Top.Mail.Ru

Які наказ Аляксандр Лукашэнка даў кіраўнікам мясцовай вертыкалі

14.08.2025 | 13:05

Прэзідэнт Беларусі прыняў рад кадравых рашэнняў, у тым ліку прызначыў новых кіраўнікоў райвыканкамаў. 



«Мужыкі, глядзіце, каб усё было справядліва з людзьмі. Паглядзіце, з кім вы будзеце працаваць. Час вельмі спрасаваны. Часу на тое, каб разгойдвацца, няма», — даў наказ новым мясцовым кіраўнікам Прэзідэнт. 

Паколькі амаль усе з іх аграрыі, лідар дзяржавы паставіў актуальныя задачы. Самая важная, вядома, -- уборачная кампанія. «Уборку трэба, асабліва ў Віцебскай вобласці, працягваць. Я не скажу заканчваць — трэба ўборку працягваць. Вы падышлі толькі да паловы ўборачных работ», — адзначыў беларускі лідар. Ён звярнуў увагу, што надвор’е няпростае, бывала, што і залівала дажджамі. Але цяпер, пакуль стаіць добрае надвор’е, трэба інтэнсіўна ўбіраць хлеб. «Трэба паскарацца, ні ў якім разе нельга расслабляцца», — арыентуе кіраўнік дзяржавы. 

Што датычыцца жывёлагадоўлі, то тут Прэзідэнт назваў галоўнай стаўку на малако і адкорм буйной рагатай жывёлы. Ён параіў вельмі выбарча падыходзіць да рашэнняў аб будаўніцтве птушкафабрык. Таму што такой прадукцыі дастаткова, а на птушкафабрыках трэба зерне, якое не так проста атрымаць. «Пад любую жывёлагадоўчую вытворчасць патрэбен адпаведны севазварот. Гэта датычыцца Віцебскай вобласці на 100 %. Што да брэсцкіх раёнаў, пра якія мы сёння гаворым, гэта магутныя, моцныя раёны. Хоць, калі казаць пра Камянецкі раён, ён адпавядае назве — камянёў там хапае. Але тым не менш гэта раён добры», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Дарэчы, уборку ў Камянецкім раёне ўжо завяршылі, ураджайнасць збожжавых склала 45 ц/га — больш, чым летась. Прэзідэнт таксама адзначыў, што Віцебскую вобласць яшчэ чакае сур’ёзная размова на адпаведнай нарадзе. 

Аляксандр Лукашэнка параіў новым кіраўнікам працаваць акуратна, не сячы з-за пляча, справядліва ставіцца да кадраў і дапамагаць. 

«І запомніце, што ў вас павінна быць персанальная найгоршая гаспадарка ў раёне, за якую вы адказваеце, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Як мяне інфармуе Дзмітрый Мікалаевіч (кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой. - «Зв.»), мы зараз націск пэўны робім у гэтым напрамку. Кіраўнікі раёна сябе не вельмі добра адчуваюць, калі за імі замацоўваеш асобна горшую гаспадарку. Мужыкі, так справа не пойдзе. Трэба кіраваць раёнам, канкрэтна паказваючы вынік. Таму вызначайцеся, якую гаспадарку пад крыло возьмеце і дапаможаце, пачынаючы з навядзення парадку, севазвароту, дысцыпліны і заканчваючы паказчыкамі эфектыўнасці».

Аляксандр Лукашэнка пажадаў поспеху кіраўнікам, якія знаходзяцца на пярэднім краі.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю