У любой сферы маладому спецыялісту патрэбна надзейнае плячо, настаўнік, які падтрымае, а ў сферы аховы здароўя, дзе гаворка ідзе пра здароўе і жыццё людзей, — асабліва. Каб даведацца, хто і як дапамагае маладым урачам асвоіцца ў прафесіі, ці падабаецца ім выбраны прафесійны шлях, карэспандэнты «Звязды» адправіліся ў Валожынскую цэнтральную раённую бальніцу.

— Сёлета да нас прыйшлі шаснаццаць маладых спецыялістаў: чатыры ўрачы і дванаццаць спецыялістаў з сярэдняй медыцынскай адукацыяй, — расказала галоўны ўрач Валожынскай цэнтральнай раённай бальніцы Ганна ШУРЫГІНА. — За ўсімі замацаваны куратар — спецыяліст першай кваліфікацыйнай катэгорыі, чалавек з вялікім досведам. Ён не толькі ўводзіць пачаткоўцаў у справу і дапамагае ўліцца ў калектыў, але і садзейнічае ў вырашэнні іншых, не менш важных пытанняў. Да куратара нашы маладыя ўрачы і спецыялісты могуць звярнуцца па дапамогу заўсёды, але ж і да астатніх таксама. Звычайна перыяд адаптацыі складае паўгода, па неабходнасці яго можна і падоўжыць. Мы зацікаўлены, каб моладзі было камфортна працаваць.
Для гэтага створаны ўсе ўмовы: даём месца ў інтэрнаце, ёсць магчымасць атрымаць арэнднае жыллё. Калі моладзь выбірае самастойна здымаць кватэру, ім дадаткова выплачваецца сума ў памеры трох базавых велічынь. Плюс абавязковыя даплаты.
Тыя веды, якія нельга набыць у каледжы або ва ўніверсітэце, дзяўчаты і хлопцы набываюць на працы, падзялілася Ганна Валер’еўна:
— Усё прыходзіць з вопытам! Нельга ў тэорыі навучыць узаемадзейнічаць з пацыентамі — толькі на практыцы. Людзі бываюць розныя, хтосьці — сумны, хтосьці — заклапочаны. Наша задача — дакладна аказаць дапамогу, зрабіць усё магчымае.
І, безумоўна, варта да кожнага шукаць індывідуальны падыход.
Пры гэтым, заўважыла галоўны ўрач, яго імкнуцца знайсці ў адносінах не толькі да пацыента, але і да маладога спецыяліста.
— Заўсёды вучым: трэба размаўляць адзін з адным. Нашы дасведчаныя калегі даволі строгія. Але здароўе памылак не даруе. Трэба тлумачыць і працаваць на апярэджанне, каб не было праблем.
Сама Ганна Валер’еўна родам з Брэсцкай вобласці, скончыла педыятрычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.
— Доўгі час я працавала неанатолагам. Цяпер — галоўны ўрач. У сям’і нікога са сферы аховы здароўя не было, а ў мяне да гэтай справы ляжала душа. Праца — маё «дзіця». Я тут праводжу вельмі шмат часу. Што датычыцца маладых спецыялістаў, з імі шмат узаемадзейнічаю. Некаторыя прыязджаюць сюды ў першы дзень з бацькамі — тыя перажываюць, ці будзе тут камфортна працаваць. Паверце, будзе! Настаўніцтва — не толькі пра працу, насамрэч, але і пра звычайнае жыццё. Мы заўсёды побач!
Уладзіслаў ШАКУН, урач-рэнтгенолаг, вучыўся на бюджэце ў Гомельскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце. Родам малады чалавек з Мар’інай Горкі.

— Размеркаванне ў раённую бальніцу для маладога спецыяліста — скарбніца досведу, — гаворыць малады ўрач. — Метад ацэнкі ў маёй працы — візуальна-суб’ектыўны, шмат вырашае назіральнасць. Чым больш варыяцый якой-небудзь паталогіі ты ўбачыў, тым больш кампетэнтны стаў. Здымкі рэдка трапляюцца аднолькавыя, таму мая праца прадугледжвае бесперапынны прафесійны рост.
Адказнасць за здароўе, прызнаўся малады чалавек, асабліва адчуваецца, паколькі за табой прыняцце рашэння, пастаноўка дыягназу:
— За мной ніхто не пераправярае. Перш чым аддаць пацыенту заключэнне, пераконваюся не адзін раз, што я ўсе моманты ўлічыў і ўсё зрабіў правільна. Калі пачаў працаваць самастойна, я адчуў пэўнае задавальненне. Думаў, з часам яно знікне. Але мне ўсё яшчэ цікава. Бывае, безумоўна, цяжкавата, даследаванняў шмат, але з усім спраўляюся.
Вера Сільвясюк працуе медыцынскай сястрой у хірургічным аддзяленні. Дзяўчына прызнаецца: на яе плячах — вялікая адказнасць.
- — Я з раніцы хаджу на абходы з урачамі, пазначаю ўсе іх рэкамендацыі, неабходнасць правядзення пацыенту пэўных працэдур, напрыклад камп’ютарнай тамаграфіі. А на працягу дня каардыную работу, адводжу пацыентаў, куды неабходна. Спачатку працаваць з людзьмі было складана. У мяне мама — ветэрынар. Яна, падтрымліваючы, казала так: «Я з такім таксама сутыкалася». І сапраўды, цяпер адчуваю сябе значна больш упэўнена. Я была гатова да адказнасці, разумела заўсёды, што гаворка ідзе пра жыццё чалавека. Пацыенты бываюць розныя. Некаторыя пытаюцца, калі ў мяне наступная працоўная змена, чакаюць, калі да іх прыйду. Гэта, безумоўна, прыемна.
Дзяўчына расказала пра хвалюючы выпадак, які здарыўся з ёй, калі толькі прыступіла да работы.
— Позна ўвечары паступіла жанчына, у якой быў востры апендыцыт. Я, вядома, ведала, што трэба рабіць, але крыху разгубілася. Паклікала дапамагчы медсястру, з якой разам з усім справіліся. Цяпер да працы ўжо прывыкла, але гэты выпадак запомню надоўга!
Павел САВІЦКІ працуе памочнікам урача. У яго абавязкі ўваходзіць правядзенне дыспансерызацыі.

— Мая мама працуе медыцынскай сястрой у неўралагічным аддзяленні Валожынскай ЦРБ, аднак бацькі ніякага ціску ў выбары прафесіі не аказвалі. Медыцына павінна падабацца. Што датычыцца працы, якой я цяпер займаюся, гэта цікава і хвалююча адначасова. Дыспансерызацыя накіравана на выяўленне захворванняў на ранняй стадыі, таму я вельмі адказна падыходжу да справы, уважліва слухаю кожнага пацыента. І ўсім рэкамендую, дарэчы, здаваць аналізы і клапаціцца аб сваім здароўі своечасова!
Малады чалавек у будучыні бачыць сябе ў выкладчыцкай дзейнасці, асабліва яго цікавяць анатомія і фізіялогія. Павел сёлета паступіў на завочнае аддзяленне ў Міжнародны дзяржаўны экалагічны інстытут імя А.Д. Сахарава Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
— Работа ў сферы аховы здароўя складаная, але вельмі цікавая. З гэтага шляху саступаць не збіраюся. Вы не ўяўляеце, як прыемна пачуць ад пацыента ці яго сваякоў цёплыя словы падзякі за аказаную дапамогу.
Яна ВАЛАСАЧ
Фота Лізаветы ГОЛАД