Сапраўды, найлепшая рэклама прадукцыі — яе высокая і стабільная якасць, а яшчэ яна павінна быць смачнай. Рабіць такую мы ўмеем. Прадэгуставаць яе змогуць і наведвальнікі 33-й міжнароднай выстаўкі прадуктаў харчавання, напояў і сыравіны для іх вытворчасці «ПРОДЭКСПА-2026», якая пройдзе 9–12 лютага ў Маскве. Рыхтуюцца да ўдзелу ў ёй і прадпрыемствы канцэрна «Белдзяржхарчпрам». Іх прадстаўнікі расказалі, якія тавары найбольш запатрабаваны ў замежных пакупнікоў і куды беларуская прадукцыя адпраўляецца часцей за ўсё.
Дзе яшчэ падсаладзіць?
Геаграфія паставак прадпрыемстваў канцэрна ахоплівае каля 50 краін, уключаючы рынкі не толькі СНД, але і дзяржаў Азіі, Афрыкі і нават Акіяніі. Пры гэтым Расія была і застаецца галоўным стратэгічным партнёрам, забяспечваючы больш за 73 % усяго аб’ёму экспарту. Прыкладам можа паслужыць вопыт СААТ «Камунарка». Па словах начальніка аддзела маркетынгу і рэкламы Юліі Гарашняковай, наяўнасць уласнага гандлёвага прадстаўніцтва ў Маскве стала сур’ёзнай канкурэнтнай перавагай, якая дазваляе забяспечваць якасны сэрвіс, кантраляваць лагістыку і весці прамы дыялог з партнёрамі. На 2026 год вызначаны пул задач, каб узмацніцца на гэтым рынку.
У сваю чаргу, ААТ «Чырвоны Мазыранін» ужо пастаўляе сваю прадукцыю ў шэсць краін, а галоўным хітом экспарту стала пасціла — яе ўдзельная вага ў прадукцыі, якая экспартуецца, склала больш за 60 %. «На дадзены момант плануем мадэрнізаваць вытворчасць для павелічэння вырабу дадзенага прадукту. Гэта дазволіць павялічыць пастаўкі ў Расію і іншыя краіны», — падзялілася начальнік упраўлення продажаў прадпрыемства Таццяна Раманоўская.
Дарэчы, у 2025 годзе «Камунарка» экспартавала больш за 6 тысяч тон кандытарскіх вырабаў, што склала звыш 30 % ад агульнай вытворчасці. Львіная доля, 90,5 %, прыпала менавіта на расійскі рынак, дзе лідзіруе шакалад, а таксама цукеркі, какава-прадукты і падарункавыя наборы. Гэта тлумачыцца не толькі гістарычнымі сувязямі і блізкасцю тэрыторый, але і падабенствам смакавых пераваг, што значна спрашчае прасоўванне прадукцыі сярод пакупнікоў.
З улікам чужых традыцый
А вось кітайскія традыцыі патрабуюць, каб у кандытарскіх вырабах быў не ярка выражаны салодкі смак, растлумачыла начальнік упраўлення каардынацыі паставак на ўнутраны рынак і знешнегандлёвай дзейнасці канцэрна «Белдзяржхарчпрам» Анастасія Скорабагатава: «У сувязі з гэтым распрацаваны рэцэптуры вырабаў, якія адаптаваны пад кітайскага спажыўца. Так, СП ААТ „Спартак“ прапануе шакалад з утрыманнем какавы 99 %, СААТ „Камунарка“ выпусціла лінейку шакаладных цукерак з нізкім утрыманнем цукру». Таксама ёсць мучныя вырабы на аснове тлушчаў і маргарыну без харчовых дабавак, забароненых у КНР.
Аднак рэцэптурай вырашылі не абмяжоўвацца: напрыклад, прадукцыю, прызначаную для кітайскага рынка, «Камунарка» стала пакаваць у папулярныя ў Паднябеснай пластыкавыя боксы. Як адзначыла Анастасія Скорабагатава, сёння ў прынцыпе многія вытворцы робяць стаўку на крафтавую ўпакоўку: «Для кітайскага рынку прапануюць упакоўкі, на якіх намаляваны папулярныя там жывёлы. А для рынку Інданезіі — з выявамі рознай расліннасці. Думаю, нашы прадпрыемствы возьмуць гэта на заметку».
Вітрына магчымасцяў
Дарэчы, у топе прадуктаў экспарту значацца не толькі кандытарскія вырабы. Цукар, соль, рапсавы алей, солад, алкагольныя напоі, дрожджы, піва і пладова-агароднінная прадукцыя — уся гэта разнастайнасць даўно славіцца высокай якасцю, забяспечваючы экспартны патэнцыял беларускіх тавараў.
На 33-й міжнароднай выстаўцы прадуктаў харчавання, напояў і сыравіны для іх вытворчасці «ПРАДЭКСПА-2026» на плошчы каля 290 квадратных метраў канцэрн «Белдзяржхарчпрам» прадставяць 16 арганізацый. Сярод іх такія флагманы беларускай кандытарскай галіны, як ААТ «Кандытарская фабрыка «Слодыч», ААТ «Чырвоны харчавік», СААТ «Камунарка», ААТ «Чырвоны Мазыранін» і СП ААТ «Спартак». Кожнае прадпрыемства рыхтуецца да выстаўкі, аналізуючы вопыт мінулых гадоў: мяняецца дызайн стэндаў, каб яны лепш адлюстроўвалі інтарэсы спажыўцоў, напрацоўваюцца новыя кантакты. «Галоўнае для любога прадпрыемства — не толькі заявіць пра сябе, але і прыехаць з вынікам работы», — падкрэсліла Анастасія Скорабагатава.
Прырост продажаў па выніках 2025 года, асабліва на расійскім рынку, відавочны. Таму і чаканні ад будучай маскоўскай выстаўкі высокія. «Чырвоны Мазыранін», напрыклад, прадставіць новую лінейку зефіру і чакае павелічэння кліенцкай базы, «Камунарка» таксама звязвае з «ПРАДЭКСПА-2026» планы па пашырэнні геаграфіі паставак. Ужо запланаваны ўдзел прадпрыемстваў канцэрна «Белдзяржхарчпрам» больш як у 150 перагаворах, у тым ліку з гандлёвымі сеткамі, дзеючымі і патэнцыяльнымі партнёрамі ў Расіі і не толькі, а таксама з прадстаўнікамі бізнес-колаў далёкага і блізкага замежжа.
Аміна НАЗАРАВА