Top.Mail.Ru

Як знайсці падыход да вучняў і раскрыць іх шматгранны свет, ведаюць прафесіяналы

Дзяржаўная ўстанова адукацыі «Гімназія № 1 г. Капыля імя М. В. Рамашкі» — гэта ўстанова, дзе створаны найлепшыя ўмовы для ўсебаковага развіцця вучняў. Авалодаць ведамі, раскрыць творчы патэнцыял і знайсці сваё прызванне дзецям дапамагае зладжаны і дружны калектыў педагогаў, якія пастаянна ўдасканальваюць сваё прафесійнае майстэрства і выкарыстоўваюць інавацыі ў навучальным працэсе. Дзякуючы актыўнай і планамернай працы педагагічнага калектыву гімназія з’яўляецца адной з найлепшых устаноў адукацыі не толькі ў раёне, але і ў Мінскай вобласці.


— Наша гімназія горда носіць імя героя Савецкага Саюза Мікалая Рамашкі і мае багатую гісторыю, — расказвае дырэктар установы Сяргей Мялешка. — У папярэднія гады ёй кіравалі цудоўныя педагогі, шчырыя, мудрыя і адданыя сваёй справе. Гэта Аляксандр Семяновіч, Зінаіда Прыміч, Ірына Абас і Тамара Місько.

У гімназіі вялікая гісторыя. У 1900 годзе ў Капылі ўпершыню было адкрыта аднакласнае царкоўнапрыходскае вучылішча з тэрмінам навучання тры гады для хлопчыкаў. У той час ва ўстанове навучалася каля 50 дзяцей. Гісторыя захавала таксама імя першага і адзінага настаўніка школы — Мікалая Лазюка.

У 1901 годзе на базе царкоўнапрыходскага вучылішча для хлопчыкаў былі адкрыты двухкласнае вучылішча — для хлопчыкаў і аднакласнае — для дзяўчынак. Гэта і стала пачаткам дзейнасці сярэдняй школы № 1. 

З верасня 1907 года да Першай сусветнай вайны вучылішча было размешчана ў доме Еселя Шустэра. Напярэдадні вайны пачалося будаўніцтва цаглянага аднапавярховага вучылішча. Аднак завяршэнню будоўлі перашкодзілі вайна, рэвалюцыя, а таксама нямецкая (1918 год) і польская акупацыі (1920–1921 гады). Будаўніцтва было завершана толькі ў 1922 годзе ўжо пры савецкай уладзе.

Будынак з чырвонай цэглы дзейнічае і ў цяперашні час. Тут размешчаны майстэрні. У 1922 годзе вучылішча было рэарганізавана ў сямігадовую школу № 1 г. Капыля.
У 2001 годзе рашэннем раённага выканаўчага камітэта ад 8 мая 2001 года № 272 сярэдняя школа № 1 г. Капыля рэарганізавана ў дзяржаўную ўстанову адукацыі «Гімназія № 1 г. Капыля». У 2013-м, 2018-м і 2023 гадах установа паспяхова прайшла пацвярджэнне дзяржаўнай акрэдытацыі на адпаведнасць віду гімназіі.


— Сяргей Уладзіміравіч, несумненна, зладжаная праца педагогаў дазваляе дасягнуць вынікаў, якімі можна толькі ганарыцца...

— Так. Адзначу, што па выніках за 2024 год наша гімназія стала лаўрэатам раённага этапу абласнога конкурсу «За дасягненне высокіх паказчыкаў у развіцці адукацыі» ў намінацыі «Лепшая ўстанова агульнай сярэдняй адукацыі, размешчаная ў гарадской мясцовасці». У мінулым годзе калектыў установы ўзнагароджаны дыпломам лаўрэата раённага этапу абласнога конкурсу «За дасягненне высокіх паказчыкаў у развіцці адукацыі» па выніках 2024 года ў намінацыі «Лепшая ўстанова агульнай сярэдняй адукацыі, размешчаная ў гарадской мясцовасці».

У гэтым навучальным годзе гімназія прыступіла да рэалізацыі інавацыйнага праекта «Укараненне вучэбна-метадычнага забеспячэння выкладання факультатыўных заняткаў „Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму“ у 9–11 класах устаноў агульнай сярэдняй адукацыі». У гімназіі рэалізоўваецца таксама педагагічны праект Мінскай вобласці «Фарміраванне інфармацыйных кампетэнцый навучэнцаў шляхам праектнай дзейнасці ў кантэксце вывучэння гісторыка-культурных рэсурсаў рэгіёна».

Штогод педагогі гімназіі актыўна ўдзельнічаюць у метадычных мерапрыемствах рознага ўзроўню. Сёлета, напрыклад, маладая настаўніца англійскай мовы Марына Андрэеўна Лобан, якая, дарэчы, з’яўляецца выпускніцай гімназіі, стала пераможцай другога (раённага) этапу рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2026» у намінацыі «Малады настаўнік». Настаўніца рускай мовы і літаратуры Жанна Мікалаеўна Прохарава паспяхова выступіла ў Віцебскіх адукацыйных Калядных чытаннях з міжнародным удзелам «Асвета і маральнасць: фарміраванне асобы і выклікі часу», якія праходзілі на базе Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі ў снежні 2025 года. Мы ганарымся таксама поспехамі намесніка дырэктара па навучальнай рабоце Валянціны Уладзіміраўны Балажынскай, якая прадставіла эфектыўны вопыт педагагічнага калектыву на фестывалі праектных практык у Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі зноў жа ў снежні мінулага года.

На базе гімназіі працуюць таксама тры рэсурсныя цэнтры — па фізіцы, беларускай мове і літаратуры, а таксама дапрызыўнай і медыцынскай падрыхтоўцы.

Вось так, выкарыстоўваючы ў навучанні сучасныя інавацыйныя падыходы, шматгадовыя напрацоўкі вопытных педагогаў, мы ідзём па шляху да новых вышынь і перамог. Упэўнены, што дзякуючы нязгаснай энергіі, глыбокім ведам і высокаму ўзроўню прафесійнага майстэрства нам удасца ажыццявіць яшчэ шмат новых яркіх ідэй і карысных задум.

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ
Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю