Top.Mail.Ru

Як закладваюць аснову добрых удояў у адной з найбуйнейшых гаспадарак Стаўбцоўскага раёна

У «Налібоках» няма абібокаў

Тут землі мяжуюцца з пушчай

Агульная плошча сельскагаспадарчых угоддзяў ТАА СЖК «Налібокі» складае больш за 8 тысяч гектараў. Колькасць дойнага статка перавышае 8 тысяч галоў. Нядаўна да яго далучылі суседнюю тэрыторыю, таму плошчы і лагістыка выраслі. Дарэчы, новыя землі ўжо ўведзены ў абарот. Ёсць у гэтай мясцовасці і свая спецыфіка: землі моцна парэзаныя Налібоцкай пушчай. Але гэта не перашкаджае, сцвярджае дырэктар гаспадаркі Віталь КУШНЕР.


Што сеюць і на якіх плошчах? Кукуруза заняла каля 1850 га (ёсць і адналеткі — іншымі словамі, страхавальны варыянт на выпадак непагадзі). Раннія яравыя — каля 800 гектараў. Астатняе — шматгадовыя травы, у тым ліку люцэрна, цімафееўка, бабова-злакавыя сумесі. Падсеў траў — асобная навука: выкарыстоўваюць люцэрну як высокабялковую культуру, якая дае да чатырох укосаў за сезон.

Элітнае насенне і хімічная праполка

У гаспадарцы строга сочаць за якасцю насеннага матэрыялу. Эліту закупляюць, а ўсё астатняе — свая рэпрадукцыя. Сеюць насеннем першай рэпрадукцыі, сортаабнаўленні праводзяць самастойна.

На кукурузным полі працуе апырсквальнік «Мекасан». За рулём — трактарыст-машыніст Анатоль КЛЮЧНІК, які ўжо чатыры гады працуе ў «Налібоках». Ён займаецца хімічнай праполкай кукурузы: у апырсквальнік заліты спецыяльныя хімічныя прэпараты, падабраныя аграномам. Праца залежыць ад надвор’я — патрабуецца сухое, каб «хімія» не змылася, тлумачыць механізатар:


— Якаснае правядзенне хімічнай апрацоўкі — гэта аснова, ад якой напрамую залежыць ураджай будучай культуры. Таму кожны этап патрабуе адказнасці і дакладнага выканання тэхналогіі. А выкарыстанне сродкаў індывідуальнай абароны дазваляе бяспечна і эфектыўна выконваць працу. Раскладная штанга апырсквальніка даўжынёй да 20 метраў забяспечвае раўнамернае нанясенне прэпаратаў. У выніку — здаровыя расліны і багаты ўраджай.

Сапраўды, менавіта добрасумленнае стаўленне да працы кожнага члена калектыву з’яўляецца тым ключавым фактарам, які ператварае тэхнічныя магчымасці ў рэальны поспех.

Адказны момант

Першы ўкос травы — самы важны. Сёлета яна вымахала як ніколі! Таму ў полі працуюць сем трактароў, якія возяць зялёную масу на сіласную яму. Механізатар Мікалай НОВІК, жыхар аграгарадка Дзераўная, расказаў, што яго працоўны дзень доўжыцца з сямі раніцы да сямі вечара. Ён кіруе трактарам з прычэпам ПС-45, які змяшчае ад 10 да 14 тон травы:

— Адлегласці ад поля да сіласнай траншэі розныя — ад 5 да 10 кіламетраў, таму і колькасць рэйсаў за дзень можа быць рознай.


Як адзначае дырэктар сельгаспрадпрыемства, сёлета, калі вільготнасць травы перавышае норму, дадаюць падвойную дозу кансерванту:

— Сена для цялят ужо крыху нарыхтавалі, але чакаем спрыяльнага надвор’я. Каб дабіцца высокіх удояў, жывёла павінна спажываць да 20-22 кг сухога рэчыва збалансаванай кормасумесі за дзень. Менавіта таму якасць нарыхтаванага сіласу з’яўляецца ключавой.


У гаспадарцы дзейнічае некалькі жывёлагадоўчых ферм. Адзін з галоўных аб’ектаў — новая малочнатаварная ферма «Церабейная», пабудаваная ў 2025 годзе і разлічаная на 550 галоў (у найбліжэйшы час плануюць павялічыць да 700). Тут утрымліваюцца каровы высокапрадукцыйнай галштынскай пароды. А ў чэрвені ў гаспадарцы адкрыецца новы комплекс з прафілакторыем для цялят.

Усе — як адна сям’я

Але ж налібоцкія рупліўцы жывуць не толькі адной работай.

— Карпаратыўнае жыццё ў нас будуецца на клопаце пра кожнага работніка, — гаворыць спецыяліст па ідэалагічнай рабоце, загадчык гаспадаркай арганізацыі Міраслаў ГРЫГАРОВІЧ. — Людзі атрымліваюць дапамогу да свят, вырашаюцца іх бытавыя пытанні — ад рамонту тэхнікі да забеспячэння ўсім неабходным. Арганізавана якаснае харчаванне, у тым ліку ў час палявых работ. Працуе сістэма аздараўлення: санаторыі, летнікі для дзяцей. Мы арганізуем сумесныя паездкі, карпаратывы, каб людзі адпачывалі разам. Галоўнае, каб кожны адчуваў сябе часткай адной сям’і. І гэта дае вынік. Людзі трымаюцца, працуюць добрасумленна, ганарацца сваёй гаспадаркай.

На ферме «Церабейная» працуе сямейная пара — Мерджэн Аманава, даярка, і яе муж Аман — слесар. Яны прыехалі ў Беларусь з Туркменістана ўсяго два месяцы таму. Ім далі дом, стварылі ўсе ўмовы. Да гэтага жанчына працавала на радзіме бухгалтарам, а цяпер асвоіла новую для сябе прафесію.


— Мой працоўны дзень пачынаецца ў 5 гадзін раніцы, на працягу яго — тры дойкі. Абсталяванне на новай ферме вельмі добрае і сучаснае, галоўнае — засвоіць сам працэс, а астатняе — справа тэхнікі, — усміхаецца Мерджэн.

Нягледзячы на недасканалае веданне рускай мовы, яна разумее калег і адчувае іх падтрымку. На пытанне, чаму выбрала Беларусь, адказала проста:

— Тут спакойна, добрыя ўмовы і заработная плата вышэй. Планую застацца надоўга.

Каб замацаваць работнікаў на сваёй зямлі, у гаспадарцы пабудавалі цэлы пасёлак — пяць сучасных дамоў з усімі выгодамі і дзіцячай пляцоўкай. 

— Жыллё ўзведзена на ўласныя сродкі прадпрыемства і пры падтрымцы бюджэту. Яно арэнднае, аднак у кожнага ёсць перспектыва яго выкупіць. 

Такі падыход дае людзям упэўненасць у заўтрашнім дні і дазваляе гаспадарцы прыцягваць кадры з іншых рэгіёнаў, — тлумачыць Віталь Кушнер.


Надзея ЗУЕВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю