Top.Mail.Ru

Як жыве памяць пра Кузьму Чорнага?

24 чэрвеня адзначалася значная літаратурная падзея — 125-годдзе з дня нараджэння класіка беларускай прозы, літаратурнага крытыка і драматурга Кузьмы Чорнага (1900–1944).


5_27.jpg

Выступае мадэратар канферэнцыі «Кузьма Чорны: пра чалавека, жыццё, беларускае» Алена Васілевіч.

У чэрвені амаль адначасова да юбілею празаіка прайшлі два значныя мерапрыемствы. Адным з іх стала літаратурна-музычнае свята «Цімкавіцкія вытокі», якое прайшло ў аграгарадку Цімкавічы, што на Капыльшчыне, месцы, «дзе прайшло маленства» пісьменніка.

Кузьма Чорны — сапраўдны брэнд і гонар Цімкавічаў, асоба, дзеля якой ужо чацвёрты год запар на яго малой радзіме збіраецца вялікая колькасць гасцей з розных куточкаў Беларусі. Характэрна, што «Цімкавіцкія вытокі», якія ўпершыню былі арганізаваны ў чэрвені 2022-га, з’яўляюцца самым маладым пісьменніцкім фэстам, і надзвычай каштоўна, што Кузьма Чорны мае сваё свята, якое набірае абароты і праз год будзе спраўляць свой першы, пяцігадовы юбілей. 

Арганізатарамі «Цімкавіцкіх вытокаў» традыцыйна выступілі Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, Капыльскі раённы выканаўчы камітэт і Саюз пісьменнікаў Беларусі. Мерапрыемства адбывалася адначасова на некалькіх пляцоўках галоўнай вуліцы аграгарадка — Слуцкай. Гасцей чакалі канцэртныя праграмы, выступленні пісьменнікаў, творчыя майстар-класы і гульні, кніжныя выстаўкі, літаратурна-мастацкая экспазіцыя «Літаратурны свет Кузьмы Чорнага», бяспройгрышная латарэя «З рога ўсяго многа!», стравы беларускай кухні ад арганізацый Капыльскага раёна... 

Адным з галоўных месцаў прыцягнення гасцей стаў Літаратурны музей Кузьмы Чорнага, дзе новая загадчыца гэтай установы Алена Гарэлік праводзіла змястоўныя экскурсіі. 

Музей стаў пляцоўкай і для сустрэчы даследчыкаў творчасці пісьменніка: у адной з залаў, прысвечанай яго караням і дзіцячым гадам, адбыўся круглы стол «Кузьма Чорны. Вытокі таленту». У мерапрыемстве, арганізаваным Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры, узялі ўдзел пісьменнікі, літаратуразнаўцы і мовазнаўцы, супрацоўнікі навуковых інстытутаў, бібліятэкары і музейныя работнікі, настаўнікі. 

З прывітальнымі словамі да прысутных звярнулася ганаровы госць, былая загадчыца Літаратурнага музея Кузьмы Чорнага, якая ўзначальвала яго больш за 30 гадоў, любіміца цімкаўцаў Людміла Ніжэвіч. Падчас круглага стала яна прадэманстравала публіцы сапраўдны рарытэт з хатняй бібліятэкі — кнігу Сцяпана Александровіча «На шырокі прастор», у якой на працягу многіх гадоў збірае аўтографы вядомых дзеячаў беларускай культуры. 

У гэтай унікальнай кнізе некалі пакінулі подпісы паэты Адам Русак і Васіль Вітка, празаікі Янка Брыль і Алена Васілевіч, дачка Кузьмы Чорнага Рагнеда, скульптар Заір Азгур... 

Шмат цёплых, шчырых слоў сказалі старшыня Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Леанід Крыванос, супрацоўнікі Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры — намесніца дырэктара па навуковай рабоце Алеся Кузняцова і вучоны сакратар, мадэратар круглага стала Наталля Калядчык. Галоўны рэдактар часопіса «Роднае слова» Наталля Шапран распавяла пра змест чарговых нумароў гэтага перыядычнага выдання, адзначыўшы, што спадчына Кузьмы Чорнага працягвае актыўна даследавацца навукоўцамі, нягледзячы на тое, што пісьменнік пайшоў з жыцця 80 гадоў таму.

У выступленні кандыдата філалагічных навук, дацэнта, старшага навуковага супрацоўніка Цэнтра даследаванняў старадрукаваных выданняў і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі Мікалая Труса прагучалі ўспаміны Максіма Лужаніна пра Кузьму Чорнага, а ў дакладзе кандыдыта філалагічных навук, члена Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхаіла Кенькі быў прадстаўлены агляд творчасці Кузьмы Чорнага ў даследаваннях Алеся Адамовіча.

У 2023 г. Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі распачаў фундаментальную працу: выданне новага, навукова-каментаванага Збору твораў Кузьмы Чорнага ў 12 тамах, тры першыя ўжо пабачылі свет. Пра некаторыя аспекты падрыхтоўкі кніг, паняцце «апошняй творчай волі аўтара», супрацоўніцтва з унукам празаіка Міколам Раманоўскім, распавяла кандыдат філалагічных навук, загадчык аддзела выданняў і тэксталогіі Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі Алена Васілевіч.

У круглым стале ўзяла ўдзел настаўніца беларускай мовы і літаратуры Цімкавіцкай сярэдняй школы імя Кузьмы Чорнага Галіна Пінчук, якая нагадала прысутным пра творы празаіка, уключаныя ў школьную праграму, распавяла пра формы работы і адкрыццё спадчыны пісьменніка вучням.

Падчас круглага стала шмат гаварылася пра ўшанаванне памяці класіка, ініцыятывы, якія штогод ладзяцца ў яго гонар. Напрыклад, надзвычай паспяховым праектам стаў «Пісьменнікі — ураджэнцы роднага краю», які ініцыявала ў Мінскай абласной бібліятэцы імя А. С. Пушкіна магістр філалагічных навук, бібліятэкар, а цяпер старшы навуковы супрацоўнік лабараторыі гуманітарнай адукацыі навукова-даследчага цэнтра ДУА «Акадэмія адукацыі» Таццяна Лаўрык. Вялікі ўнёсак у папулярызацыю творчасці Кузьмы Чорнага, безумоўна, зрабілі землякі пісьменніка, супрацоўнікі Літаратурнага музея Кузьмы Чорнага, Цімкавіцкай сельскай бібліятэкі і Капыльскай раённай цэнтральнай бібліятэкі імя А. Астрэйкі. Пра віртуальны музей, інсцэніроўкі твораў празаіка, пленэры, велаэкскурсіі па «чорнаўскіх» мясцінах распавяла загадчыца Цімкавіцкай сельскай бібліятэкі Вольга Радкевіч. 

Свой унёсак у справу ўшанавання памяці Кузьмы Чорнага робіць і Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Віртуальную экспазіцыю пісьменніка, створаную ў межах вядомага праекта «На хвалі часу, у плыні жыцця» прэзентавала аўтар гэтых радкоў. Былі прадэманстраваны каштоўныя матэрыялы, якімі рэсурс папоўніўся сёлета. Так, бібліятэка наладзіла плённае супрацоўніцтва з Беларускім радыё і спецыяльна да 125-годдзя з дня нараджэння Кузьмы Чорнага ў віртуальную экспазіцыю былі далучаны інсцэніраваныя апавяданні і радыёспектаклі, створаныя па творах празаіка ў 1950–1960-х гг. вядучымі прадстаўнікамі айчыннага радыёвяшчання з удзелам зорак беларускай сцэны. «Як дзядзька Тамаш напалохаў ваўкоў» (1956), «Вясковая ветэрынарыя» (1956), «Вялікае сэрца» (1960), «Насцечка» (1961), «Бацькаўшчына» (1966), «Вераснёвыя ночы» (1968) і «Ліст Якуба Малькевіча» (1968)... Цяпер каштоўныя запісы гэтых радыёпастановак даступны для праслухоўвання ў любы час з любога электроннага носьбіта незалежна ад месцазнаходжання слухача.

Другім юбілейным акцэнтам стала рэспубліканская навуковая канферэнцыя «Кузьма Чорны: пра чалавека, жыццё, беларускае», арганізаваная 24 чэрвеня Інстытутам літаратуразнаўства. 

У навуковым форуме прынялі ўдзел бадай што ўсе аўтарытэтныя даследчыкі спадчыны класіка беларускай прозы: літаратуразнаўцы і мовазнаўцы, супрацоўнікі навуковых інстытутаў, выкладчыкі вышэйшых навучальных устаноў, прадстаўнікі выдавецтваў і беларускіх СМІ, бібліятэкары, музейныя супрацоўнікі, аспіранты. З прывітальнымі словамі выступілі дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар Іван Саверчанка, літаратуразнавец, пісьменнік, член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар Сцяпан Лаўшук, літаратуразнавец, кандыдат філалагічных навук, прафесар Аляксей Рагуля, які прымаў удзел у выданні Збору твораў Кузьмы Чорнага ў 6 тамах (1988–1992) і інш.

На пленарным пасяджэнні былі абмеркаваны розныя пытанні шматграннай творчасці Кузьмы Чорнага, яго асоба, лёс, погляды на літаратурны працэс. З грунтоўным дакладам, прысвечаным мастацкаму ўніверсуму пісьменніка выступіла прафесар кафедры беларускай літаратуры Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, доктар філалагічных навук, прафесар Анжэла Мельнікава, якая з’яўляецца аўтарам прадмовы да першага тома новага Збору твораў Кузьмы Чорнага ў 12 тамах. Дыялагізму ў прозе пісьменніка, паліфанічнасці і шматслойнасці «літаратурнай тканіны» Чорнага было прысвечана выступленне прафесара кафедры тэарэтычнага і беларускага літаратуразнаўства БДУ, доктара філалагічных навук Людмілы Сіньковай.

У ліку важных пытанняў, абмеркаваных падчас пленарнага пасяджэння, сталі постаць пісьменніка ў святле архіўных крыніц, яго асоба ва ўспамінах сучаснікаў. Усеагульную зацікаўленасць выклікалі даклады мовазнаўцаў, прысвечаныя лексікону твораў аўтара, яго поглядам на беларускую літаратурную мову. Асобны блок быў прысвечаны і ўшанаванню памяці класіка, дзе Нацыянальная бібліятэка Беларусі «агучыла» запіс жывога голасу творцы, які датаваны 1942 годам і захоўваецца ў фондах Літаратурнага музея Кузьмы Чорнага, а цяпер даступны і ў праекце «На хвалі часу, у плыні жыцця».

Юбілейныя ініцыятывы ў гонар Кузьмы Чорнага сталі яскравым сведчаннем таго, што памяць пра пісьменніка жыве і, па словах даследчыка Івана Кудраўцава, «...тое сэрца і цяпер б’ецца ў магутнай літаратурнай спадчыне пісьменніка».

Юлія АМОСАВА

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю