Top.Mail.Ru

Як зрабіць з вёскі музей пад адкрытым небам?

З Аляксандрам Плыгаўкам мы пазнаёміліся падчас камандзіроўкі ў аграгарадок Друя. Туды малады чалавек пераехаў паўтара года таму, пакінуўшы прэстыжную работу ў Мінску. Цяпер ён загадчык філіяла «Друеўскі пасялковы дом культуры», атэставаны экскурсавод, старшыня Савета працоўнай моладзі Браслаўскага раёна, актывіст праекта «Таямніцы пры граніцы» і проста энтузіяст, які запальвае сваёй энергіяй усіх навокал. Сустрэліся і пагаварылі з ім аб жыцці, адраджэнні вёскі і творчых планах.


Старт і пераломны момант

— Паводле першай вышэйшай адукацыі — вы настаўнік гісторыі. Раскажыце, чаму выбралі гэты шлях?

— Я з дзяцінства рос пры храме і да 11 класа хацеў стаць святаром. Аднак за паўгода да канца вучобы вырашыў, што гэта занадта складаны для мяне шлях. Трэба было хутка вырашыць, з чым звязаць сваё жыццё. Хацеў пайсці ў культуру, але бацькі адгаварылі. Хімія, біялогія мне падабаліся, але мала часу было на падрыхтоўку. Матэматыка мне не асабліва давалася. У выніку засталася толькі гісторыя. Так у 2013 годзе я паступіў у БДПУ імя М. Танка на гісторыка. Потым скончыў магістратуру як псіхолаг, адначасова працаваў у гімназіі № 39 г. Мінска педагогам-арганізатарам і настаўнікам гісторыі. Гэта быў добры старт для самарэалізацыі, і ўсё ў мяне атрымлівалася цудоўна. У 2019 годзе я стаў лаўрэатам 1-й ступені конкурсу «Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі». А потым пайшоў служыць у армію.

— У які момант у вашым жыцці з’явілася Друя?

— З 2013 года я пачаў ездзіць туды як валанцёр. Мой зямляк з Докшыцкага раёна протаіерэй Ігар Чучковіч прыцягваў туды моладзь для дапамогі ў аднаўленні Дабравешчанскай царквы. Яна, на жаль, у той момант была ў вельмі жаласным стане, таму службы праводзіліся ў невялічкай цэркаўцы на могілках. Першапачаткова ніхто не верыў, што ў нас нешта атрымаецца. Аднак крок за крокам мы і званіцу аднавілі, і брацкі корпус, і храм расчысцілі. З цягам часу пачалі выходзіць на тэрыторыю храма. Так, мы часткова выратавалі будынак старой пошты. Гледзячы на нас, і мясцовыя ўлады сталі дапамагаць нам. А пасля ўзнік і праект «Таямніцы пры граніцы», мэта якога зрабіць з Друі і яе багатага гістарычнага мінулага музей пад адкрытым небам.

— Але вы працягвалі ўвесь гэты час працаваць у Мінску…

— Так, пасля перамогі ў прэстыжным конкурсе мне пачало паступаць шмат прапаноў па рабоце. Аднак пасля вяртання з арміі ў 2020 годзе ўжо з’явілася моцнае жаданне кінуць усё, купіць дом у Друі і пераехаць туды. Але нешта мяне спыніла. Я вярнуўся ў Мінск і хутка сышоў працаваць — спачатку метадыстам у Рэспубліканскім маладзёжным цэнтры, а потым у РІВШ намеснікам начальніка ўпраўлення. А праз некаторы час зразумеў, што папяровая работа — не маё. Пераломным момантам стала падарожжа ў Расію. Я трапіў у вёску Ізборск, у якой быў да гэтага сем гадоў таму. І ўбачыў каласальныя змены. Калі раней там былі проста руіны замка, то цяпер гэта мястэчка, у якім шэсць музеяў і вялізны замак з экспазіцыяй. Я натхніўся. Што перашкаджае зрабіць нешта падобнае ў Друі?

Тады цвёрда вырашыў, што не буду працягваць кантракт. Калегі мяне не зразумелі, спыталі: «Чаму?» «Таму што еду жыць у глуш», — адказаў я і ў ліпені 2023 года канчаткова пераеехаў у Друю.

— Як адрэагавалі блізкія на ваша рашэнне?

— Многія не зразумелі: «Як жа пасада?» А я адказваў, што пайшоў на павышэнне: маўляў, у Мінску быў усяго толькі намеснікам, а ў Друі стаў дырэктарам мясцовага Дома культуры!

З татам мы, мусіць, месяц не размаўлялі. Мама старалася з разуменнем паставіцца да майго выбару. Але яны не ведалі, які высокі ўзровень стрэсу я перажываў у Мінску.

— Ці змяніўся ваш унутраны стан пасля пераезду?

— Мне ўсе кажуць, што я стаў спакайнейшым. З’явілася шмат часу, які магу прысвячаць творчасці, што цяпер стала работай. Таксама стаў жыць больш свядома, разумець, што і навошта я раблю. У сталіцы я не разумеў, навошта працую. Рабіў шмат папер, праводзіў сустрэчы, але не бачыў вачэй людзей. Працуючы ў школе, толькі бачыў вочы дзяцей. А вось на апошнім месцы працы гэтага не было. У Друі я зноў бачу вочы турыстаў і мясцовых людзей, якія падыходзяць і кажуць: «Саш, ты толькі, калі ласка, не з’язджай. Цяпер Друя жыве».

Улетку ў нас праходзіць злёт моладзі Полацкай епархіі, падчас якога мы праводзім начныя службы ў адкрытай частцы царквы. У той самай, дзе калісьці абваліўся купал і якую мы расчышчалі ад зараснікаў. Дык вось, ёсць у нас баба Зіна. Ёй 95 гадоў, яна сапраўдны старажыл Друі і заспела храм яшчэ ў тыя часы, калі ён працаваў да абвалу купала. Паглядзела яна на гэта ўсё і кажа: «Раней коней столькі не было, колькі цяпер машын на службу прыехала». І бачу: усміхаецца, а па шчацэ цячэ сляза.

Таямніцы карысных спраў

— Друя — невялікі населены пункт з насельніцтвам каля 800 чалавек. Ці няма праблем са зносінамі?

— Я вельмі хутка стаў там сваім. Да таго ж я не з нуля пераехаў, а ўжо за дзесяць гадоў, што ездзіў туды, меў там шмат знаёмых людзей. Зразумела, у асноўным яны старэйшыя за мяне, але гэта не перашкаджае нам паразумецца. Людзі, якія зацікаўлены ў нечым, яны заўсёды маладыя душой. Плюс некалькі разоў у месяц прыязджаюць валанцёры альбо мае сябры і спыняюцца ў мяне. І бацькі наведваюцца. У мяне тата з умелымі рукамі, і ўсё, што ў доме робіцца, — толькі дзякуючы яму.

— Раскажыце пра грант на «Конкурсе маладзёжных ініцыятыў», які атрымаў ваш Дом культуры…

— Нашай ініцыятывай быў клуб гістарычнай рэканструкцыі «Таямніцы Друі». Агульная ідэя праекта для гранта — гэта тое, што Друя — музей пад адкрытым небам. І там было дзве часткі: першая — касцюмы для гістарычнай рэканструкцыі, а другая — турыстычныя банеры для нашай вёскі. Наогул з цягам часу заўважаю, што вакол Друі ёсць нейкая магія. Калі я хачу нешта зрабіць і гэта пойдзе на карысць вёсцы, то ўсё цудоўным чынам атрымліваецца. Невядома адкуль знаходзяцца людзі і сродкі. «Таямніцы пры граніцы» разрастаюцца, і ў нас ёсць мара атрымаць афіцыйны статус і стаць грамадскім аб’яднаннем.

— А наколькі запатрабаваныя турыстычныя паслугі ў Друі?

— Нягледзячы на тое што зараз зіма, у нас у студзені ўжо было тры экскурсіі. Прычым дзве з іх з наведвальнікамі з Яраслаўля. У летні перыяд, вядома, вельмі запатрабаваны гэты кірунак: пастаянна прыязджае вялікая колькасць людзей.

Слухайце сваё сэрца

— Мяркуючы па вашых сацыяльных сетках, вы вельмі рознабаковы чалавек. Раскажыце пра сваё хобі.

— Важную ролю ў маім жыцці грае музыка. І ў школе, і ва ўніверсітэце я займаўся ў вакальнай студыі. Яшчэ граю на акардэоне, гітары, клавішах. У Друі мне нават удалося сабраць вакальны ансамбль. На адзін са злётаў прыехалі хлопцы Ягор і Радзівон. Яны добра спявалі, і я прапанаваў ім стварыць вакальны ансамбль пры нашым Доме культуры. Называліся мы першапачаткова «Таямніцай», а цяпер — TM-band. Шмат сэнсаў у назве: гэта і «tіme» — час, і «team» — каманда, і «таямніца» нікуды не згубілася. А яшчэ гэта расшыфроўваецца як «Твой мост». І мы сябе пазіцыяніруем як мост паміж пакаленнямі, які спявае хіты ўсіх часоў.

— Вы выступаеце толькі ў Друі?

— Не, не толькі. Традыцыйна БДУКМ праводзіць інклюзіўны фестываль «Каляровыя сны». Беларускія мадэльеры шыюць вопратку дызайнерскую, а дзеткі з інтэрнатаў выходзяць яе дэманстраваць. І звычайна нейкія вядомыя артысты спяваюць у гэты час. Летась мы сталі больш-менш вядомымі, калі выступілі разам з «Правакацыяй» і спевакамі з «Фактар.by» на адной сцэне. Сёлета нас зноў запрасілі на гэтае мерапрыемства. Але ўвогуле цяпер мы крыху на паўзе, таму што я распрацоўваю аўтарскі рэпертуар.

— Самі пішаце тэксты і музыку?

— Так, а яшчэ я складаю вершы, кнігу ў студэнцкія гады пісаў і тэксты для драматычных пастановак. Мару, каб яны некалі былі пастаўлены ў адноўленым яўрэйскім тэатры.

— Пра што вашы тэксты для пастановак?

— Асноўны, над якім зараз працую, называецца «Купэ плацкартнага вагона». Там сустракаюцца чатыры тыпы вельмі розных людзей. Мітуслівая жанчына з кучай сумак і такой жа кучай праблем, інтэлігентны чалавек, малады нявыхаваны юнак і бацька з сынам. І аказваецца, што ўсе яны паміж сабой знаёмыя праз розных людзей. А пачынаецца ўсё са слоў правадніка: «Наша жыццё, як чыгуначнае палатно: шляхі то сыходзяцца, то разыходзяцца».

— Мінула ўжо паўтара года пасля вашага пераезду. Што параіце людзям, якія задумваюцца пра жыццё ў вёсцы?

— Цяпер гэта нібыта масавая тэндэнцыя. Я проста спачатку думаў, што дурань, а потым паглядзеў вакол, і аказалася, што многія людзі так робяць. Пераязджаючы ў вёску, ты можаш страціць толькі вялікі ўзровень стрэсу. А што датычыцца заробкаў, то, зразумела, у вёсцы яны меншыя. Але ж і выдаткі там меншыя. А ўвогуле слухайце сваё сэрца. Калі гэта ваш шлях, то рана ці позна вы на яго выйдзеце.

Фота аўтара і з асабістага архіва героя

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю