Top.Mail.Ru

Як валанцёры БРСМ дапамагаюць добраўпарадкоўваць Мінск у рамках марафону «ДАБРО.БЕЛ»

Добрыя справы пачынаюцца побач

Лета для многіх маладых людзей — гэта час адпачынку, падарожжаў і сустрэч з сябрамі. Аднак для ўдзельнікаў рэспубліканскага марафону «ДАБРО.БЕЛ» летнія месяцы сталі яшчэ і магчымасцю зрабіць карысную справу для свайго горада. У рамках акцыі «Валанцёр. ЖКГ» моладзь выходзіць на добраўпарадкаванне тэрыторый, дапамагаючы падтрымліваць чысціню і парадак. Адзін з прыкладаў такой работы — дзейнасць валанцёраў у Кастрычніцкім раёне Мінска.

Асноўны кірунак акцыі — навядзенне парадку на дваровых тэрыторыях. Маладыя людзі прыбіраюць лісце, праполваюць клумбы, выдаляюць пустазелле, падтрымліваюць належны стан зялёных зон. Такая праца не толькі змяняе гарадское асяроддзе, але і дае ўдзельнікам адчуванне асабістай адказнасці за месца, дзе яны жывуць, вучацца і праводзяць вольны час.


Адной з удзельніц марафону стала 19-гадовая Марыя БУСЕЛ, навучэнка Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў. Яна ўжо рыхтуецца да чацвёртага курса. Па словах дзяўчыны, навучанне патрабуе шмат часу і намаганняў, але менавіта творчасць робіць яго сапраўды цікавым:

— Навучанне ў нас цікавае, творчае. А творчасць — гэта рух, развіццё крэатыўнага мыслення. Бывае, што на вучобу ідзе шмат часу, але яна сапраўды захапляе. Цікава і працаваць у камандзе разам з аднакурснікамі.

Марыя расказвае, што яшчэ са школьных гадоў актыўна ўдзельнічае ў дзейнасці БРСМ, а сёлета ўпершыню далучылася да студэнцкага атрада. Больш за тое, сёння яна з’яўляецца яго камандзірам:

— Мне падабаецца рух, падабаецца дапамагаць людзям, удзельнічаць, самарэалізоўвацца і атрымліваць новы вопыт. Студэнцкі атрад дае магчымасць навучыцца працаваць у камандзе і быць кіраўніком.

На думку дзяўчыны, у атрады ідуць тыя, хто сапраўды хоча развівацца і не баіцца працы. Але асобны акцэнт яна робіць на работу ў валанцёрскіх атрадах.

— Людзі, якія пайшлі ў студэнцкі атрад, любяць працаваць. Ім падабаецца гэты рух. Цяпер мы добраўпарадкоўваем тэрыторыю Кастрычніцкага раёна ўжо ў якасці валанцёраў у рамках акцыі «ДАБРО.БЕЛ». Вельмі радасна, што ў нашай краіне ёсць такія працоўныя валанцёрскія акцыі, якія дазваляюць моладзі развівацца і прыносіць карысць, — адзначыла Марыя Бусел.

Пра тое, як арганізавана работа, расказала галоўны спецыяліст Кастрычніцкага раённага камітэта БРСМ Дар’я ПАПКО. Паводле яе слоў, моладзь вельмі актыўна адгукаецца на прапанову паўдзельнічаць у марафоне:

— Усе хлопцы і дзяўчаты вельмі актыўна ўключыліся ў працу. Летам многія ўваходзяць у склад студэнцкіх атрадаў і сапраўды хочуць дапамагчы свайму гораду і свайму раёну.


Важным партнёрам праекта выступае сістэма ЖКГ. Камунальныя службы не толькі вызначаюць участкі, дзе патрэбна дапамога валанцёраў, але і забяспечваюць іх неабходным інвентаром.

— Прадстаўнікі ЖКГ заўсёды ідуць насустрач. Яны прадастаўляюць інвентар, каардынуюць дзеянні, падказваюць, куды неабходна накіроўвацца, і пастаянна падтрымліваюць сувязь. Гэта сапраўднае супрацоўніцтва, — упэўнена Дар’я Папко.

Яна таксама адзначыла, што марафон «ДАБРО.БЕЛ» уключае не толькі добраўпарадкаванне двароў. Праект прадугледжвае і іншыя кірункі, у тым ліку акцыі па прыборцы пляжаў. Аднак цяпер асноўная ўвага ўдзельнікаў сканцэнтравана менавіта на акцыі «Валанцёр. ЖКГ».

Пра асабістую матывацыю ўдзелу расказала яшчэ адна навучэнка Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў — 17-гадовая Марыя МАХНАЧ, якая асвойвае спецыяльнасць, звязаную з арганізацыяй культурна-масавых мерапрыемстваў і кіраўніцтвам мастацкім калектывам.

Яна прызнаецца, што навучанне спалучае як прафесійныя дысцыпліны, так і агульнаадукацыйныя прадметы:

— Спачатку было складана сумяшчаць прафесійныя прадметы з фізікай і хіміяй. Але цяпер больш вывучаем тэорыю музыкі, разбіраем творы, і гэта сапраўды вельмі цікава.


Да валанцёрскай дзейнасці яна прыйшла свядома.

— Валанцёрства дапамагло мне прасцей ставіцца да жыцця і лепш разумець каштоўнасць таго, што стварылі нашы продкі і бацькі. Гэта добры паказчык неабыякавасці да навакольнага свету, — лічыць Марыя.

Пры гэтым дзяўчыну не бянтэжыць, што такая праца не аплачваецца:

— Мне падабаецца дапамагаць людзям. Хочацца верыць, што і астатнія будуць больш беражліва ставіцца да таго, што нас акружае. На маю думку, вынік такіх акцый бачны кожнаму. Прыемна знаходзіцца на вуліцы, калі там чыста, калі няма смецця, пылу і недакуркаў. Тады і жыццё ўспрымаецца зусім па-іншаму.

Марафон «ДАБРО.БЕЛ» яшчэ раз паказвае, што грамадзянская актыўнасць пачынаецца з простых учынкаў. А для ўдзельнікаў праекта гэта не толькі магчымасць зрабіць горад больш утульным, але і школа адказнасці, узаемадапамогі і работы ў камандзе. Менавіта праз такія ініцыятывы ў маладых людзей фарміруецца разуменне таго, што добраўпарадкаванне роднага горада — агульная справа, у якой важны ўклад кожнага.

Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ

Фота БРСМ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю