Top.Mail.Ru

Якая перспектыва перавалкі беларускіх грузаў праз запалярны порт

Адпраўны пункт — Мурманск


Пакуль адны нашы суседзі, якія маюць выхад да мора, забылі пра законы свайго капіталізму і ставяць местачковую палітыку вышэй за эканоміку, другія прапануюць узаемавыгаднае супрацоўніцтва. Сярод тых, хто гатовы прыняць з Беларусі не толькі калій, але і іншыя грузы, — парты расійскага Мурманска. Тэма выкарыстання Мурманскага транспартнага вузла для перавалкі беларускіх грузаў не новая, яна абмяркоўваецца на самым высокім узроўні. У сакавіку гэтага года па выніках перагавораў з кіраўніком беларускай дзяржавы губернатар Мурманскай вобласці Андрэй Чыбіс расказаў журналістам, што падрабязна абмяркоўваліся розныя аспекты і магчымасці выкарыстання патэнцыялу Паўночнага марскога шляху, трансарктычнага транспартнага калідора і ў цэлым Арктыкі.


Да нядаўняга часу (пасля ўвядзення заходніх санкцый і адмовы прыбалтыйскіх партоў ад супрацоўніцтва) найбольш пераважным для Беларусі выглядаў маршрут праз парты Ленінградскай вобласці — і па тарыфах на перавозку, і па даўжыні транспартнага пляча. Але і тут умешваюцца знешнія фактары. З-за атак беспілотнікаў на гэтыя парты рэзка выраслі цэны на страхоўку марскіх суднаў, у сувязі з чым нават цяперашнія тарыфы на перавозку ў мурманскім напрамку сталі выглядаць не такімі ўжо непад’ёмнымі. Не трэба скідаць з рахунку і той факт, што маршрут праз Балтыку праходзіць праз тэрытарыяльныя воды некалькіх дзяржаў Еўрасаюза, якія ўжо не раз намякалі на магчымасць блакіроўкі суднаходства з расійскіх партоў. Таму для Беларусі мець дадатковы адпрацаваны маршрут будзе нялішнім. А мурманскія парты даюць магчымасць адпраўляць грузы як праз Паўночны марскі шлях, так і ў бок Атлантыкі, не перасякаючы нічые тэрытарыяльныя воды.

Яшчэ адна перавага Мурманска — круглагадовыя незамярзаючыя парты. І гэтым плюсам Беларусь ужо скарысталася. Справа ў тым, што мінулай зімой Фінскі заліў замерз, суднаходства на ім спынілася, і беларускі калій паехаў праз Мурманск.


Паводле слоў дырэктара па вытворчасці Мурманскага гандлёвага порта Андрэя Рызнічэнкі, спецыяльна для беларускага калію ў порце была аператыўна распрацавана тэхналогія яго перавалкі. Порт гатовы яе ўдасканаліць, а таксама даць розныя прэферэнцыі ў выпадку, калі беларускі бок прыме рашэнне аб рэгулярным выкарыстанні мурманскіх магутнасцяў.

На сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з Андрэем Чыбісам, якая прайшла ў сакавіку, абмяркоўваўся і праект па будаўніцтве ў Мурманску беларускага тэрмінала. Яшчэ ў 2024 годзе ўрад расійскага рэгіёна падпісаў пагадненне з беларускім інвестарам аб яго будаўніцтве.

Паводле слоў першага намесніка міністра развіцця Арктыкі і эканомікі Мурманскай вобласці Арцёма Куксы, гэтыя планы па-ранейшаму актуальныя. Аднак рэалізацыя ўпіраецца ў тую ж праблему прапускных магчымасцяў чыгункі. «Пакуль гэта стратэгічная задача будзе вырашацца, трэба разгледзець магчымасць выкарыстання існуючай інфраструктуры», — лічыць ён.


Цяпер вядзецца перадпраектная падрыхтоўка ініцыятывы. Будаўніцтва беларускага порта ўвязваецца з комплекснай рэканструкцыяй усяго мурманскага транспартнага вузла. «Якраз комплексны праект развіцця Арктыкі і эканомікі рэгіёна здольны вырашыць гэту праблему не толькі для беларускіх грузаў, але і ў цэлым для грузапатоку ў напрамку Мурманска», — лічыць першы намеснік міністра.

Пры гэтым лакацыя для будучага беларускага порта ўжо вызначана — заходні бераг Кольскага заліва.


Паводле БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю