Які бізнес часцей за ўсё адкрываюць маладыя беларусы, расказаў начальнік упраўлення арганізацыі работы дзяржаўнай службы занятасці насельніцтва і альтэрнатыўнай службы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Сяргей Кацко, паведамляе БелТА.
Служба занятасці падтрымлівае грамадзян, у тым ліку моладзь, у адкрыцці ўласнай справы шляхам прадастаўлення бязвыплатных субсідый. Сёння гэта 11 бюджэтаў пражытачнага мінімуму — каля 5,6 тыс. рублёў. Для жыхароў сельскай мясцовасці сума павялічваецца да 15 бюджэтаў — гэта 7,6 тыс. рублёў. «Штогод мы прадастаўляем каля тысячы субсідый, і кожны пяты атрымальнік — гэта малады чалавек ва ўзросце ад 18 да 30 гадоў», — расказаў Сяргей Кацко.
Ён таксама расказаў, які бізнес часцей за ўсё выбірае моладзь. «Дзяўчаты часцей выбіраюць індустрыю прыгажосці — цырульні, манікюрныя салоны. Маладыя людзі аддаюць перавагу сферы паслуг: рамонт, будаўніцтва, таксі. Таксама папулярны рознічны гандаль», — адзначыў ён.
Паводле яго слоў, з мінулага года акрамя індывідуальнага прадпрымальніцтва і самазанятасці цяпер можна адкрываць бізнес у форме самастойнай прафесійнай дзейнасці. Ужо каля 30% моладзі выбірае менавіта гэты напрамак.