Top.Mail.Ru
166

Якая інфармацыя ўвойдзе ў Нацыянальны геапартал і дзеля чаго ён увогуле ствараецца?

Спатрэбіцца ўсім

З першага студзеня пачаў працаваць Нацыянальны геапартал, які павінен стаць базай для развіцця лічбавай эканомікі Беларусі. Ён з’яўляецца галоўным кампанентам Нацыянальнай інфраструктуры прасторавых даных нашай краіны. Дзяржкамітэт па маёмасці зацвердзіў аператарам геапартала Тапографа-геадэзічнае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Белгеадэзія», куды карэспандэнт «Звязды» і звярнулася за падрабязнасцямі.

Шырокія прасторы

«Прасторавымі данымі можна называць любую інфармацыю, якая адносіцца да канкрэтнага месца. Тут мы гаворым не толькі пра карты, геадэзічныя вымярэнні, матэрыялы аэрафотаздымкаў. Гэта могуць быць і статыстыка, эканамічныя звесткі, звязаныя з тэрытарыяльным размеркаваннем, напрыклад, з пэўнымі населенымі пунктамі», — тлумачыць намеснік галоўнага інжынера па развіцці «Белгеадэзіі», адказны кіраўнік за распрацоўку Нацыянальнага геапартала Яўген СТРЭЛЬЧАНЬ.

Калі мы карыстаемся таксі праз мабільны дадатак, шукаем бліжэйшыя крамы ці банкаматы, атрымліваем апавяшчэнні пра ўмовы надвор’я, то нават і не задумваемся, што карыстаемся прасторавымі данымі. Наогул цяжка назваць галіну ці праект, якія так ці інакш не выкарыстоўваюць гэты рэсурс. «У пасланні Прэзідэнта былі ўзняты тэмы стварэння разумных гарадоў, моцных рэгіёнаў. Нацыянальны геапартал будзе адыгрываць тут вядучую ролю, ён павінен стаць той платформай, з дапамогай якой органы мясцовага самакіравання, прадпрыемствы, якія аказваюць паслугі насельніцтву, будуць размяшчаць і выкарыстоўваць прасторавыя даныя», — прыводзіць прыклады Яўген Стрэльчань.

Праграмы развіцця рэгіёнаў магчымыя ў тым ліку дзякуючы новым тэхналогіям. Адна з задач нацыянальнай інфраструктуры прасторавых даных — павышэнне інвестыцыйнай прывабнасці нашай краіны. Так, аналітыка разрозненых даных ведамстваў пры разглядзе інвестпляцоўкі, што прапануе дзяржава, дазволіць пралічыць, як у далейшым будзе развівацца тэрыторыя. Ці зрабіць пэўныя высновы, напрыклад, будаваць завод там, дзе не ўзнікне праблем з працоўнымі рэсурсамі.

Прасторавыя даныя з’яўляюцца ключавой крыніцай інфармацыі пры фарміраванні планаў развіцця краіны, пры прыняцці стратэгічных рашэнняў. Таму так важна іх папулярызацыя і ўкараненне ва ўсе галіны эканомікі.

Акрамя таго, дзякуючы прасторавым даным можна вызначыць найбольш запатрабаваныя ў турыстаў рэгіёны, прааналізаваць людскія патокі, створаную інфраструктуру, убачыць як папулярныя месцы, дзе трэба развіваць інфраструктуру, так і тыя, што валодаюць найбольшым турыстычным патэнцыялам.

Дакладнае земляробства

Прасторавыя даныя дапамагаюць і пры развіцці сельскай гаспадаркі, у прыватнасці, вызначыць, як спалучаюцца кліматычныя і глебавыя асаблівасці, на якой канкрэтнай тэрыторыі лепш пасеяць пэўную культуру.

Дакладнае земляробства — новы трэнд у развіцці АПК Беларусі. У аснове яго ляжаць даныя: карты палёў, ураджайнасці, інфармацыя дакладнага пазіцыянавання. «Белгеадэзія» з’яўляецца аператарам Спадарожнікавай сістэмы дакладнага пазіцыянавання, дзякуючы якой у тым ліку сельскагаспадарчая тэхніка на палях можа вызначыць сваё месцазнаходжанне з дакладнасцю да 5 см. Становяцца магчымымі аўтаномнае ваджэнне, аўтаматычнае вызначэнне ўраджайнасці, кантроль за захворваннямі.

З дапамогай спадарожнікавых тэхналогій можна дазіравана ўносіць угнаенні, сродкі абароны раслін. Напрыклад, выкарыстанне аўтаномнага ваджэння трактара падчас работ дазваляе праходзіць па кожным участку толькі адзін раз, пазбягаць перакрыццяў. Гэта дае эканомію насення ў дзясяткі працэнтаў, а разам з тым — значную эканомію паліва і сродкаў абароны раслін. 

У маштабах краіны гэта ператвараецца ў мільёны рублёў!

Аснова для ўзважаных рашэнняў

Дзякуючы нацыянальнай інфраструктуры прасторавых даных можна эфектыўна вырашаць задачы планавання, напрыклад, пры развіцці мабільнай сувязі пралічваць зоны пакрыцця.

Звесткі пра граніцы асабліва ахоўваемых тэрыторый з’яўляюцца асновай для прыняцця ўзважаных, законных і адказных з пункту гледжання экалогіі рашэнняў. Дзяржорганы выкарыстоўваюць такую інфармацыю для ацэнкі праектаў гаспадарчай дзейнасці і выдачы адпаведных дазволаў і ўзгадненняў, аховы і кантролю тэрыторыі. Юрыдычныя асобы атрымліваюць аператыўны доступ да інфармацыі для дзейнасці ў галіне экалагічнай экспертызы, адпаведных адшуканняў.Калі навуковыя арганізацыі праводзяць даследаванні асобных тэрыторый, яны могуць абапірацца на актуальныя тапаграфічныя даныя. Гэта дазваляе скараціць тэрміны даследаванняў, знізіць патрабаванні да падрыхтоўкі, а таксама эканоміць час і сродкі.

Для дзяржорганаў прасторавыя даныя — крыніца звестак для кіравання тэрыторыямі, вядзення дзяржаўных кадастраў (зямельнага, воднага, ляснога), для планавання адміністрацыйна-тэрытарыяльнага размеркавання. Калі такія звесткі выкарыстоўваюцца юрыдычнымі асобамі, гэта з’яўляецца гарантыяй легітымнасці дакументаў, дакладнасці пры выкананні транспартных паслуг, адшуканняў.

Можна працягваць далей: развіццё тэхналогій, грамадства, упраўлення, сацыяльнай сферы — усё «завязана» на прасторавых даных. Не будзем забываць і пра нацыянальную бяспеку, забяспечыць якую немагчыма без дакладных прасторавых даных — як картаграфічных матэрыялаў, так і аэрафотаздымкаў, касмічных даных.

Фізічныя асобы з дапамогай геапартала змогуць шукаць адказы на важныя для іх пытанні. Напрыклад, калі чалавек хоча набыць зямельны ўчастак, ён зможа даведацца пра яго месцазнаходжанне, межы, асаблівасці глебы і якасць паветра, ці ёсць побач нейкія аб’екты, звязаныя з абмежаваннямі, ці маюцца планы развіцця гэтых тэрыторый (напрыклад, правядзенне газаправода, электрасеткі, будаўніцтва дарогі).

Замест «вінегрэту» — сістэма

Нацыянальны геапартал стане адзіным пунктам доступу да прасторавых даных краіны, зробіць іх даступнымі і зразумелымі. Раней дзяржорганы і арганізацыі стваралі свае рэсурсы фактычна з нуля, прыстасоўваючы іх пад уласныя патрэбы, часам дубліравалі адну і тую ж работу. У выніку з’явіўся «вінегрэт» рэсурсаў і даных. Дзякуючы геапарталу новыя прадукты і сэрвісы будуць стварацца па адзіных правілах. 

На базе геапартала створаны каталогі метаданых і геаданых. Першы дазваляе атрымаць звесткі пра даныя, якія ствараюцца дзяржаўнымі арганізацыямі, прадпрыемствамі, дзяржорганамі. На нацыянальным геапартале ўжо больш 180 тысяч запісаў метаданых, створаны інструменты іх пошуку, параўнання, заказу матэрыялаў. У каталозе геаданых утрымліваюцца самі матэрыялы: карты, схемы, сэрвісы. Многія з іх карыстальнік можа паглядзець. 

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю