Top.Mail.Ru

Як выкарыстаць навуковыя распрацоўкі для развіцця турызму

Фабрыка сэнсаў

Нават цяжка пералічыць, колькі дзяржавай зроблена за апошнія гады для павелічэння турыстычнай прывабнасці нашай краіны — ад рэстаўрацыі і адраджэння помнікаў архітэктуры і культуры да падтрымкі рэгіянальных фестываляў. Але пры пераходзе да эканомікі ведаў, калі турыст едзе па адкрыцці і эмоцыі, важна ўсе гэтыя аб'екты дапоўніць прывабнымі сэнсамі. Навука магла б стаць адным з драйвераў турызму. Як па-новаму раскрыць турыстычны патэнцыял беларускіх рэгіёнаў, сфарміраваць яскравыя нацыянальныя брэнды і зрабіць нашы здабыткі яшчэ больш запатрабаванымі, гаворка вялася на Першай міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Культурная спадчына Беларусі і турызм».

Эканоміка ўражанняў

Навуковыя школы могуць быць карыснымі не толькі пры распрацоўцы новых турыстычных маршрутаў. Яны могуць займацца распрацоўкай стратэгій, прагнозаў, ацэнкай рэкрэацыйнага патэнцыялу, лічбавізацыяй, адсочваць і прасоўваць ідэі, звязаныя з новымі відамі турызму, у тым ліку шляхам вывучэння міжкраіннага вопыту. 

А дзякуючы акадэмічнаму турызму (гэта могуць быць навукова-папулярныя і асветніцкія туры, далучэнне турыстаў да экспедыцый, даследаванняў, летнія школы для моладзі) можна вырашаць пытанні, звязаныя з захаваннем і папулярызацыяй спадчыны, патрыятычным выхаваннем.

Міжнародны вопыт паказвае, што тэрыторыі, якія маюць уласныя брэнды, прывабліваюць большую колькасць турыстаў. Вядома, справа не столькі ў пазнавальнасці сімвалаў і выкарыстанні іх у якасці інструментаў навігацыі, для турыстаў. Дзякуючы ім можна даносіць каштоўнасці рэгіёнаў, іх унікальнасць, задаваць пэўныя асацыяцыі, дзелячыся якімі турысты будуць прывабліваць новых гасцей. Фальклор, традыцыі, самабытныя промыслы, рэгіянальная кухня могуць выкарыстоўвацца не толькі для брэндынгу тэрыторый, але і для стварэння сувеніраў і новых прадуктаў, што вельмі важна, калі расце попыт на сваё, беларускае. Да таго ж культурная атмасфера можа добра акупляцца. Напрыклад, у музеі людзі гатовыя больш, чым за звычайную экскурсію, заплаціць за тую, якую экскурсавод праводзіць у бальнай сукенцы або ў фраку.

Як гучаць сядзібы і палацы

Дынамічнае развіццё гісторыка-культурнага турызму ў Беларусі звязана з рэканструкцыяй архітэктурных помнікаў. Пры пошуку інавацыйных стратэгій і крэатыўных метадаў прэзентацыі гэтых аб’ектаў напрацоўкі вучоных дазволяць не толькі рэалізоўваць канцэпцыю «жывога музея», але і ствараць новыя турыстычныя прадукты. Напрыклад, задаваць унікальную атмасферу, рабіць імерсіўныя праекты дапамагае музыка. Сёння яна гучыць у замках і палацах, але, як правіла, гэта рэпертуар, не звязаны з пэўным месцам. 

Дзякуючы навуковым музейным рэканструкцыям можна якраз задаваць тыя самыя ўнікальныя брэнды, працаваць на стылістыку аб’ектаў, да таго ж — папулярызаваць музычную спадчыну. 

«Фонавае афармленне» можна ўлічваць пры праектаванні музейных экспазіцый і мультымедыйных інсталяцый, падчас выставак, імпрэз ці нават у якасці самастойнай тэмы для пэўных праектаў. У спецыяльныя тэматычныя праграмы могуць уваходзіць творы, створаныя беларускімі аўтарамі ці замежнымі майстрамі, якія маюць дачыненне да гістарычнага асяродку альбо эпохі. Напрыклад, дзякуючы даследаванням навукоўцаў можна стварыць унікальную брэндавую праграму «Што слухаў Пане Каханку». Асабліва гэта тэма актуальна для музейных комплексаў, якія функцыянуюць у старадаўніх палацах і сядзібах, дзе былі музычныя салоны і тэатры. А ў некаторых аб’ектах, дзе жылі і стваралі кампазітары (Залессе, Варацэвічы, Смілавічы), музычны складнік выступае неад’емным элементам пры прэзентацыі музейнай экспазіцыі. З Жылічамі звязаны лёс кампазітара Грунера, напісаная ім мазурка магла б стаць непасрэднай візітоўкай менавіта гэтага асяроддзя. У якасці пунктаў прыцягнення музыкай мог бы ў будучым паслужыць і пакуль неадрэстаўраваны палац у Паланэчцы. Свае музычныя брэнды можна развіваць у многіх беларускіх гарадах і мястэчках.

Па ідэі — у акадэмічны музей

Спадчыну можна і аднаўляць, як тое сталася з Музеем слуцкіх паясоў, і ўпісваць у сучасны кантэкст, інтэрпрэтаваць, на аснове яе ствараць новыя праекты, сувеніры, брэнды. І адным з такіх месцаў, куды можна прыйсці не толькі паглядзець на аўтэнтыку, але і па ідэі, з’яўляецца навуковы музей Цэнтра даследаванняў беларускай культуры мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук. Пасля рэканструкцыі ён ператварыўся ў адкрытую прастору для наведвальнікаў. Тут праводзяцца экскурсіі, прэзентацыі кніг, лекцыі, цікавыя сустрэчы. У планах — стварэнне вялікай залы, якую можна будзе задзейнічаць для выставак, канферэнцый, канцэртаў інтэрактыўных праграм. У экспазіцыі можна пабачыць унікальныя экспанаты, сабраныя 

вучонымі. Напрыклад, тут маюцца самыя вялікія ў краіне калекцыі абразоў і нацыянальных строяў. У экспазіцыі размешчаны і рэчы без слядоў карыстання, напрыклад керамічны посуд. Яшчэ ў 90-х гадах супрацоўнікі навуковай установы замаўлялі іх у носьбітаў, каб у будучым, калі раптам традыцыя згасне, па гэтых узорах яе можна было б аднавіць.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю