Комплексны падыход да абароны ўнутранага рынку
На сумеснай калегіі Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь і Федэральнага агенцтва па тэхнічным рэгуляванні і метралогіі Расійскай Федэрацыі было абмеркавана шырокае кола пытання. Удзельнікі мерапрыемства падрабязна разгледзелі вынікі супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў сферы стандартызацыі, метралогіі, павышэння якасці і канкурэнтаздольнасці прамысловасці, а таксама перспектыўныя ініцыятывы. Сімвалічна, што прайшло мерапрыемства літаральна назаўтра пасля пасяджэння ВДС, на якім была падпісана пастанова аб стварэнні Камітэта па стандартызацыі і якасці Саюзнай дзяржавы.
Старшыня Дзяржстандарта Беларусі Алена Маргунова адзначыла, што такая сумесная калегія адбываецца ўпершыню. «Усе пытанні, абмеркаваныя сумесна, накіраваны на выпрацоўку комплексных падыходаў па абароне ўнутранага рынку з мэтай павышэння нашай тэхналагічнай незалежнасці і далейшага стабільнага развіцця, — адзначыла яна.
Гаворачы пра стварэнне тэхнічнага Камітэта па стандартызацыі і якасці Саюзнай дзяржавы, Алена Маргунова падкрэсліла: «Гэта комплексны падыход па абароне ўнутранага рынку дзвюх краін, але ў большай ступені гэта абарона рынку Саюзнай дзяржавы ад неадпаведнай прадукцыі з трэціх краін, а таксама ўзаемная падтрымка праз інструменты тэхнічнага рэгулявання праз стандартызацыю, адзінства вымярэння, пытанні акрэдытацыі і дзяржаўны нагляд і кантроль».
Як адзначыў кіраўнік Федэральнага агенцтва па тэхнічным рэгуляванні і метралогіі Расійскай Федэрацыі Антон Шалаеў, гісторыя ўзаемадзеяння Беларусі і Расіі ў сферы стандартызацыі, метралогіі і кантролю якасці адыходзіць каранямі ў далёкае мінулае, ведамствы — паслядоўнікі савецкай сістэмы стандартызацыі, якая па праве лічылася адной з найлепшых у свеце. «Два гады таму стартаваў новы этап нашага ўзаемадзеяння. Цэлы шэраг новых ініцыятыў быў дасягнуты. Вядома, ключавой падзеяй з’яўляецца рашэнне аб стварэнні адзінага Камітэта па стандартызацыі і якасці Саюзнай дзяржавы», — зазначыў спікер.
Як заўважыў Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Сяргей Глазьеў, выпрацоўка сумесных стандартаў на перадавых тэхнічных узроўнях — важны элемент і прамысловай палітыкі, і навукова-тэхнічнага развіцця. «На жаль, мала хто ўяўляе стрыжнёвае значэнне стандартаў у нашым жыцці. У рамках сумеснай работы з калегамі будзем дабівацца, каб перадавыя стандарты выконваліся».
Дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы дадаў: «Стандарты, якія распрацоўваюцца ў Беларусі і Расіі адпавядаюць сусветнаму ўзроўню. У многім нават пераўзыходзяць еўрапейскія. Нашы дзяржавы лідзіруюць у галіне стандартызацыі і ў СНД, і не толькі ў ЕАЭС, але і ў цэлым у Еўразіі. Праблема толькі ў дысцыпліне выканання стандартаў і тэхнічных рэгламентаў».
На палях калегіі былі падпісаны планы стандартызацыі Саюзнай дзяржавы на 2026–2030 гады ў шэрагу галін эканомікі, а таксама пагадненні аб супрацоўніцтве паміж інстытутамі.
Падчас мерапрыемства былі таксама пазначаны прыярытэтныя задачы Дзяржстандарта Беларусі на 2026 год. Галоўнае — гэта комплексны падыход, скіраваны не толькі на выяўленне, але і на папярэджанне парушэнняў з мэтай забеспячэння бяспекі спажыўцоў і абароны ўнутранага рынку Рэспублікі Беларусь.
У 2026 годзе плануецца завяршыць маштабную і прынцыпова важную работу па рэальнай інтэграцыі інфармацыйных фондаў Беларусі і Расіі па забеспячэнні адзінства вымярэнняў.
Таксама падчас пасяджэння быў падпісаны шэраг дакументаў, скіраваных на далейшае развіццё супрацоўніцтва Расіі і Беларусі ў сферы метралогіі. У тым ліку падпісаны яшчэ тры планы: у галіне станкабудавання, вытворчасці электробусаў і грузавых аўтамабіляў на 2026 — 2030 гады.
У ходзе мерапрыемства дэлегацыі Дзяржстандарта і Расстандарта наведалі Мінскі гарадскі тэхнапарк. На яго пляцоўцы прайшоў круглы стол на тэму «Якасць як ключ да даверу і канкурэнтаздольнасці на сусветным рынку». Дэлегацыя прыняла ўдзел у адкрыцці офіса Міжнароднай асацыяцыі «Цэнтр падтрымкі якасці экспартнай прадукцыі» на базе тэхнапарка.
Надзея ЗУЕВА