Пяцігодка якасці, абвешчаная Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, вызначыла 2025–2029 гг. як час для яшчэ больш прафесійнай працы ва ўсіх сферах жыццядзейнасці нашага грамадства. Сёння сваімі меркаваннямі з гэтай нагоды дзеляцца эксперты-парламентарыі і людзі, ад якіх залежыць якасць працы ў галіне культуры.
Вячаслаў Даніловіч, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь:
— Якасць ляжыць у аснове ўсяго развіцця нашага грамадства, бо калі мы будзем ставіцца абыякава да працы, то наша дзяржава скончыць вельмі дрэнна. Калі вы заўважалі, на сустрэчах з насельніцтвам, што перыядычна праводзіць кіраўнік дзяржавы, ён пастаянна кажа, што кожны павінен якасна рабіць сваю працу.
Якасць — важны момант. Асабліва ў сістэме адукацыі, якая ляжыць у аснове развіцця любога грамадства і дзяржавы. Менавіта ва ўстановах адукацыі выхоўваюцца грамадзяне нашай краіны. Важна, каб кожны настаўнік і выкладчык на сваім участку максімальна якасна падыходзіў да гэтага працэсу, выхоўваў патрыёта, дакладна даносячы тыя важныя рэчы, якія прапісаны ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Сістэма адукацыі ў першую чаргу выконвае выхаваўчую функцыю, а не толькі перадае веды, і не варта пра гэта забываць. Фактычна кожны педагог сваім выглядам, стаўленнем да прадмета выкладання, да маладога пакалення ўжо выхоўвае.
У сферы культуры павінны стварацца якасныя фільмы, ставіцца якасныя спектаклі, якія папулярызуюць здаровыя асновы жыцця нашага грамадства, традыцыйныя духоўна-маральныя каштоўнасці, уласцівыя беларускаму народу. Кожны з дзеячаў культуры, вядома, павінен быць прафесіяналам у сваёй справе.
Калі гаварыць пра навуку, Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка слушна заўважыў, што без яе немагчыма далейшае развіццё нашага грамадства і дзяржавы. Менавіта ў навуцы выпрацоўваюцца інавацыйныя падыходы, якія ўносяць істотны ўклад у развіццё нашай эканомікі, абараназдольнасці дзяржавы. Беларусь знаходзіца на геапалітычным перакрыжаванні, праз нашу краіну праходзіць мяжа паміж дзвюма вялікімі цывілізацыямі — усходнеславянскай, да якой мы належым, і так званым калектыўным Захадам на чале з ЗША і Вялікабрытаніяй. Гэта ўскладвае на нас своеасаблівую місію. З аднаго боку, знаходжанне на геапалітычным перакрыжаванні — станоўчы момант, бо гэта перасячэнне гандлёвых шляхоў, магчымасць атрымліваць прыбытак ад гандлю, які адбываецца праз нашу тэрыторыю. Але з іншага боку — небяспека ўзброеных канфліктаў, войнаў, якіх у нашай гісторыі было тысячы. Мы павінны пра гэта памятаць, каб захоўваць свой суверэнітэт у эканоміцы, вытворчасці, прамысловасці, сельскай гаспадарцы і г. д.
Якасць іграе вельмі важную ролю ў гуманітарнай навуцы: філасофія, сацыялогія гэта або гісторыя Беларусі.
Гуманітарныя веды — істотны падмурак нашай сістэмы адукацыі, інакш нельга сфарміраваць грамадзянскія якасці ў асобы. У нас, дарэчы, вельмі важнае дасягненне зроблена айчыннымі гісторыкамі: сфарміравана ўласная канцэпцыя беларускай гісторыі без скажэнняў і фальсіфікацый, бо для сапраўднага вучонага гэта непрымальна. Мы якасна ацанілі кожны гістарычны перыяд з пункту гледжання станоўчага і адмоўнага для нашага народа і нашай дзяржаўнасці, бо кожная падзея, кожная асоба могуць па-рознаму ўплываць на гісторыю дзяржавы і народа. Калі б у нас не было ўласнага погляду на сваё гістарычнае мінулае, мы б атрымалі погляд збоку. Інтэрпрэтацыя гісторыі можа адрознівацца.
Немагчыма быць патрыётам сваёй краіны, не ведаючы яе гісторыі. Канешне, гісторыя Беларусі складаная, але разам з тым вельмі цікавая, і ў кожным гістарычным перыядзе нам ёсць чым ганарыцца. Нягледзячы на войны і ваенныя канфлікты, якія прайшлі праз нашу тэрыторыю, мы не проста выжылі, а адстаялі права на суверэнітэт. І цяпер можам самі вырашаць, як нам жыць на роднай зямлі. Таму якасны падыход у навуцы вельмі важны.
Асабіста для мяне якасць — рабіць сваю справу з душой. Пра штосьці зробленае якасна і кажуць, што створана з душой. Калі кожны ўкладвае ў працу не толькі свае ўменні, але і душу, гэта і ёсць эфектыўная дзейнасць на карысць чалавека, нашай эканомікі, нашага грамадства. Галоўнае багацце нашай дзяржавы — людзі, наш інтэлект, наша праца. Таму, калі мы якасна робім сваю справу, у гэтым залог нашага дабрабыту, беларускай эканомікі, якая рухае грамадства наперад. Ад усяго гэтага і залежыць суверэнітэт нашай краіны і беларускай нацыі.
Валянцін Семяняка, старшыня Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, член СПБ, паэт:
— З гэтага ўказа вынікае: усё тое, што беларускі народ ужо напрацаваў, — добра, але цяпер час — дамагчыся, каб усё гэта працавала якасна, каб якасна выконваліся працоўныя абавязкі ўсімі суб’ектамі працэсу. У сваю чаргу гэта дазволіць выйсці на новыя рынкі збыту беларускіх тавараў, грамадскіх, эканамічных і сацыяльных адносін у грамадстве.
Што тычыцца першага года пяцігодкі якасці, то, перакананы, мы пачнём яго менавіта ўпарадкаваннем у шырокім сэнсе гэтага слова — упарадкаваннем тэрыторый прамысловых аб’ектаў, населеных пунктаў, затым напоўнім якасцю ўсе галіны жыцця беларусаў, каб наш брэнд — зроблена ў Беларусі — стаў вядомы далёка за межамі краіны. Безумоўна, трэба павысіць якасць і заканатворчага працэсу, працаваць адказна і плённа над тымі законапраектамі, якія паступаюць у Пастаянную камісію па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце. Патрэбна якасна ажыццяўляць маніторынг правапрымяняльнай практыкі, шчыльна працаваць з рэгіёнамі, якія мы прадстаўляем у вышэйшым заканадаўчым органе краіны, і такім чынам уносіць свой уклад у вырашэнне задач па павышэнні якасці жыцця беларусаў.
Калі гаварыць аб тым, што для мяне асабіста значыць якасць, то скажу так. Мой бацька мяне вучыў: калі штосьці робіш добра, усё роўна могуць узнікнуць не па тваёй віне нейкія хібы, штосьці можа быць недакладным, але калі ты разумееш, што дзесьці не дапрацоўваеш, то гэта — свядомая шкода якасці і так не павінна быць. Мой галоўны жыццёвы прынцып — тое, што зроблена тваімі рукамі, павінна быць найлепшым у свеце. Гэтая грунтоўнасць, добрасумленнае стаўленне да жыцця, працы, сваёй сям’і і ёсць тое, што аб’ядноўвае нас, беларусаў, і вылучае сярод іншых народаў. Гэта тое, што мы павінны абавязкова захаваць і прымножыць.
Мікалай Чаргінец, ганаровы старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі:
— Наша краіна за некалькі дзесяцігоддзяў зрабіла вялікі крок у эканоміцы, вытворчасці, будаўніцтве жылля, павышэнні дабрабыту насельніцтва. Цяпер настаў час новага штуршка — да паляпшэння якасці. І менавіта аб гэтым падумаў Прэзідэнт.
Калі наша краіна выпускае многа прадукцыі, варта цяпер падумаць пра яе якасць. У сістэме харчавання ўсё ў цэлым някепска, яна ў нас лепшая, чым у многіх краінах, але ў прамысловасці варта паклапаціцца пра тое, каб якасць нашых трактароў, МАЗаў была яшчэ больш высокай, бо калісьці нашы МАЗы лічыліся лепшымі за тыя ж КАМАЗы, а паколькі беларускія трактары звязаны з назвай нашай краіны — «Беларус», яны павінны быць найлепшымі ва ўсім свеце.
Варта, каб ва ўсім быў парадак: пачынаючы ад вывазу смецця і заканчваючы парадкам у горадзе, каб нашы двары, дзіцячыя, спартыўныя пляцоўкі былі добраўпарадкаваныя, бяспечныя, спакойныя.
У той жа час варта сказаць і аб якасці працы літаратараў. Некаторыя з іх лічаць, што, калі ўжо напісалі некалькі кніг, то дасягнулі дасканаласці. А тое, што творы не чытаюць, не купляюць, іх не хвалюе. Аднак гэта пытанне якасці кніг, і на яго варта абавязкова звярнуць увагу, а не зазнавацца, як гэта робяць некаторыя пісьменнікі. Трэба быць больш самакрытычным у ацэнцы сваёй працы, у дачыненні да свайго твора ў прыватнасці. А то даходзіць да таго, што не паспее кніга яшчэ надрукавацца, а яе аўтар ужо бяжыць і патрабуе прэмію, перамогу на конкурсе. Насамрэч кніжная прадукцыя вымагае не меншай якасці, чым і прадукты прамысловай вытворчасці. Вядома, на кнізе яго не паставіш. Але самы галоўны паказчык якасці твора — яго чытальнасць. Раз на два гады мы практыкуем запыт у бібліятэкі, наколькі папулярныя творы беларускіх пісьменнікаў (папярэдне складаем спіс аўтараў). Такім чынам мы атрымліваем афіцыйны адказ, ці ёсць у бібліятэках кнігі гэтых творцаў, колькі іх і ці карыстаюцца яны попытам сярод чытачоў. Таксама праводзіцца маніторынг беларускіх кніг у гандлі. Гэтую практыку мы плануем працягваць, бо яна і ёсць своеасаблівы кантроль якасці працы нашых пісьменнікаў. Але якасць беларускіх твораў яшчэ павысіцца, калі мы праявім больш самакрытычнасці да таго, што ствараем, у нас з’явяцца кнігі для ўсіх узростаў, якія сапраўды патрэбны цяпер нашай краіне і нашым чытачам. Таму хацеў бы звярнуць увагу нашых пісьменнікаў на тое, каб яны не спяшаліся сябе праслаўляць, а думалі пра тое, што сапраўды цяпер патрэбна народу. Пад самакрытычнасцю ў першую чаргу я маю на ўвазе адказнасць, бо ў кожнага чалавека, які займаецца вытворчасцю той ці іншай прадукцыі, нават творчага характару, павінна быць пачуццё адказнасці за сваю працу.
Асабіста для мяне якасць — мерка дасягненняў нашага народа і беларускай дзяржавы ў сваім развіцці. У нас сапраўды добрыя перспектывы, калі мы будзем сачыць за якасцю сваёй працы. Беларусь зойме ганаровае месца ў свеце толькі тады, калі ўзмоцніць свае пазіцыі ў дачыненні да якасці ўсіх тавараў, якія выпускаюцца ў нашай дзяржаве.
Яўген Арэндарэвіч, старшыня Беларускага саюза кінематаграфістаў:
— Для РГА «Беларускі саюз кінематаграфістаў» Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб пяцігодцы якасці змяшчае прамыя рэкамендацыі да дзеяння: асобным пунктам у параграфе 3.2 вызначана неабходнасць «стварэння ўмоў для самарэалізацыі асобы». Творчыя саюзы нашай краіны — гэта і ёсць аб’яднанні менавіта такіх крэатыўных, пасіянарных асоб, якія знаходзяцца ў авангардзе культурнага жыцця нашай рэспублікі.
Умовы для раскрыцця творчага патэнцыялу кожнага творцы ёсць і сёння, але, улічваючы выклікі сучасных тэхналогій (штучны інтэлект у першую чаргу), вельмі важна развіваць станоўчыя напрацоўкі ў гэтым кірунку, падтрымліваць у айчынных кінематаграфістаў, у работнікаў культуры ў цэлым упэўненасць у важнасці іх высокага духоўнага служэння.
Узаемадзеянне Беларускага саюза кінематаграфістаў з профільнымі навучальнымі ўстановамі, пракатнымі арганізацыямі, іншымі саюзамі як унутры краіны, так і за мяжой у пяцігодку якасці неабходна ўзняць на новы ўзровень. Мы верым, што, аб’яднаўшыся і вызначыўшы дастойныя мэты, члены Беларускага саюза кінематаграфістаў выканаюць узятыя на сябе абавязацельствы: гледача чакаюць высокамастацкія прэм’еры новага ўзроўню якасці, а саміх кінематаграфістаў — новыя творчыя перамогі.