Top.Mail.Ru

Як улічваецца дэкрэтны водпуск пры назначэнні пенсіі?

Перыяды водпуску па доглядзе дзіцяці да трох гадоў улічваюцца ў агульны стаж, аднак не ўключаюцца ў страхавы. Пытанне, як гэтыя перыяды ўплываюць пры назначэнні пенсіі, — адно з найбольш распаўсюджаных у Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.


Пры назначэнні пенсіі перыяды водпуску (догляду дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў) уключаюцца ў агульны стаж і тым самым улічваюцца пры вылічэнні памеру пенсіі. Прытым гэтыя перыяды ўключаюцца ў стаж толькі аднаму з бацькоў або працаздольных асоб, якія ажыццяўлялі догляд. У Мінпрацы нагадалі, што з 1 студзеня 2021 года агульная працягласць улічаных у агульны стаж перыядаў догляду дзяцей ва ўзросце да трох гадоў павялічана з 9 да 12 гадоў.

Аднак для назначэння працоўнай пенсіі па ўзросце неабходны не толькі агульны стаж, але і стаж работы з выплатай страхавых узносаў у пенсіённы фонд, так званы страхавы стаж. З 2025 года неабходны мінімальны страхавы стаж складзе 20 гадоў. Перыяды водпуску (догляду дзіцяці (дзяцей) ва ўзросце да 3 гадоў) у страхавы стаж не залічваюцца.

Пры гэтым у нашай краіне патрабаванні да страхавога стажу паніжаны шматдзетным маці, якія нарадзілі пяць і больш дзяцей і выхавалі іх да 8-гадовага ўзросту. Ім дадзена права на працоўную пенсію па ўзросце са зніжэннем агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту на пяць гадоў. Пры гэтым патрабуецца пяць гадоў страхавога стажу і 15 гадоў агульнага стажу (з улікам страхавога).

Незалежна ад узросту пенсія па ўзросце назначаецца шматдзетным маці, якія нарадзілі пяць і больш дзяцей і выхавалі іх да 16-гадовага ўзросту, пры стажы работы на прадпрыемствах сельскай гаспадаркі непасрэдна ў вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі не менш як 10 гадоў (без заліку часу догляду дзяцей). Таксама шматдзетным маці, якія нарадзілі чацвярых дзяцей і выхавалі іх да 8-гадовага ўзросту, працоўная пенсія па ўзросце назначаецца па дасягненні агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту пры паніжаным страхавым стажы пяць гадоў і пры наяўнасці 20 гадоў агульнага стажу (з улікам страхавога).

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю