Так, профільным ведамствам зацверджана стратэгія ў сферы абыходжання з адходамі, у якой, паводле слоў начальніка ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі Мінпрыроды Вольгі САЗОНАВАЙ, зацверджаны канкрэтныя мэтавыя паказчыкі па відах адходаў, вызначаны адказныя выканаўцы.
— Па асобных відах адходаў першыя паказчыкі будуць дасягнуты ўжо ў 2030 годзе. Напрыклад, узровень выкарыстання камунальных адходаў — каля 70 %. Па адходах вытворчасці, без уліку буйнатанажных, плануецца дасягненне ўзроўню выкарыстання парадку 90 %, — расказала спецыяліст прыродаахоўнага ведамства.
Па словах намесніка начальніка ўпраўлення каардынацыі кантрольнай дзейнасці Мінпрыроды Сцяпана ДУБНІЦКАГА, прыродаахоўнае ведамства ўзмацніла кантроль за выкананнем ліцэнзійных патрабаванняў прадпрыемствамі жыллёва-камунальнай гаспадаркі, якія эксплуатуюць аб’екты пахавання камунальных адходаў.
— Штогод найбольшая колькасць правапарушэнняў выяўляецца ў частцы невыканання заканадаўства ў галіне абыходжання з адходамі. Тыповымі парушэннямі з’яўляюцца размяшчэнне адходаў у несанкцыянаваным месцы, незабеспячэнне збору і раздзялення іх па відах, а таксама пахаванне другасных матэрыяльных рэсурсаў, — адзначыў Сцяпан Дубніцкі.
Дарэчы, парушэннямі на палігонах цвёрдых камунальных адходаў (ЦКА) у першую чаргу з’яўляецца невыкананне тэхналагічнага рэгламенту пахавання другасных матэрыяльных рэсурсаў, адсутнасць папластовага ўшчыльнення і прамежкавай ізаляцыі адходаў, сродкаў дэзінфекцыі для колаў смеццявозаў і бязладнае складаванне адходаў па ўсёй плошчы палігона. Прадпрыемствы — уласнікі палігонаў ЦКА — і службовыя асобы прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.
— Неўстараненне парушэнняў ва ўстаноўлены тэрмін — падстава для прыпынення дзеяння ліцэнзіі да шасці месяцаў. Выкананне прадпісаных мерапрыемстваў застаецца на далейшым кантролі ў ведамстве, — акцэнтаваў прадстаўнік Мінпрыроды.
І ўсё ж большая частка ўсіх выдадзеных па выніках маніторынгаў рэкамендацый і прадпісанняў выконваецца. Па выяўленых правапарушэннях у 80 % выпадкаў адміністрацыйных спраў вінаватыя асобы вызвалены ад адміністрацыйнай адказнасці з вынясеннем папярэджанняў. Штрафныя санкцыі, як правіла, прымяняюцца да вінаватых асоб, якія дапускаюць паўторныя парушэнні.
Як адзначыў Сцяпан Дубніцкі, сёлета падрыхтаваны законапраект «Аб змяненні кодэксаў па пытаннях адміністрацыйнай адказнасці», накіраваны на ўзмацненне адміністрацыйнай адказнасці за правапарушэнні, звязаныя з добраўпарадкаваннем і навядзеннем парадку на зямлі.
Падчас пасяджэння абмяркоўвалася і работа над праектам Экалагічнага кодэкса Беларусі, адным з новаўвядзенняў якога з’яўляецца тэрмін «назапашаная шкода навакольнаму асяроддзю». Ён азначае шкоду, якая ўзнікла ў выніку мінулай эканамічнай і іншай дзейнасці юрыдычнай або фізічнай асобы, абавязкі па ўстараненню якой не былі выкананы ў поўным аб’ёме. Выяўленне аб’ектаў назапашанай шкоды будзе праводзіцца пры дапамозе інвентарызацыі і абследавання тэрыторый і акваторый, на якіх калісьці праводзілася антрапагенная дзейнасць і на якіх размешчаны безгаспадарчыя аб’екты капітальнага будаўніцтва і захавання адходаў.
У ходзе мерапрыемства былі прадстаўлены тэхналогіі беспалігоннай перапрацоўкі адходаў, эфектыўныя падыходы да кіравання палігонамі ЦКА, прэзентаваны расійскі вопыт прыцягнення прамысловых адходаў у гаспадарчы абарот і іншыя пытанні абыходжання з адходамі.
Зоя САЛАЎЁВА