Які парадак увозу ў Беларусь атрыманага ў спадчыну ў замежнай дзяржаве транспартнага сродку, расказалі ў ДМК. Паведаміла БелТА.
Грамадзянін краіны або перавозчык на яго адрас можа завезці з вызваленнем ад выплаты мытных пошлін і падаткаў атрыманыя ў спадчыну за межамі тэрыторыі ЕАЭС аўта- і мотатранспартныя сродкі для асабістага карыстання, прычэпы да такіх, але не больш за адзін кожнага віду.
«Умова — дакументальнае пацвярджэнне факту атрымання такіх тавараў у спадчыну», — растлумачылі ў ДМК.
Пры ўездзе ў Беларусь трэба прайсці па чырвоным калідоры пункта пропуску і падаць службовай асобе мытні дакумент, які сведчыць асобу, пасажырскую мытную дэкларацыю, дакументы, якія змяшчаюць звесткі, што дазваляюць ідэнтыфікаваць транспартны сродак і пацвярджаюць права валодання, карыстання і (або) распараджэння транспартным сродкам, дакументы пра атрыманне спадчыны.