Top.Mail.Ru

Як зберагчы дзіця ад бяды з інтэрнэту

Дзеці і падлеткі — самыя актыўныя і разам з тым самыя даверлівыя карыстальнікі інтэрнэту. Яны прагнуць прызнання, новых уражанняў, лёгка вядуцца на розныя хітрыкі, што робіць іх ідэальнай мішэнню для зламыснікаў.


А ці сапраўды — сябар?

Злачынцы ўсё часцей выкарыстоўваюць дасканалыя схемы, каб падмануць, запалохаць і ўцягнуць непаўналетніх у супрацьпраўныя дзеянні. «Першае, з чым мы часцей за ўсё сутыкаемся, — гэта празмерны давер з боку падлеткаў да тых, з кім яны камуніцыруюць», — адзначае Аляксандр РЫНГЕВІЧ, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці МУС. Часам дзеці расказваюць віртуальным прыяцелям нават тое, што ніколі не даверылі б сябру або аднакласніку. Не хаваецца і інфармацыя аб сям’і, бацькоўскай рабоце ці дамашнім адрасе. Пазней злачынцы выкарыстоўваюць яе ў якасці рычага для шантажу, напрыклад, каб вымагаць грошы: «Калі махляры даведваюцца, што бацькі ахвяры займаюць адказнае становішча, пачынаюць ціснуць на дзіця: «Цяпер іх звольняць, таму збірай усе грошы, вынось з дому», — тлумачыць нюансы схемы прадстаўнік МУС.  

Такі выпадак адбыўся зусім нядаўна: у пачатку лістапада ў праваахоўныя органы звярнулася жыхарка Савецкага раёна сталіцы. Яе сын, пазнаёміўшыся ў інтэрнэце з нібыта аднагодкам, па яго просьбе адправіў сваю геалакацыю для «сустрэчы». Затым з дзіцем звязаўся невядомы, заявіўшы, што яго даныя скралі ашуканцы і цяпер іх сям’я ў сур’ёзнай небяспецы. Далей у справу ўступіў «следчы», які запалохаў непаўналетняга крымінальнай адказнасцю і арыштам бацькоў. Каб выратаваць сям’ю, хлопчык, падпарадкоўваючыся ўказанням, вынес з кватэры і пакінуў пад аркай дома больш за 19 тысяч рублёў.  

Бясплатны сыр — у мышалоўцы 

Часам да такіх сумных наступстваў прыводзяць і бяскрыўдныя анлайн-гульні. А менавіта — новы віртуальны прыяцель прапануе дапамагчы ці паказаць лёгкі спосаб зарабіць гульнявую валюту. Знаходзяцца «добразычліўцы», якія прапануюць зайсці ў іх уліковы запіс на прыладзе, каб забраць бясплатныя «куфры» або «скарбы». Як толькі дзіця робіць гэта, зламыснік блакіруе яго тэлефон — нібы прылада была страчана або скрадзена.  

Нядаўна на такую схему папаліся дзеці ў Фрунзенскім раёне Мінска. Школьнікі хацелі бясплатна спампаваць папулярную анлайн-гульню, напісалі незнаёмцам, якія ў сваіх відэа прапаноўвалі падзяліцца доступам з усімі жадаючымі. Па іх парадзе ўвялі на сваіх мабільных прыладах логін і пароль чужых Apple ІD — і тэлефоны тут жа былі заблакіраваны. Без увядзення дакладнага логіна і пароля разблакіраваць яго ўжо немагчыма. «У далейшым ашуканец зноў пачынае шантажыраваць: або ты мне пералічваеш грошы, або твой тэлефон ператвараецца ў няспраўную прыладу, „цэглу“. Такіх сітуацый у нас дастаткова шмат, — дзеліцца Аляксандр Рынгевіч. — У дадзеным выпадку за вяртанне доступу да акаўнтаў аферысты запатрабавалі перавесці ім ад 75 да 250 рублёў у эквіваленце».  

Зарабіць нельга страціць 

Не так даўно была папулярная простая, але вельмі «эфектыўная» ашуканская схема: дзіця ці падлетка прасілі зарэгістраваць банкаўскую карту на сваё імя і затым перадаць яе ў карыстанне за плату. Але цяпер, паводле беларускага заканадаўства, усе фінансавыя і значныя юрыдычныя дзеянні непаўналетнія могуць здзейсніць толькі з пісьмовай згоды бацькоў. «Унеслі адпаведныя змены ў Грамадзянскі кодэкс для таго, каб звесці да мінімуму такія выпадкі. І сёння гэта мы бачым у канкрэтных лічбах: у 2025-м падобных злачынстваў было выяўлена каля 100. 

Для параўнання, за аналагічны перыяд мінулага года колькасць выпадкаў склала каля 700», — прыводзіць красамоўныя сведчанні суразмоўца. 

Але ашуканцы ўсё ж знайшлі, як скарыстацца прадпрымальнасцю маленькіх «бізнесменаў». Напрыклад, за невялікую ўзнагароду ў 10-20 рублёў просяць школьнікаў на гадзіну ці дзве перадаць ім у карыстанне свой акаўнт у месенджары. Але, хутчэй за ўсё, уладальніку яго ўжо не вернуць. Як ні дзіўна, гэта менш небяспечна, чым калі вернуць, бо ашуканцы плацяць грошы за доступ да чужога месенджара не для бяскрыўдных званкоў родным. Як правіла, дзіцячыя акаўнты становяцца прыкрыццём для самых розных супрацьпраўных дзеянняў: ад ашуканскіх званкоў і паведамленняў іншым карыстальнікам да гандлю забароненымі матэрыяламі і рэчывамі. 

Гульні па правілах

Таму нечаканыя грашовыя паступленні, дарагія падарункі ці размовы аб «заробку» ў інтэрнэце — гэта хутчэй не падстава для гонару бацькоў, а сігнал да таго, каб задаць свайму дзіцяці некалькі важных пытанняў. Нават недасведчаным у тэхналогіях важна ўнікаць і паказваць сваю зацікаўленасць: дзе, калі, а галоўнае, з кім камуніцыруе падлетак. Насцярожанасць павінны выклікаць і невядомыя дарослыя ў яго «сябрах», і падазроныя старонкі аднагодкаў. 

Калі ж бяда — несанкцыянаваныя транзакцыі, шантаж або ўцечка даных — усё ж здарылася, дзейнічаць трэба хутка. Пры падазроных аперацыях па карце неабходна неадкладна блакіраваць яе і звяртацца ў банк. Калі ж даныя скрадзены ці дзіця шантажыруюць — ісці з заявай у праваахоўныя органы. У міліцыі ёсць інструменты для пошуку і затрымання злачынца, нават калі ён выкарыстоўваў арандаваны акаўнт. 

Варта таксама данесці да свайго дзіцяці: не трэба раскідвацца персанальнай інфармацыяй у сеціве, нават калі гэта папулярныя дадаткі, якія выклікаюць давер. Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці МУС папярэджвае: толькі тыя інтэрнэт-пляцоўкі, якія зарэгістраваны на тэрыторыі Беларусі, падпарадкоўваюцца беларускаму заканадаўству.  

З чаго выцякае простая, але суровая ісціна: персанальныя даныя, пакінутыя на прасторах інтэрнэту, там назаўжды і застаюцца. Пытанне толькі ў тым, хто і як імі скарыстаецца, наколькі беражліва да гэтай інфармацыі паставяцца сэрвісы, якія яе сабралі, і што ў канчатковым выніку з ёй можа адбыцца. 

Словам, думайце самі і вучыце думаць сваіх дзяцей. 

Аміна НАЗАРАВА.
Фота з адкрытых крыніц.

Чытайце таксама: Схемы падману становяцца ўсё больш цынічнымі. Як ашуканцы прымушаюць пацярпелых выконваць ролю кур’ераў

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю