Калі заязджаеш у аграгарадок Квасоўка, што пад Гродна, бачыш ідэальны асфальт, акуратныя дамы, дагледжаныя газоны і сучасныя сацыяльныя аб’екты. Тут размешчана адна з лепшых гаспадарак Беларусі, якую Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка ў час свайго візіту назваў эталонам айчыннага аграрнага сектара. Сакрэт гэтага поспеху крыецца ва ўнікальнай формуле, якую заклаў яшчэ заснавальнік гаспадаркі, Герой Беларусі Віталій Крэмко: «Замкнуць вытворчы цыкл — самі вырабляем, самі перапрацоўваем, самі прадаём».
Першыя на жніве
ВК імя В. І. Крэмко першы ў Гродзенскім раёне завяршыў уборку збожжавых. Завяршыў з добрымі вынікамі. Валавы збор збожжавых і зернебабовых склаў 23 094 тоны, сярэдняя ўраджайнасць — 85,4 цэнтнера з гектара, валавы збор алейнага семя рапсу — 5170 тон, а сярэдняя ўраджайнасць — 58,8 ц/га.
— Аднымі з першых мы заканчваем уборачную гарачую пару дзякуючы якасна арганізаванай працы і прафесіяналізму нашых аграрыяў. Хацелася б сказаць вялікі дзякуй хлебаробам за іх працу і адданасць сваёй справе, — гаворыць старшыня кааператыва Сяргей Крэмко.

— У раслінаводстве гаспадарка актыўна прымяняе элементы дакладнага земляробства. Трактары і камбайны аснашчаны сістэмамі GPS-навігацыі і аўтапілатавання, што выключае перакрыцці пры пасеве і апрацоўцы палёў, эканомячы тоны паліва і насення. Унясенне ўгнаенняў і сродкаў аховы раслін строга дазіравана, — расказаў Сяргей Крэмко.
Гонарам гаспадаркі з’яўляецца інтэнсіўны сад плошчай звыш 170 гек-
тараў. Тут укаранёна аўтаматызаваная сістэма кропельнага паліву і фертыгацыі, калі строга адмераная колькасць вады і раствораных пажыўных рэчываў падаецца непасрэдна да каранёў кожнага дрэва. Больш за тое, плошчы сада, якія заняты чарэшняй, абаронены супрацьградавымі сеткамі. Для захоўвання сабранага ў гаспадарцы ўраджаю есць свае фруктасховішчы.
Толькі вышэйшы гатунак
Адным з галоўных прыярытэтаў кіраўніка Сяргея Крэмко на сёння з’яўляецца комплекснае абнаўленне жывёлагадоўчай галіны.
У кааператыве разгарнуўся буйнамаштабны праект па глыбокай мадэрнізацыі вытворчых жывёлагадоўчых аб’ектаў.
У кароўніках кардынальна перабудавалі ўнутраную лагістыку: групы па 90 галоў падзялілі на больш кампактныя секцыі — да 65 жывёл у кожнай. Гэта дазволіла пазбегнуць цісканіны ў пераддаільных залах і зрабіць кіраванне статкам больш эфектыўным. Пераабсталяваны даільныя і пераддаільныя залы, праведзены рамонт, аб’екты ўкамплектаваны сістэмай вентыляцыі, якая забяспечвае камфортнае даенне для жывёл.
Асобная ўвага была нададзена аўтаматызацыі ветэрынарнага абслугоўвання. На фермах з’явіліся аўтаматычныя ванны для рэгулярнай апрацоўкі капытоў, што дапамагло знізіць рызыку захворванняў канечнасцей і палепшыць агульнае здароўе пагалоўя. Акрамя таго, у памяшканнях для дарашчвання ўжо дзейнічаюць і пастаянна дапаўняюцца сістэмы аўтаматычнай медыкацыі, якія дазваляюць уводзіць прэпараты праз ваду і значна скарачаюць патрэбу ў непасрэдным кантакце ветэрынарнага ўрача з жывёлай. Запушчаны таксама сістэмы маніторынгу статка, якія даюць магчымасць дакладна адсочваць перыядычнасць і тэрміны правядзення ветэрынарных і заатэхнічных мерапрыемстваў, а таксама фарміраваць дэталёвую статыстыку па фізіялагічным і прадукцыйным статусе жывёл. І гэта далёка не поўны спіс навацый, укаранёных у ходзе мадэрнізацыі.
— Гэтыя крокі ўжо прыносяць вынікі: сярэднясутачны надой ад адной каровы перавышае 30 літраў, а гадавы паказчык гаспадаркі дасягнуў адзнакі 12 тысяч кілаграмаў малака на карову, — падкрэсліў Сяргей Крэмко.
Чалавечы фактар
Працяг справы дынастыі Крэмко — гэта гісторыя пра тое, як пераемнасць пакаленняў і асабістая адказнасць дапамаглі ўтрымаць і прымножыць высокую планку, зададзеную легендарным кіраўніком Віталіем Ільічом Крэмко. Калі ў 2001 годзе яму першаму ў вобласці было прысвоена званне Героя Беларусі, усе ведалі, што за гэтым поспехам стаіць тытанічная праца і жалезная воля. Менавіта ён у 1984 годзе ўзначаліў тады яшчэ калгас «Кастрычнік» у Квасоўцы, дзе не было ні нармальнага асфальту, ні элементарных умоў, і за дзесяцігоддзі ператварыў яго ў квітнеючы аграрны флагман.
Яго сын Сяргей Вітальевіч Крэмко свой працоўны шлях у гаспадарцы пачаў у 1993 годзе. У 2007-м ён стаў новым кіраўніком. Пад яго кіраўніцтвам гаспадарка паспяхова спраўляецца з задачамі па забеспячэнні харчовай бяспекі.
Тэхналагічны прарыў немагчымы без кваліфікаваных кадраў, таму прыцягненне і замацаванне маладых спецыялістаў — гэта асобная стратэгія Сяргея Крэмко. Прыходзячы на працу ў кааператыў, выпускнікі ВНУ і каледжаў атрымліваюць не проста працоўнае месца, а пакет сацыяльнай падтрымкі. Галоўны стымул для маладых аграрыяў — гэта вырашэнне жыллёвага пытання. Кааператыў дапамагае ў гэтым моладзі.
— Сярэднегадавая колькасць супрацоўнікаў складае свыш шасцісот чалавек, і для кожнага створаны ўмовы. Акрамя таго, гаспадарка развівае сацыяльную інфраструктуру аграгарадка. Тут не залежаць ад знешніх пастаўшчыкоў мясной сыравіны або пасрэднікаў, таму ўвесь прыбытак застаецца ўнутры прадпрыемства і ідзе на развіццё гаспадаркі і дабрабыт яго работнікаў, — растлумачыў Сяргей Крэмко.
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ