Top.Mail.Ru

Жыхар Віцебскага раёна стварае незвычайныя карціны

Халадзільнік замест палатна

Аб важнасці другаснай перапрацоўкі жыхар гарпасёлка Сураж Віктар Капцелаў ведае не па чутках. Толькі старыя прадметы быту, напрыклад, халадзільнікі, ён не здае ў металалом, а ўдала пераўтварае ў палотны, на якіх з-пад вопытнай рукі 78-гадовага майстра выходзяць партрэты вядомых людзей і суайчыннікаў.

Унікальнае для вяскоўца захапленне — стварэнне гравюр на метале — Віктар Яфімавіч асвоіў каля 12 гадоў таму метадам спроб і памылак. Сам ствараў тэхніку, чытаў спецыяльную літаратуру. Матэрыялам для карцін выбраў металічныя карпусы халадзільнікаў. Іншым разам мужчына выкарыстоўвае пласціны ад пральных машын, мікрахвалёвак. Дастаткова ўзяць металічны ліст, напрыклад, бакавіну ад халадзільніка, абпаліць фарбу і пластык, пафарбаваць у чорны колер і можна прыкладаць трафарэт, пераводзіць вострымі прыладамі ўзор.

«З дзяцінства люблю маляваць. Вядома, мастацкай адукацыі не маю, затое ў кожную работу ўкладваю душу. Таму ніколі нічога не раблю на заказ. Кожная карціна — гэта маё натхненне. Больш за 10 гадоў таму мне захацелася стварыць нешта на метале. Доўга абдумваў, з чаго пачаць, які сюжэт выбраць...» — расказвае герой. Прычым Віктар Яфімавіч не толькі мастак, але і майстар на ўсе рукі — сантэхнік, муляр, цясляр. Сваімі рукамі пабудаваў хату, дзе жыве цяпер, і майстэрню, дзе займаецца хобі.

На металічных палотнах мужчына малюе знакамітых людзей, чыя творчасць яго натхняе, палітычных дзеячаў мінулага, блізкіх, фантазійныя сюжэты. У яго галерэі, дзе колькасць работ даўно перасягнула за сотню, ёсць Вінцэнт Ван Гог і Леанарда да Вінчы, Мікалай Гогаль і Аляксандр Блок, Эмануіл Кант і Міхаіл Лермантаў. Перад уваходам у майстэрню размясціўся партрэт жонкі Таццяны з сабакам, які стаў для пары членам сям’і. Асаблівае месца ў калекцыі займае партрэт нашай суайчынніцы Дар’і Домрачавай — яе Віктар Яфімавіч выгравіраў у гонар высокіх дасягненняў, дзякуючы якім яна праславіла Беларусь на міжнароднай арэне.

У тым, што хобі ўдалося не толькі асвоіць, але і вывесці на высокі выканаўчы ўзровень на працягу многіх гадоў, майстар удзячны сваёй жонцы Таццяне і сынам, якія заўсёды верылі і падтрымлівалі захапленне бацькі. «З Таццянай мне ўвогуле вельмі пашанцавала. Іншая жанчына магла б скардзіцца, што марную час на занятак, які не прыносіць грошы. 

А мая жонка лічыць па-іншаму: у кожнага чалавека павінна быць захапленне, якое радуе душу. І за гэта я буду ўдзячны ёй да канца, бо калі цябе падтрымліваюць, за спінай вырастаюць крылы і хочацца тварыць», — падзяліўся сакрэтам мастацтва мужчына.

Фота «Витьбичи».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю