Грамадзянскія ініцыятывы становяцца важным інструментам развіцця рэгіёнаў. У Іванаўскім раёне яны дазваляюць не толькі вырашаць лакальныя праблемы, але і фарміраваць камфортнае асяроддзе для жыцця. Яркі прыклад — аграгарадок Моталь Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці, дзе дзякуючы сумесным намаганням жыхароў і мясцовай улады ў 2025 годзе рэалізаваны шэраг значных праектаў.
Як адзначыла старшыня Мотальскага сельскага Савета дэпутатаў Этэры ПТАШЫЦ, толькі за мінулы год на тэрыторыі аграгарадка былі ўвасоблены ў жыццё чатыры буйныя грамадзянскія ініцыятывы, якія закранулі як сферы адпачынку, так і духоўнага жыцця мясцовых жыхароў.
Адным з найбольш маштабных праектаў стала добраўпарадкаванне пляжа ў аграгарадку Моталь. Ініцыятыва была прадстаўлена на абласны конкурс і атрымала падтрымку. Агульны бюджэт праекта склаў больш за 20 тысяч рублёў (20 700 рублёў), з якіх 10 працэнтаў (2100 рублёў) — уклад саміх жыхароў.
У выніку на пляжы з’явіліся дзіцячы гульнявы комплекс, альтанкі, лаўкі, урны, інфармацыйныя стэнды, валейбольная сетка, а таксама неабходная інфраструктура для бяспечнага адпачынку. Праведзена расчышчэнне берагавой лініі і падрыхтоўка тэрыторыі для далейшага развіцця.
— Мы атрымалі добраўпарадкаванае месца адпачынку для дзяцей і дарослых. Тут плануецца правядзенне масавых мерапрыемстваў — «Мотальскай рэгаты», свята «Купалле», турыстычных злётаў, — падкрэсліла Этэры Пташыц.
У перспектыве прадугледжваецца будаўніцтва пірса і прычала для лодак, што дазволіць яшчэ больш развіць турыстычны патэнцыял тэрыторыі.
.jpg)
Значная ўвага ў Моталі ўдзяляецца і духоўнай спадчыне. Так, у 2025 годзе поўнасцю завершана будаўніцтва капліцы на могілках «Панцавічы». Будаўніцтва вялося выключна за кошт сродкаў насельніцтва. На гэтыя мэты было накіравана 10,5 тысячы рублёў.
Акрамя таго, праведзены рамонт капліцы на могілках па вуліцы Варашылава. Тут замянілі дах, вокны, абнавілі фасад і ўладкавалі ганак. Дадзеная ініцыятыва рэалізавана за кошт насельніцтва (9200 рублёў) і ВК «Моталь» (6000 рублёў).
Яшчэ адным важным праектам стала стварэнне зоны адпачынку «Набярэжная» і захаванне экасістэмы Мотальскага возера. У межах ініцыятывы добраўпарадкавана берагавая лінія, абсталяваны паркоўкі, устаноўлены кантэйнеры для раздзельнага збору смецця, энергазберагальнае асвятленне, альтанкі, лаўкі і урны.
Асобная ўвага — экалагічнай адукацыі: устаноўлены інфармацыйныя стэнды з правіламі паводзін каля вадаёма.
— Вельмі важна, што многія работы выконваліся самімі жыхарамі, у тым ліку на добраахвотнай аснове. Гэта сведчыць пра высокі ўзровень грамадзянскай актыўнасці, — адзначыла старшыня сельсавета.
Паралельна ў аграгарадку праводзяцца і іншыя маштабныя работы. З жніўня да снежня 2025 года ажыццяўлялася расчышчэнне тэрыторый, уладкаванне кюветаў, замена трубапераездаў і аднаўленне меліярацыйных каналаў. На гэтыя мэты накіравана каля 60 тысяч рублёў (за кошт фінансавання з раённага бюджэту).
Усё гэта дазваляе вырашаць праблемы адводу паверхневых вод і паляпшаць умовы пражывання жыхароў.
Як падкрэслівае Этэры Пташыц, менавіта сумесная работа ўлады, бізнесу і насельніцтва становіцца ключавым фактарам развіцця тэрыторыі.
— Грамадзянскія ініцыятывы — гэта не толькі пра добраўпарадкаванне, але і пра адказнасць людзей за сваю малую радзіму і жаданне зрабіць яе лепшай, — адзначыла яна.
Вопыт Моталя паказвае: калі ёсць актыўнасць і зацікаўленасць жыхароў, нават невялікі населены пункт можа стаць прыкладам устойлівага і сучаснага развіцця.
Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ