям аказваюць медыцынскія работнікі, працуюць аглядныя камісіі. У гэтай справе вельмі важна своечасова ўзаемадзейнічаць са старастамі, сельвыканкамамі — гэта паскарае вырашэнне многіх пытанняў.
— Як на тэрыторыі раёна вядзецца работа з пустуючымі хатамі? Ведаю, што ваш вопыт пераймаюць іншыя...
— Гэта работа на тэрыторыі краіны, а адпаведна і раёна, вядзецца з 2006 года. За гэты час дзейнічалі розныя ўказы. Цяпер арыенцір для нас — Указ Прэзідэнта № 116 «Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні работы з пустуючымі дамамі». З уступленнем у сілу дакумента мы разам са службамі райвыканкама сістэматызавалі сваю дзейнасць, выпрацавалі алгарытм работы з пустуючымі дамамі. Дарэчы, у дапамогу і нам, і людзям Адзіны рэестр пустуючых дамоў, які існуе з 1 студзеня 2023 года. Кожны грамадзянін з любога пункта Беларусі можа ўбачыць, якія дамы знаходзяцца ў рэестры, пры жаданні ажыццявіць пакупку за адну базавую, калі няма іншых прэтэндэнтаў, або праз аўкцыён, калі такія прэтэндэнты ёсць. Летась, напрыклад, у нас на набыццёаднаго дома на тэрыторыі Каменскага сельсавета было каля 10 прэтэндэнтаў. У выніку дом прадалі амаль за 29 тысяч беларускіх рублёў.
А ўвогуле, пачынаючы з 2006 года, на тэрыторыі раёна ўдалося знесці больш за 1700 хат. На гэта было выдзелена каля 476 тысяч беларускіх рублёў. У зносе дамоў нам вельмі сур’ёзна дапамагаюць сельскагаспадарчыя арганізацыі.
— Другі бок пытання — наколькі людзі, у тым ліку гараджане, зацікаўлены ў набыцці пустуючай хаты ў сельскай мясцовасці?
— Усё залежыць ад тэрыторыі, на якой яна размешчана. Асабліва цікавяцца, калі дом знаходзіцца недалёка ад горада або ў жывапісным месцы. У Шчучынскім сельсавеце ўвогуле няма праблем з пустуючымі хатамі. У актуальнай базе рэестра на бягучы момант у Шчучынскім раёне знаходзіцца 180 пустуючых дамоў, 145 з іх нашымі сельскімі выканкамамі ўключаны сёлета. Людзей таксама прываблівае спрошчаны парадак набыцця дамоў, калі паміж сабой дамаўляюцца спадчыннік домаўладання і той, хто жадае яго набыць. Прадстаўнікі абодвух бакоў прыходзяць у сельскі выканкам і афармляюць дагавор куплі-продажу па спрошчанай форме — у выніку пытанне вырашаецца хутка.
— Дзякуючы абноўленаму Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб зямлі — так званай зямельнай рэформе — паўнамоцтвы мясцовых органаў улады значна пашырыліся. Ці аблегчылі новаўвядзенні работу ў гэтым кірунку?
— У Шчучынскім раёне зямельная рэформа працуе ва ўсю. Праектны інстытут «Гроднагіпразем» у 2022 годзе аблічбаваў мясцовасць і вылучыў участкі, якія, па іх меркаванні, з’яўляюцца самавольна занятымі. Нашы спецыялісты ў сціслыя тэрміны абследавалі каля пяці тысяч участкаў, якія, па папярэдніх прагнозах, з’яўляліся самавольна занятымі. Былі высланы апавяшчэнні, каб людзі звярнуліся ў свой сельвыканкам. Пытанне па большасці ўчасткаў было знята: дзесьці былі няправільна ўстаноўлены межы, дзесьці знайшліся патрэбныя дакументы. Па 13 фактах самавольна занятыя ўчасткі былі вернуты папярэднім землекарыстальнікам. 138 грамадзян і юрыдычных асоб звярнуліся з заявай аб узаконьванні сваіх участкаў. У выніку мясцовымі выканкамамі на бягучы момант прыняты 74 такія рашэнні. Пры гэтым сума плацяжоў, унесеных за права легалізацыі, склала звыш 50 тысяч беларускіх рублёў. Дарэчы, плата за легалізацыю зямлі ў сельскіх населеных пунктах невялікая. Напрыклад, у аграгарадку Дэмбрава чалавек, які самавольна заняў 73 квадратныя метры зямлі, заплаціць за легалізацыю 31,91 беларускага рубля. У Шчучыне сумы іншыя. Але ў грамадзян ёсць права выбару: або ўзаконіць участак, або прывесці яго ў адпаведнасць з дакументамі. Вядома, час яшчэ ёсць: «зямельная амністыя» працуе да 1 студзеня 2028 года. Аднак настройваем людзей на тое, каб не цягнулі.
— Пытанне добраўпарадкавання, якое заўсёды актуальнае для сельскай мясцовасці, набыло асаблівае гучанне ў аб’яўлены кіраўніком дзяржавы Год добраўпарадкавання. Якія ў гэтай сувязі задачы паставілі перад сельсаветамі?
— Для нас гэта работа не новая, але мы вельмі рады, што гэты год аб’яўлены Годам добраўпарадкавання ў рамках пяцігодкі якасці. Беларусь заўсёды славілася сваёй прыгажосцю, чысцінёй. Усе, хто прыязджае да нас у краіну, звяртаюць увагу на гэта. Імідж добраўпарадкаванай, прыгожай краіны, і ў прыватнасці Шчучынскага раёна, мы павінны захаваць. У нас прыняты раённы план па добраўпарадкаванні. У лютым традыцыйна мы правялі пашыраныя сесіі сельскіх Саветаў дэпутатаў, дзе разгледзелі комплекс мерапрыемстваў па забеспячэнні камфортнага жыцця насельніцтва. Асаблівую ўвагу ўдзялілі пытанням добраўпарадкавання і, перш за ўсё, прыцягненню насельніцтва да навядзення чысціні. На бягучы момант на сяле праведзена 12 суботнікаў. Мяне радуе, што цяпер не толькі органы ўлады ініцыіруюць правядзенне такіх мерапрыемстваў, а людзі самі збіраюць суседзяў і бяруцца за справу. Спадзяюся, гэты год пакажа, на якім узроўні знаходзіцца ўзаемадзеянне ўлады і людзей, якія жывуць у канкрэтным населеным пункце.
— Шмат увагі мясцовыя дэпутаты ўдзяляюць і грамадзянскім ініцыятывам...
— Першая ініцыятыва грамадзян на тэрыторыі раёна была спартыўнага кірунку. Пры ўзаемадзеянні з наведвальнікамі Шчучынскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання былі набыты трэнажоры. Цяпер нашы актыўныя прадстаўнікі «сярэбранага», «залатога» ўзростаў прыходзяць сюды займацца фізічнай культурай і спортам. Летась разам з жыхарамі Астрыны і дэпутацкім корпусам рэалізавалі ініцыятыву «ЭкаДабрыню ствараем разам», якая датычыцца ачысткі вадасцёкаў ракі Астрынкі ў гэтым гарадскім пасёлку. Людзі задаволены, бо пачала вырашацца праблема, якая доўгі час іх турбавала, — падтапленне ўчасткаў. Спадзяёмся, што новая ініцыятыва, або, лепш сказаць, яе прадаўжэнне, будзе падтрымана і працягнецца.
г. Шчучын