«Экспазіцыя музея рыхтуецца на працягу ўжо некалькіх месяцаў. І нават калі некаторыя рэчы мы не бачым непасрэдна на паверхах, з імі працуюць у майстэрнях. Робяць парадку 500 інсталяцый. Частка з іх выстаўляецца ўжо цяпер. Частка будзе выстаўляцца на працягу кастрычніка і пачатку лістапада. Акрамя таго, што ёсць выявы непасрэдна на сценах, падрыхтавана ўсё неабходнае для мультымедыйнай прэзентацыі. Я думаю, работа будзе весціся досыць шчыльна. І нельга казаць, што тут патрэбна спешка, таму што мы разумеем ступень адказнасці», — сказаў Марат Маркаў.
Паводле яго слоў, мастацкі савет вызначае, што кожны экспанат павінен быць гістарычна вывераны. Тут няма права на памылку, бо ўсё ўражанне аб экспазіцыі можа быць змазана адной элементарнай недакладнасцю.
«Ёсць натуральная рэкамендацыя Нацыянальнага гістарычнага музея, гэта значыць непасрэдна экспанаты, якія былі адабраны ім. Працэс падбору экспанатаў ідзе ў адпаведнасці з той навуковай канцэпцыяй, якая была распрацавана яшчэ паўтара года таму. Натуральна, ёсць некаторыя змены, з імі працуе мастацкі савет. Іх узгадненне прадугледжвае, што частка экспазіцыі ўжо ў працэсе можа і будзе мяняцца», — растлумачыў Марат Маркаў.
Ён падкрэсліў, што частка рэчаў, прадстаўленых на выставе «У пошуках страчанага. Вяртанне», таксама можа аказацца ў экспазіцыі Нацыянальнага музея, бо тут ёсць арыгінальныя рэчы, якія маюць непасрэднае дачыненне да гісторыі Беларусі.
«Мы толькі будзем вітаць, калі ў экспазіцыі будуць прысутнічаць рэальныя, а не спецыяльна зробленыя рэчы і не копіі. Зразумела, што адлюстраваць кожны гістарычны момант, кожную гістарычную эпоху выключна арыгінальнымі экспанатамі немагчыма. Нельга агаляць і ўсе астатнія музеі, але мы будзем спрабаваць максімальна насыціць Нацыянальны музей арыгіналамі», — дадаў ён.
Міністр культуры заклікаў паўдзельнічаць у напаўненні экспазіцыі ўсіх беларусаў, якія маюць у сваіх дамашніх калекцыях важныя рарытэты, якія могуць стаць часткай часовай або пастаяннай экспазіцыі новага Нацыянальнага музея Беларусі.