Top.Mail.Ru

Як знайсці асабiстую перспектыву?

Выбар будучай прафесii — адзiн з найбольш важных i адказных этапаў для кожнага чалавека. Гэта не проста крок у дарослае жыццё, але i магчымасць знайсцi сябе, рэалiзаваць свае мары i таленты. Як сучасныя школьнiкi падыходзяць да пошуку свайго курсу, мы распыталі вучняў выпускных класаў гiмназii № 11 г. Мiнска iмя I. Д. Чарняхоўскага. Хлопцы падзялiлiся сваiмi думкамi пра вучобу, выбар прафесii, уплыў на iх рашэнне розных фактараў.


Дамiр Мiцкевiч: «Галоўнае — зразумець, што падыходзiць табе»

Дамiр ужо вызначыўся з будучай прафесiяй. Ён плануе паступаць на спецыяльнасць «Графiчны дызайн i мультымедыядызайн». Для яго такi выбар — не проста спроба знайсцi стабiльную работу, але i магчымасць рэалiзаваць свае творчыя здольнасцi.

«Самае складанае падчас выбару прафесii — зразумець, што сапраўды падыходзiць менавiта табе. Я лiчу: паспяховасць па пэўных прадметах iстотна ўплывае на выбар, гэта важна для паступлення ў ВНУ. А вышэйшая адукацыя для ўдалай кар’еры сёння абавязковая».

Найбольш цiкавыя для Даміра прадметы — англiйская мова i грамадазнаўства. 

«На выбар прафесii ўплываюць iнтарэсы, мае магчымасцi i меркаваны заробак. Вызначыцца канчаткова ў большай ступенi дапамагаюць у тым лiку i парады бацькоў. Я, у адрозненне ад iншых, прыслухоўваюся да старэйшага пакалення. А вось меркаванне аднакласнiкаў для мяне не мае значэння».

Мiхаiл Iгнатовiч: «Цiкавасць на ўсё жыццё — вось што важна»

У Мiхаiла сярэднi бал вышэй васьмi. Сярод любiмых прадметаў — матэматыка i грамадазнаўства, яны звязаны з будучымi прафесiйнымi планамi юнака.

«Я разумею, што правiльны выбар прафесii вызначыць маю будучыню. Самае складанае — знайсцi такую сферу дзейнасцi, якая была б цiкавай мне ўсё жыццё. Выбiраючы, вядома, арыентуюся на асабiстыя iнтарэсы, прэстыж будучай спецыяльнасцi i стабiльны заробак», — кажа Мiхаiл.

Ён пакуль не вызначыўся канчаткова, але разглядае прафесii пiлота грамадзянскай авiяцыi або юрыста.

«Да парад бацькоў i настаўнiкаў стаўлюся нейтральна, iмкнуся адэкватна ацэньваць iх меркаванне. Не ўплывае на мой выбар i меркаванне аднакласнiкаў. Мне тут, хутчэй, дапамаглi розныя артыкулы, вiдэа, днi адкрытых дзвярэй у ВНУ», — расказвае Мiхаiл.

Глеб Церашкоў: «Галоўнае, каб работа прыносiла задавальненне»

Глеб да выбару прафесii падыходзiць больш свабодна. Яму не вельмi падабаецца вучыцца ў школе, сваiмi адзнакамi ён задаволены. Найбольш цiкавы прадмет — iнфарматыка, бо яна непасрэдна звязана з камп’ютарнай тэматыкай, якая хлопцу па душы.

«Магчыма, паспяховасць па пэўных прадметах i ўплывае на выбар прафесii. Часцей вучнi iмкнуцца атрымлiваць добрыя адзнакi па ўсiх прадметах, каб паступiць на прэстыжную спецыяльнасць, нават калi нейкiя дысцыплiны iм не падабаюцца», — разважае Глеб.

Сам ён плануе займацца камп’ютарнай iнжынерыяй. Але прызнаецца, што не ўпэўнены, цi застанецца ў гэтай сферы: «Я мог бы стаць таксама мастаком або кiмсьцi яшчэ».

Андрэй МАТУСЕВIЧ

Фота з адкрытых крыніц

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю