Стала ўжо добрай традыцыяй напярэдадні Дня роднай мовы абмяркоўваць у рэдакцыі «Звязды» з удзелам дасведчаных экспертаў актуальныя пытанні, якія тычацца развіцця і існавання беларускай мовы.
Гэтым разам мы сабраліся за круглым сталом, каб паразважаць, што можа дапамагчы шырэйшаму ўжыванню беларускай мовы ў нашым жыцці. Тэма нершы погляд вельмі агульная, але ў ходзе гутаркі мы выйшлі на пэўныя праблемы, канкрэтныя прыклады і цікавыя высновы.
У дыскусіі ўдзельнічалі Вячаслаў Даніловіч, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў, доктар гістарычных навук, Вольга Зелянко, прарэктар па навуковай рабоце ДУА «Акадэмія адукацыі», доктар педагагічных навук, Ігар Капылоў, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, кандыдат філалагічных навук, Алена Лапцёнак, загадчык аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі Інстытута мовазнаўства, кандыдат філалагічных навук, Вераніка Курцова, загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства, кандыдат філалагічных навук, Георгій Чахоўскі, загадчык кафедры беларускага мовазнаўства філалагічнага факультэта БДУ, кандыдат філалагічных навук, Ганна Кулеш, прафесар кафедры беларускага мовазнаўства філалагічнага факультэта БДУ, доктар філалагічных навук, Наталля Судзілоўская, начальнік упраўлення рэдакцыйна-выдавецкіх работ Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававой інфармацыі.
Ключавое азначэнне — «дзяржаўная»
«Звязда»: Тэма нашай сённяшняй размовы можа выклікаць заўвагу скептыкаў: маўляў, а навошта ўжыванне беларускай мовы пашыраць? У школе яна вывучаецца, размаўляць на ёй можа кожны дзе і колькі заўгодна. Да таго ж у нас ёсць яшчэ адна дзяржаўная мова, адна з шасці міжнародных, лексікі якой хопіць на ўсе выпадкі жыцця...
Ігар Капылоў: Так, мы нярэдка чуем падобныя скептычныя заўвагі. Але тут мы павінны зыходзіць з дзяржаўных пазіцый. А дзяржаўная пазіцыя на сёння такая: адраджэнне, захаванне духоўных каштоўнасцяў, выхаванне патрыятызму — адна з асноў суверэнітэту, жыццяздольнасці дзяржавы. Прэзідэнт гаворыць, што наша задача — зрабіць так, каб нашы дзеці і ўнукі сталі захавальнікамі культурнага кода нацыі. І адзін з найважнейшых складнікаў гэтага кода — наша мова, якая адрознівае нас ад іншых. Ці былі б сёння беларусы, калі б не беларуская мова? Мова — гэта аснова нацыянальнай самасвядомасці і станаўлення дзяржаўнасці... У нас ёсць дзяржаўная праграма «Грамадства і гуманітарная бяспека дзяржавы», і ў ёй цэлая падпраграма «Беларуская мова і літаратура», у рамках якой на працягу пяці гадоў (сёлета яна завяршаецца) выконвалася восемдзясят тэм. Усе скіраваныя на даследаванне беларускай мовы ў розных яе аспектах: сучасны стан, гісторыя, народныя гаворкі, тэрміналогія, камп’ютарная лінгвістыка і інш.
Вячаслаў Даніловіч: У свой час вельмі прыгожа і трапна сказаў аб нашых дзяржаўных мовах Прэзідэнт: калі мы хочам пазбавіцца розуму — адмовімся ад рускай мовы, калі хочам пазбавіцца душы — адмовімся ад беларускай... Так склалася гісторыя беларускага народа, так склалася фарміраванне нашай дзяржаўнасці, нашай нацыі, што ў нас ёсць двухмоўе, але гэта трэба ўспрымаць не як нейкую складанасць, а як наша багацце. На сёння гэта аб’ектыўная данасць: у нас ёсць дзве дзяржаўныя мовы, кожную з іх мы павінны ведаць. Але калі гаварыць пра беларускую нацыю, пра яе захаванне, тут трэба казаць найперш пра захаванне беларускай мовы адназначна, бо яна адзін са складнікаў, якія і робяць нас нацыяй.
«Звязда»: Што ўтойваць, у нашым грамадстве ёсць такое меркаванне: калі беларуская мова — мова душы, значыць, гэта песні, казкі, вершы... А мова навукі, мова тэхналогій, мова заканадаўства — гэта не пра яе. Навошта, калі ёсць яшчэ адна дзяржаўная, у якой добра развіта гэта тэрміналогія, якую і так усе разумеюць...
Ігар Капылоў: Цяпер наш інстытут сумесна з Нацыянальным цэнтрам заканадаўства і прававой інфармацыі ажыццяўляе пераклады з рускай мовы на беларускую дакументаў Еўразійскай эканамічнай камісіі. На сёння перакладзена больш за 1500 міжнародных дагавораў, актаў органаў Еўразійскага эканамічнага саюза. Гэта даволі складаныя тэксты. Хтосьці можа сказаць: «Навошта? Ёсць жа руская мова... Але калі ў ЕЭК ёсць дакументы на кыргызскай, казахскай, армянскай мовах, яны павінны быць на беларускай у абавязковым парадку! Гэта ні больш ні менш справа прэстыжу дзяржавы. А для нас гэта карысна тым, што мы развіваем мову, удасканальваем тэрміналогію, якая ў гэтых дакументах розная: і фізічная, і тэхнічная, і медыцынская...
«Звязда»: А большасць законаў у нас ад пачатку прымаюцца па-руску...
Вячаслаў Даніловіч: Законы прымаюцца на той з дзяржаўных моў, на якой падаюць іх распрацоўшчыкі. Мы жывём у рэчаіснасці білінгвізму, паўтаруся: так склалася наша гісторыя, руская мова сёння больш пашырана ў нашым грамадстве. Дарэчы, не ўсе законы прымаюцца па-руску, напрыклад, Кодэкс аб культуры ад пачатку падаваўся распрацоўшчыкамі на беларускай мове. Так, на беларускай мове законапраекты паступаюць радзей, чым па-руску. Але гэта адлюстроўвае тую моўную сітуацыю, якая ёсць на сёння ў нашым грамадстве. Спецыялісту прасцей рыхтаваць нарматыўныя акты на той мове, якой ён больш карыстаецца.
Ганна Кулеш: Але закон аб мовах прадугледжвае для служачых валоданне абедзвюма дзяржаўнымі мовамі на тым узроўні, які дазваляе ім выконваць свае службовыя абавязкі.
Вячаслаў Даніловіч: Калі вы звяртаецеся ў дзяржаўны орган на беларускай мове, вам павінны адказаць па-беларуску. У Акадэміі кіравання на факультэце перападрыхтоўкі чытаецца спецыяльны курс для службовых асоб па беларускай мове і яе ўжыванні. Гэта ў нас забяспечваецца. Але прымусіць спецыяліста падаваць законапраект менавіта па-беларуску немагчыма, бо ў нас замацавана ў Канстытуцыі двухмоўе... Калі мы адэкватна, у павазе да беларускай мовы, ва ўсведамленні неабходнасці яе ведаць на належным узроўні, будзем выхоўваць маладое пакаленне, несумненна, калі яны прыйдуць на дзяржаўную службу, то будуць мовай карыстацца. Тут усё пачынаецца з сям’і, са школы, з кожнага з нас.
Ганна Кулеш: Ужо больш за 20 гадоў я займаюся праблемай мовы беларускага заканадаўства. Я прачытала ўсе кодэксы ўсіх рэдакцый на беларускай і рускай мовах. Пачынаючы ад Канстытуцыі РСФСР 1918 года, якая была перакладзена ў Маскве на беларускую мову з мэтай пашырэння ідэй сацыялізму. На працягу ўсяго ХХ стагоддзя кодэксы і папраўкі да кодэксаў у савецкай Беларусі друкаваліся паралельна на беларускай і рускай мовах, прычым беларускамоўны тэкст таксама меў юрыдычную сілу. Пра гэта сведчыць выхад не толькі рускамоўных, але і беларускамоўных тэкстаў у дзяржаўных выдавецтвах, а таксама пазначэнне іх у бібліяграфічным запісе як афіцыйнага выдання.
Наталля Судзілоўская:Гэтыя пераклады ёсць і сёння, і запыт ад дзяржавы на іх ёсць. Напрыклад, распараджэннем кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта для перакладу на беларускую мову тэксту праекта змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, вынесенага на рэспубліканскі рэферэндум, была створана рабочая група. Яна літаральна ў трохдзённы тэрмін забяспечыла пераклад тэксту праекта змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, а таксама прывядзенне яе ў кантрольны стан. Па выніках гэтай работы выйшлі ў свет друкаваныя выданні Канстытуцыі на беларускай мове, выпушчаныя нашым цэнтрам (гэта Канстытуцыя на трох мовах: рускай, беларускай і англійскай), а таксама Выдавецкім домам «Звязда». У 2023 годзе цэнтр для забеспячэння правядзення выбарчай кампаніі таксама выдаў Канстытуцыю на рускай і беларускай мовах, якая ўручалася на выбарчых участках тым, хто галасаваў упершыню. Гэта зладжаная, добра скаардынаваная работа стала вынікам вопыту, набытага ў працэсе працы ў экспертным савеце па пытаннях перакладу заканадаўчых актаў на беларускую мову.
«Звязда»: Гэта работа вядзецца ўжо даволі даўно: тэма перакладу заканадаўства на беларускую мову ўзнікла падчас «Вялікай размовы з Прэзідэнтам» у сакавіку 2019 года. Тады кіраўнік дзяржавы даў даручэнне заняцца гэтым пытаннем...
Наталля Судзілоўская: ...І фактычна адразу мы ўзяліся за справу. Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававой інфармацыі распрацаваў механізм перакладу заканадаўчых актаў на беларускую мову. Пры цэнтры быў створаны экспертны савет па пытаннях перакладу заканадаўчых актаў на беларускую мову, у які ўвайшлі прадстаўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта, Нацыянальнай акадэміі навук, Палаты прадстаўнікоў, Міністэрства юстыцыі, Міністэрства культуры, у той час яшчэ Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі, Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў, галоўных устаноў вышэйшай адукацыі краіны і іншых арганізацый. Савет працуе на добраахвотнай аснове і праводзіць ацэнку якасці зробленага перакладчыкамі перакладу кодэксаў. Першым перакладзеным кодэксам стаў Кодэкс аб шлюбе і сям’і. Вопыт яго перакладу паказаў, як старанна трэба выбіраць тэрміналогію для такіх актаў. Упершыню ў заканадаўстве быў замацаваны тэрмін «сужэнцы». Напярэдадні выбараў дэпутатаў 2019 года быў перакладзены Выбарчы кодэкс, актуалізаваны ў 2023 годзе. Усяго за час работы экспертнага савета было перакладзена 20 кодэксаў, актуалізаваны Выбарчы кодэкс. Сёлета да перакладу плануецца яшчэ некалькі кодэксаў.
«Звязда»: У экспертным савеце (ведаю, бо сама ў яго ўваходжу) нярэдка вядуцца сур’ёзныя дыскусіі наконт правільнасці ўжывання таго ці іншага слова ці сказа...
Наталля Судзілоўская: Работа з заканадаўчымі дакументамі патрабуе не толькі ведаў моўных нормаў, але і цеснага супрацоўніцтва з юрыстамі. Часам адны і тыя ж паняцці ў розных нарматыўных дакументах маюць розніцу ў трактоўках. Акрамя таго, важна, каб тэрміналогія адпавядала двум асноўным прынцыпам — адназначнасці і сістэмнасці, не павінна быць сінаніміі. Падчас работы над кодэксамі таксама ўлічваюцца сучасныя тэндэнцыі, таму што мова і прававая база пастаянна развіваюцца. Менавіта таму работа ўскладняецца шэрагам фактараў. У прыватнасці, паколькі кодэксы першапачаткова ствараліся на рускай мове, перакладчыкі былі вымушаны прытрымлівацца арыгінала, каб два тэксты карэлявалі паміж сабой. Пераклад гэтых дакументаў патрабуе не толькі выдатных ведаў лексічнай сістэмы прававога акта, але і глыбокага вывучэння і навуковага аналізу яго культурных аспектаў і сувязяў, гісторыі яго стварэння.
Вераніка Курцова: Тут яшчэ справа ў маўленчай практыцы. Калі дакумент не падмацаваны маўленчай практыкай, то як мы можам гаварыць, правільна або няправільна ўжыты той ці іншы тэрмін. Атрымліваецца, мы пры перакладзе тых жа нарматыўных дакументаў займаемся толькі прапановамі таго ці іншага варыянту ўжывання. Далей справа за ўжо згаданай маўленчай практыкай, якая прымае варыянт або не. А калі маўленчай практыкі няма — справа спыняецца на ўзроўні існуючага на паперы ці на спецыяльным партале перакладу. Якім вельмі мала хто карыстаецца...
Ганна Кулеш: Яшчэ пытанне: наколькі гэтымі перакладамі можна карыстацца ў правапрымяняльнай практыцы...
Наталля Судзілоўская: Так, у дадзеным выпадку пытанне ёсць, бо, згодна з адпаведнымі нарматыўнымі дакументамі, юрыдычнай сілай валодае пераклад, здзейснены тым органам, які прымаў гэты закон. Усе пераклады на іншую мову прававога акта (як, дарэчы, і пераклад ужо згаданага Кодэкса аб культуры на рускую мову) пазначаюцца рэмаркай «Неафіцыйны пераклад».
Ганна Кулеш: Магу ў гэтым кантэксце прывесці ў прыклад Татарстан, дзе дзяржаўныя мовы дзве — татарская і руская. У іх усе нарматыўныя акты маюць аднолькавую юрыдычную сілу ў абедзвюх рэдакцыях: на рускай і на татарскай мовах. Няўжо славянская і цюркская мовы бліжэйшыя, чым дзве ўсходнеславянскія? Нават калі ў беларускім перакладзе будзе «вытворчасць па справе» («производство по делу») замест «вядзенне справы» (як павінна быць) — няўжо не будзе зразумела, пра што ідзе размова? А што гаварыць пра нейкія іншыя тонкасці? Яны адшліфуюцца ў працэсе выкарыстання. Мова развіваецца ва ўжыванні.
Наталля Судзілоўская: Але галоўнае, што гэтыя пераклады ёсць. Праўда, яны пакуль сапраўды не вельмі запатрабаваныя... Колькасць наведвальнікаў на Нацыянальным прававым партале на рускай версіі ў разы большая, чым на беларускай.
Алена Лапцёнак: Сапраўды, яшчэ ёсць нейкі ментальны бар’ер: дзе трэба беларуская мова, дзе не трэба. Вось як яго пераадолець... Неабходна павышаць прэстыжнасць беларускай мовы, даводзіць, што беларуская мова — гэта таксама мова законаў, мова сучасных тэхналогій і моды, мова бізнесу і спорту. Ведаю многа праектаў па папулярызацыі мовы.
У свой час паказы фільмаў з беларускамоўнай агучкай збіралі поўныя залы. Сёння вядомая журналістка і пісьменніца рыхтуе пераклад сваіх бестселераў на беларускую мову. І такіх прыкладаў хапае.
Вячаслаў Даніловіч: Паўтаруся: трэба пачынаць з сям’і і школы. Калі будзе ў бацькоў павага да мовы і разуменне, што яе трэба ведаць, — тады і дакументы юрыдычныя будуць запатрабаваныя, і перапіска на мове будзе весціся. Дзяржава дае неабмежаваныя магчымасці мову ведаць і вывучаць. Справа ў нас саміх.
Як вучыць, каб — ведаць?
Вераніка Курцова: Навучанне — гэта працяглае засваенне, якое вымагае яшчэ і практычнага навыку, таму школа тут не створыць ідэальны падручнік і за адну ці дзве гадзіны на тыдзень мове не навучыць.
Вячаслаў Даніловіч: Тут не падручнікі галоўнае, і не колькасць гадзін. Галоўнае — настаўнік, які выкладае. Магу прывесці ў прыклад сваю дачку, якая, скончыўшы рускамоўную школу, здала тэсціраванне па-беларуску на 100 балаў. Так, мы як бацькі давалі ёй устаноўку, што мову трэба ведаць. Але ўсё ж галоўную ролю адыграў настаўнік, які сам любіць і ведае гэту мову, які здолеў зацікавіць і навучыць. А прымусіць кагосьці вывучаць мову ці гаварыць толькі на ёй немагчыма, і гістарычны досвед гэта даказвае...
«Звязда»: А калі казаць аб самім працэсе навучання... Давялося чуць, і неаднойчы, рэпліку ад тых жа бацькоў: беларускую мову вывучаць складана, бо дзеці не валодаюць лексікай, слоўнікавым запасам, а праграма школьная, граматыка, якая вывучаецца, разлічана менавіта на носьбітаў мовы.
А якія спражэнні і скланенні, калі дзіця не ведае значэння слоў? Можа, варта пераглядаць методыкі выкладання, пачынаць вывучаць беларускую мову як замежную?
Вольга Зелянко: Ні ў якім разе гэтага нельга рабіць! Методыка навучання беларускай мове — вельмі сур’ёзная навука, якая даследуе ў тым ліку заканамернасці маўленчага развіцця дзіцяці, засваення мовы. Як толькі мы станем у Беларусі вывучаць беларускую мову як замежную, мы дапусцім вялізную педагагічную і метадычную памылку. У выкладанні замежнай мовы дзейнічаюць спецыфічыя лінгвадыдактычныя, нейралінгвістычныя, псіхалагічныя механізмы. Мне пашчасціла працаваць настаўнікам, у тым ліку ў пачатковай школе, і я ведаю сістэму моўнай адукацыі ад этапу пачатковага навучання.
У маім класе (а гэта была школа з беларускай мовай навучання) у свой час вучыўся нават маленькі кубінец, у якога спачатку, зразумела, не было ніякага беларускамоўнага слоўнікавага запасу. Аднак праз год навучання запіскі дзяўчынкам-аднакласніцам ён пісаў па-беларуску.
Георгій Чахоўскі: Вывучаць беларускую мову як замежную — гэта не тое што непажадана, гэта бессэнсоўна і дэструктыўна. Розныя алгарытмы засваення роднай мовы і замежнай. А беларуская мова — родная на генетычным узроўні. Родную мову мы вывучаем неўсвядомлена — шляхам пераймання, асабістай зацікаўленасці, праз добры прыклад. Лінгвадыдактычнай аксіёмай стала дыферэнцыяцыя методык выкладання мовы (як роднай, так і замежнай). Калі вывучэнне роднай мовы патрабуе звяртаць увагу на форму выказвання думкі, то вывучэнне замежнай мовы прадугледжвае засваенне не толькі моўнай формы, але і адпаведнага ёй сэнсавага напаўнення.
Вольга Зелянко: Стварэнне маўленчага асяроддзя — ключавая ўмова засваення любой мовы. І маўленчае асяроддзе павінна стварацца як у сям’і, так і ў школе. У такім выпадку не будзе ніякіх перашкод для натуральнага, непрымусовага засваення мовы. А набыццё лексічнага запасу — увогуле не праблема для дзяцей. У маёй практыцы быў забаўны выпадак. Маленькія дзеці вывучалі слова «бусел», знаёміліся з аднакаранёвымі словамі. Я прапанавала ім адказаць, што такое «буслянка». І другакласнікі пачалі даваць варыянты: і жонка бусла, і хата бусла, і нават суп з бусла! Уключылася вобразнае мысленне, запрацавалі словаўтваральныя мадэлі. Ці можаце вы ўявіць такое пры вывучэнні замежных моў?..
«Звязда»: Немалую ролю тут іграюць і падручнікі, і проста кнігі на беларускай мове, нават іх знешні выгляд, які павінен быць сучасным...
Ігар Капылоў: Супрацоўнікі сектара камп’ютарнай лінгвістыкі нашага інстытута ствараюць тлумачальны слоўнік для школьнікаў. Нестандартны дызайн, даволі нетрывіяльныя простыя тлумачэнні. Да канца года, спадзяёмся, гэта праца будзе завершана. Мы таксама падрыхтавалі акадэмічнае выданне «Беларуская мова ад А да Я», зробленае ў навукова-папулярным жанры. Кніга арыгінальна аформлена, утрымлівае шмат цікавых фактаў пра мову. Прынамсі, кожны, хто з ёй азнаёміцца, пераканаецца, што беларуская мова — старажытная, а не штучна створаная, багатая, са сваёй адметнай лексікай і фразеалогіяй. Упэўнены, што кожны, хто ўважліва прачытае гэту кнігу, зразумее, што з вялікім шанаваннем трэба ставіцца да нацыянальнай мовы. Любіць родную мову — значыць любіць сваю краіну.
Вольга Зелянко: Згадайце, што раней было намалявана на вокладках нашых падручнікаў па беларускай мове і літаратуры. Вясковая хата, сельскі пейзаж — фактычна адсылка да таго, што беларуская мова — гэта мова вёскі. А сёння ключавы пасыл, нават пачынаючы з вокладкі падручніка, — паказаць, што валодаць беларускай мовай — гэта модна, прэстыжна, сучасна. Сёння на вокладках школьных падручнікаў па беларускай мове — выявы помніка «Ў» у Полацку, фантана «Беларусь» на плошчы Незалежнасці ў Мінску, скульптуры «Беларусь гасцінная» каля Палаца Незалежнасці. Пра гэтыя скульптурныя кампазіцыі ў падручніках ёсць цікавыя тэксты, а заданні да іх накіраваны на развіццё функцыянальнай адукаванасці вучняў, здольнасці карыстацца беларускай мовай у штодзённым жыцці. Бацькі, якія не валодаюць методыкай навучання мове, часам пытаюць: навошта ў падручніку па мове выява табло на чыгуначным вакзале? А для таго, каб, вывучаючы лічэбнікі, дзеці набылі вопыт іх ужывання ў канкрэтных жыццёвых сітуацыях: «У які час мне трэба выехаць з Мінска, каб прыбыць у Брэст да 15 гадзін...»
Хто стварае камунікатыўнае асяроддзе?
«Звязда»: Амаль творчы працэс атрымліваецца. І ролю настаўніка тут сапраўды цяжка пераацаніць. Але ці можам мы ў дастатковай колькасці падрыхтаваць такіх настаўнікаў, калі ўлічыць, што філфак, ды яшчэ і беларускі, — не самы прэстыжны сярод абітурыентаў факультэт...
Георгій Чахоўскі: Настаўнік, сапраўды, сёння не толькі рэтранслятар вучэбнай дысцыпліны, якую ён выкладае, але і праваднік духоўнасці, праваднік ідэй, праваднік дзяржаўнага патрыятызму. Нам усім трэба правесці гуманітарную перазагрузку, каб паглядзець на вывучэнне беларускай мовы менавіта з гэтай пазіцыі...
Мне цяпер даводзіцца працаваць з першакурснікамі, і я на сёння бачу іх зацікаўленасць стаць добрымі настаўнікамі. Гэтыя студэнты размаўляюць па-беларуску не таму, што яны вывучаюць мову як абавязковую дысцыпліну, а таму, што самі адчуваюць патрэбу ў гэтым. Выкладчык беларускай мовы — гэта чалавек, які працуе над сабой на працягу ўсяго прафесійнага жыцця, — вось што мы стараемся данесці да нашых студэнтаў. Перспектывы ў нас у гэтым плане добрыя. Да нас прыходзяць студэнты матываваныя, якія хочуць вучыць дзяцей і быць сапраўднымі Настаўнікамі.
Дарэчы, у нас на філфаку вучацца і замежныя студэнты, і сярод іх назіраецца павышэнне цікавасці да вывучэння менавіта беларускай мовы...
Ганна Кулеш: А ў маёй прыктыцы быў выпадак, калі кітайскага студэнта, які захацеў вывучаць беларускую мову, нашы паднялі на смех: ты што, дурань, мы ў Беларусі мову не ведаем, а табе навошта?..
Вольга Зелянко: І чым гэта сітуацыя з вашага боку завяршылася, калі вы пра яе даведаліся? Абурэннем?
Ганна Кулеш: Не, не абурэннем. Я пагаварыла са студэнтамі, што яны прэзентуюць перад іншаземцам сваю краіну, што веданне мовы (тут нават справа не ў тым, родная яна ці не родная, матчына ці не матчына) краіны, у якой жывеш, абавязковае. Я ім сказала: не ведаць беларускай мовы — гэта непатрыятычна. Гэта іх амаль шакавала: маладыя людзі не атаясамлівалі веданне мовы і патрыятызм.
Вольга Зелянко: Вы прывялі прыклад таго, як павінен сябе паводзіць разумны, кампетэнтны настаўнік.
Вячаслаў Даніловіч: Гэта сітуацыя зноў нас адсылае да сістэмы адукацыі. Гэтых студэнтаў у свой час не навучылі ў школе правільна адносіцца да сваёй дзяржавы, да сваёй мовы. Штосьці ім не дадалі ў сям’і, але школа павінна была выправіць такое стаўленне. Сістэма адукацыі павінна быць накіравана на тое, каб выхоўваць патрыётаў. Рабіць гэта як належнае — нармальна, спакойна, канструктыўна.
Вераніка Курцова: І тут павінна быць пераемнасць. З дзіцячага садка — у школу, са школы — у ВНУ.
Вольга Зелянко: Што да пераемнасці вучэбна-метадычнага забеспячэння моўнай адукацыі, то яна ў нас рэалізавана на розных узроўнях і ступенях навучання — у адукацыйных стандартах, вучэбных праграмах, падручніках. Але калі гэтыя праграмы і падручнікі ў руках абыякавага настаўніка, непрафесіянала, то ні пераемнасці, ні перспектыўнасці, на жаль, не будзе.
Вераніка Курцова: Камунікатыўнае асяроддзе павінна быць не толькі ў школе, яно павінна быць агульным. Колькі ў нас на тэлебачанні праграм па-беларуску? А колькі ў крамах беларускамоўнага візуалу? Гэта вельмі важны фактар распаўсюджання мовы ў нашым жыцці. І той жа самы сайт, на якім будзе аднолькава графічна напісана і па-руску, і па-беларуску, будзе ўплываць на гэта камунікатыўнае асяроддзе не менш, чым добры настаўнік у школе.
Алена Лапцёнак: Гэта камунікатыўнае асяроддзе ў тым ліку павінны пашыраць і мы самі, не чакаючы, што хтосьці зробіць гэта за нас. Як прыклад. У Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі нядаўна было чытанне і абмеркаванне спектакляў. На беларускай мове. І першая фраза многіх удзельнікаў абмеркавання: «Прабачце, я дрэнна гавару па-беларуску...» Але далей людзі працягвалі казаць па-беларуску, бо на гэта іх натхняла камунікатыўнае асяроддзе, створанае ў пэўным месцы ў пэўны час.
Ігар Капылоў: У Акадэміі кіравання я працую з дарослымі людзьмі, слухачамі, якія праходзяць перападрыхтоўку. Паводле маніторынгу, які дзеля ўдасканалення навучальнага працэсу ў акадэміі праводзіцца даволі часта, ні разу слухачы не адзначылі, што мой моўны курс «Прафесійная лексіка ва ўмовах дзяржаўнага білінгвізму» не патрэбен, наадварот, адзначаюць, што мала гадзін. І гэта, заўважу, не філолагі, гэта людзі, якія працуюць у абсалютна розных сферах. Падчас нашых заняткаў яны пераходзяць на беларускую мову і даволі свабодна на ёй камунікуюць. Запыт на выкарыстанне мовы ёсць, і ён не змяншаецца.
Вольга Зелянко: Маўленчае асяроддзе ствараем мы самі. Пакуль сам чалавек не вырашыць карыстацца беларускай мовай у штодзённых зносінах, ніхто яму не скажа: «Шчыра запрашаем у наша маўленчае асяроддзе...»
Вячаслаў Даніловіч: Дзяржавай зроблена ўсё неабходнае, каб забяспечыць роўны статус беларускай і рускай моў, а пашырэнне сфер ужывання беларускай мовы залежыць ад нас з вамі, ад грамадзян Рэспублікі Беларусь, калі мы зацікаўлены ў развіцці беларускай нацыі і беларускай дзяржаўнасці.
Круглы стол правяла Алена ЛЯЎКОВІЧ
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА