У Мінскім раённым аддзеле Следчага камітэта ўстанаўліваюцца абставіны шматэпізоднага махлярства ў асабліва буйным памеры. Ахвярай злачыннай схемы стаў 39-гадовы жыхар Мінскага раёна, які страціў каля 280 тысяч рублёў.
Паводле інфармацыі афіцыйнага прадстаўніка УСК Мінскай вобласці Марыі Нікіцінай, раніцай 21 ліпеня пацярпеламу ў Viber патэлефанавала «супрацоўніца Белпошты» і на падставе арганізацыі паўторнай дастаўкі паштовага адпраўлення схіліла мужчыну да перадачы кода з СМС. Затым, па чарзе выдаючы сябе за прадстаўнікоў Нацбанка і Міністэрства сувязі, зламыснікі паведамілі, што з яго рахунку нібыта здзейснены перавод асобе ў міжнародным вышуку, і высветлілі месца работы пацярпелага, наяўнасць рахункаў і банкаў.
Далей у схему ўступіў «супрацоўнік КДБ». Пад пагрозай вобыску і прыцягнення да крымінальнай адказнасці за дзяржздраду ён прымусіў мужчыну да «супрацоўніцтва» і вымусіў напісаць заяву і падпіску аб неразгалошванні. Дзейнічаючы па ўказанні, пацярпелы зняў з асабістых рахункаў 22 970 і 12 900 долараў і перадаў іх дзяўчыне-кур’еру, якую назвалі супрацоўніцай інкасацыі. Пазней на падставе абароны ад «чужых крэдытаў» мужчына аформіў крэдыты на 159 560 рублёў. Частку грошай ён перадаў кур’еру, астатнія пакінуў у пакеце каля прыпынку ў Мінскім раёне. Пасля кожнай перадачы яму дасылалі падробленыя дакументы аб нібыта законным паходжанні сродкаў і іх паступленні ў Нацбанк.
Сувязь з «куратарамі» спынілася, і пацярпелы, заўважыўшы сумнеўную пасаду кіраўніка Нацбанка ў дакументах, знайшоў у Інтэрнэце інфармацыю аб падобных схемах і звярнуўся ў міліцыю. Паводле яго слоў, ён паверыў ілжэахоўніку, паколькі той звязваўся па відэасувязі са «службовага кабінета» і быў у вопратцы з пагонамі.
Распачата крымінальная справа па ч. 4 арт. 209 КК (махлярства ў асабліва буйным памеры).
Следчы камітэт нагадвае: праваахоўнікі не тэлефануюць у месенджарах, не патрабуюць «дэклараваць» сродкі і не просяць удзельнічаць у аперацыях. Відэасувязь з дэманстрацыяй формы і кабінетаў не пацвярджае асобу. Пры пагрозах і патрабаваннях хуткіх дзеянняў неабходна спыніць размову і праверыць інфармацыю па афіцыйных нумарах або па тэлефоне 102. Афіцыйныя арганізацыі не просяць паведамляць коды, перадаваць наяўныя незнаёмцам, браць крэдыты або пакідаць грошы ў схованках.
Ягор ЧУРЫК