Top.Mail.Ru
179

Як забяспечвалася грамадская бяспека ў навагоднія і калядныя святы

Як паведамілі ў МУС, для аховы грамадскага парадку ў святочныя дні быў рэалізаваны комплекс спецыяльных мер. Супрацоўнікі неслі службу ва ўзмоцненым рэжыме.


З 31 снежня па 1 студзеня правапарадак забяспечваўся больш чым на паўтары тысячы аб’ектаў па ўсёй краіне, асаблівая ўвага надавалася месцам правядзення масавых гулянняў і феерверкаў. Усяго мерапрыемствы наведалі больш за 200 тысяч нашых грамадзян і гасцей краіны, на асноўных пляцоўках быў арганізаваны прапускны рэжым і праводзіліся надгляды.

«У цэлым, усе задачы па ахове правапарадку выкананы. У месцах правядзення святочных мерапрыемстваў надзвычайных здарэнняў не зарэгістравана, грубых парушэнняў грамадскага парадку не было дапушчана», — адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Аляксандр КУПЧЭНЯ, выказаўшы падзяку грамадзянам за разуменне і праяўленую адказнасць.

Сваю работу ва ўзмоцненым рэжыме арганізавала і Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Паводле слоў Ягора НІКІЦЕНКІ, намесніка начальніка ўпраўлення аварыйна-ратавальных службаў і аб’ектавых падраздзяленняў галоўнага ўпраўлення аварыйна-ратавальных службаў і рэагавання на НС МНС Беларусі, на дзяжурстве ў святы было задзейнічана каля 3900 работнікаў. Іх намаганнямі на масавых мерапрыемствах як у сталіцы, так і ў рэгіёнах удалося забяспечыць неабходную пажарную бяспеку.

Тым не менш, паводле звестак МНС, у навагоднюю ноч па краіне адбылося шэсць пажараў, якія забралі адно жыццё. Па лініях «101» і «112» паступіла 299 званкоў. Усяго ж за святочны перыяд з 31 снежня па 5 студзеня ў краіне было зарэгістравана 113 пажараў, у выніку якіх загінулі 17 і пацярпелі 6 чалавек. Акрамя таго, з-за парушэнняў правілаў выкарыстання піратэхнікі траўмы атрымалі трое грамадзян. Дзіцячага траўматызму, на шчасце, удалося пазбегнуць. Далейшая запланаваная работа ведамстваў будзе накіравана на забеспячэнне бяспекі калядных мерапрыемстваў.

Аміна НАЗАРАВА

Фота: Лізавета ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю